Навуковыя чытанні, прысвечаныя 70-годдзю з дня нараджэння прафесара Любові Адамаўны Антанюк

26 красавіка 2019 г. на філалагічным факультэце прайшлі навуковыя чытанні, прысвечаныя 70-годдзю з дня нараджэння прафесара Любові Адамаўны Антанюк. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, на якіх у розны час працавала прафесар Л.А.Антанюк.

З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў чытанняў звярнуліся загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар Мікалай Прыгодзіч і намеснік дэкана філалагічнага факультэта Павел Навойчык. Пасяджэнне працягнулі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Ігар Капылоў, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы гэтай жа ўстановы прафесар Валянціна Русак, загадчык кафедры дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь прафесар Святлана Лапіна, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка прафесар Васіль Старычонак. З вуснаў выступоўцаў удзельнікі чытанняў пачулі шчырыя ўспаміны пра Любоў Адамаўну і расказ пра зробленае ёю для беларускага мовазнаўства.

Асаблівасцю гэтых навуковых чытанняў стала тое, што ў іх прынялі ўдзел блізкія Любоў Адамаўны – муж і трое яе дзяцей з сем’ямі. Дачка, Марына Георгіеўна Антанюк-Пруто, расказала прысутным і паказала ў падрыхтаванай разам з братам прэзентацыі не вядомага мовазнаўцу прафесара Л.А.Антанюк, а звычайную жанчыну – жонку і маці. Цёплы і лёгкі настрой на чытаннях – найлепшае прызнанне і памяць пра Любоў Адамаўну.

Па выніках правядзення чытанняў у хуткім часе плануецца выданне зборніка навуковых артыкулаў.