Віншуем пераможцаў Конкурсу мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы «Люстэрка слоў»!

17 красавіка 2019 г. кафедра кітайскай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь арганізавала і правяла цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы «Люстэрка слоў» сярод навучэнцаў, студэнтаў і слухачоў курсаў.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся дэкан філалагічнага факультэта І.С.Роўда, які адзначыў выключную ролю перакладаў у папулярызацыі класічнай і сучаснай кітайскай літаратуры, першы сакратар аддзела адукацыі Пасольства КНР у РБ Лі Вэньхуа, якая падкрэсліла важнасць дадзенага конкурсу, а таксама зацікаўленасць кітайскага боку ў эфектыўным развіцці партнёрскіх адносінаў у сферы адукацыі і культуры, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” С.Д.Воцінава, якая расказала аб спецыфіцы рэцэпцыі кітайскай літаратуры ў Беларусі. Паэт, публіцыст і перакладчык М.М.Мятліцкі падзяліўся са студэнтамі сакрэтамі тэхналогіі мастацкага перакладу; доктар філалагічных навук, прафесар В.П.Рагойша падкрэсліў важнае значэнне перакладаў у літаратурным працэсе дзвюх краін у ХХ-ХХI стст. Загадчык кафедры кітайскай філалогіі Хмяльніцкі М.М. адзначыў, што конкурс мастацкіх перакладаў стане традыцыйным мерапрыемствам кафедры кітайскай філалогіі.

У літаратурна-творчым спаборніцтве прынялі ўдзел больш за 20 удзельнікаў – навучэнцаў сэрэдніх і вышэйшых навучальных устаноў краіны. Аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвайшлі супрацоўнікі кафедры кітайскай філалогіі, перыядычных выданняў і творчых аб’яднанняў Беларусі, вызначыла наступных пераможцаў:  у намінацыі «Лепшы мастацкі пераклад кітайскай паэзіі на беларускую мову»  дыплом I ступені атрымаў студэнт другога курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» БДУ Баравік Мікіта Андрэевіч, дыплом II ступені – аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Казанцаў Яўген Яўгенавіч; у намінацыі «Лепшы мастацкі пераклад кітайскай паэзіі на рускую мову» дыплом I ступені атрымала студэнтка першага курса факультэта міжнародных адносінаў БДУ Тонкіх Мая Ўладзіміраўна, дыплом II ступені –  студэнтка чацвёртага курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» БДУ Чабан Аляксандра Аляксандраўна; у намінацыі «Лепшы мастацкі пераклад  кітайскай прозы на беларускую мову» дыплом I ступені атрымала студэнтка трэцяга курса факультэта кітайскай мовы і культуры МДЛУ Шчагрыковіч Таццяна Аляксееўна, дыплом II ступені – вучаніца 11 класа ДУА «Гімназія з беларускай мовай навучання №23 г.Мінска» Голуб Яна Сяргееўна, дыплом III ступені – студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» БДУ Семянчук Арына Аляксандраўна; у намінацыі «Лепшы мастацкі пераклад кітайскай прозы на рускую мову» дыплом I ступені атрымала студэнтка трэцяга курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія»  БДУ Харавец Яна Аляксандраўна, дыплом II ступені –  студэнтка трэцяга курса факультэта міжнародных адносінаў БДУ  Бышавец Ганна Сяргееўна, дыплом III ступені – студэнтка пятага курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» БДУ Дзенісёнак Святлана Валер’еўна.

Лепшыя пераклады ўдзельнікаў конкурсу мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы “Люстэрка слоў” будуць апублікаваны ў майскім нумары часопіса “Маладосць”. Пераможцы творчага спаборніцтва атрымалі каштоўныя прызы, а ўладальнікі дыпломаў першай ступені будуць ўганараваны штогадовай стыпендыяй Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Конкурс мастацкіх перакладаў з кітайскай мовы “Люстэрка слоў” прайшоў на высокім узроўні і засведчыў вылікую цікавасць да традыцыйнай і сучаснай славеснасці Кітая сярод моладзі нашай краіны.

З лепшымі перакладамі ўдзельнікаў конкурсу “Люстэрка слоў” можна азнаёміцца тут.