Міжнародны навуковы семінар ва ўніверсітэце Пасаў (Германія) – сумесны праект БДУ і ўніверсітэта Пасаў

29 – 30 сакавіка 2019 года ва ўніверсітэце Пасаў (Германія) адбыўся міжнародны навуковы семінар (workshop) “Contested Spaces and Symbolic Landscapes in Texts from the Early Modern Grand Duchy of Lithuania and its Neighbouring Regions” (“Спрэчныя прасторы і сімвалічныя ландшафты ў тэкстах з Вялікага Княства Літоўскага і памежных з ім рэгіёнаў у Ранні Новы час”), арганізаваны доктарам філалогіі Марыён Рутц (кафедра славянскіх літаратур і культур універсітэта Пасаў) і доктарам філалагічных навук, прафесарам Ж. В. Некрашэвіч-Кароткай (кафедра гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Правядзенне навуковага семінара стала магчымым дзякуючы дамове аб міжнародным супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і ўніверсітэтам Пасаў, а таксама дзякуючы фінансавай падтрымцы з боку нямецкага фонду падтрымкі навукі Fritz Thyssen Foundation. Папярэдняя дамоўленасць і арганізацыйная падрыхтоўка семінара ажыццяўлялася прафесарам Ж.В. Некрашэвіч-Кароткай падчас яе знаходжання ў навуковай камандзіроўцы ў Пасаў восенню мінулага года.

У навуковым семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі адукацыйных і навукова-даследчых устаноў васьмі краін: акрамя ўдзельнікаў з Беларусі (Мінск) і Германіі (Грайфсвальд, Пасаў, Гейдэльберг), выступалі навукоўцы з Літвы (Вільнюс), Эстоніі (Тарту), Польшчы (Кракаў), Злучаных Штатаў Амерыкі (Берклі), Аўстрыі (Вена), Швейцарыі (Берн).

Усе ўдзельнікі інтэрдысцыплінарнага навуковага семінара Пасау былі аб’яднаны цікавасцю да даследаванняў, датычных Вялікага Княства Літоўскага і памежжа, а менавіта даследаванняў сімвалічнага ландшафту спрэчных тэрыторый. Невыпадкова, што ўдзельнікамі варкшопа сталі прадстаўнікі кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (доктар філалагічных навук, прафесар Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт У. Г. Кароткі, а таксама аспірантка А. У. Давыдава і магістрантка А. С. Герус). Навукоўцы кафедры ўжо даўно і плённа распрацоўваюць праблематыку Вялікага Княства Літоўскага ў галіне літаратура- і культуразнаўчых даследаванняў.

На адкрыцці навуковага семінара арганізатары звярнуліся да ўдзельнікаў з прывітальнымі словамі і прапанавалі незвычайны парадак работы на працягу мерапрыемства. Абмеркаванне дакладаў удзельнікамі (дыскусія) прадугледжвалася не пасля кожнага даклада, а пасля кожнага тэматычнага блока. На працягу двух дзён вялася праца васьмі тэматычных груп: “Назвы і палітыка”, “Прасторы Літвы”, “Русь, Ruthenia, Russia (Alba)”, “Вандроўкі ў замежныя прасторы”, “Канцэпцыі прасторы”, “Орша на (ментальнай) карце”, “Моўныя кантакты і прасторавыя адносіны”, “Сімвалічная тапаграфія”. Арганізатары сфарміравалі тэматычныя групы такім чынам, каб кожны з прысутных меў магчымасць паўдзельнічаць у абмеркаванні выступленняў, а тэмы выступленняў выклікалі інтарэс у слухачоў. Усе выступоўцы прадстаўлялі свае даклады на англійскай ці нямецкай мове. У ходзе навуковага семінара было прачытана 18 дакладаў, у якіх дакладчыкі падзяліліся вынікамі сваіх навуковых даследаванняў.

У канцы першага дня з мэтай стварэння спрыяльнай атмасферы навуковага супрацоўніцтва і інтэграцыі інтэрнацыянальных акадэмічных суполак ўдзельнікі варкшопа былі падзелены на тры групы для абмеркавання навуковых інтарэсаў прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў розных краін.

У другі дзень працягвалася праца ў тэматычных групах, пасля якой былі падведзены вынікі міжнароднай сустрэчы. Абраныя арганізатарамі тры ўдзельнікі варкшопа (Якуб Недзведзь, Она Даўкшэне, Штэфан Штрыглер) адзначылі ўнікальнасць міжнароднага праекта, які аб’яднаў літаратуразнаўчыя і гістарыяграфічныя дыскурсы ў дачыненні да тэкстаў, прыналежных да культурнай прасторы Вялікага Княства Літоўскага, з “прасторавымі даследаваннямі”. Рэферэнты падкрэслілі таксама высокі навуковы і арганізацыйны ўзровень мерапрыемства. Усе ўдзельнікі навуковага семінара выказалі зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве. Па выніках навуковага семінара плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў на дзвюх (англійскай і нямецкай) мовах.