Фальклорна-этнаграфічнае мерапрыемства «Сцяжынкамі роднай зямлі»

2 мая на філалагічным факультэце БДУ адбылося фальклорна-этнаграфічнае мерапрыемства «Сцяжынкамі роднай зямлі», якое традыцыйна ладзіцца ў другім семестры навучальнага года для студэнтаў-першакурснікаў. Сёлета яно прымеркавана да Года малой радзімы. Арганізатарамі выступілі фалькларысты кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

Пры падрыхтоўцы мерапрыемства арганізатары ставілі перад сабой тры асноўныя задачы: натхніць студэнтаў-першакурснікаў на творчае знаёмства са скарбамі беларускага фальклору, выклікаць цікавасць да нашай нацыянальнай фальклорнай спадчыны і пазнаёміць з асаблівасцямі працы фалькларыстаў.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік дэкана па навуковай рабоце П.І. Навойчык. Ён падкрэсліў важнасць справы збірання фальклору і захавання народнай культуры, узгадаў сваю фальклорную практыку, а таксама адзначыў ролю В.Дз. Ліцьвінкі ў папулярызацыі народнай творчасці. Затым выступілі стваральнікі фільма «Дзякуй, што нарадзіўся...», прысвечанага памяці вядомага фалькларыста В.Дз. Ліцьвінкі. Яны расказалі пра гісторыю стварэння фільма, пра Васіля Дзмітрыевіча, якім яго ведалі і памятаюць, пасля чаго студэнты і запрошаныя госці паглядзелі першую частку фільма.

У заключнай частцы мерапрыемства студэнтка другога курса спецыяльнасці “Беларуская філалагія” Міхаліна Бурвіна падзялілася сваім вопытам праходжання фальклорнай практыкі, адзначыла прыемныя моманты, а таксама цяжкасці, з якімі давялося сутыкнуцца пры збіранні фальклору і афармленні справаздачных матэрыялаў. Прыемным заключным момантам стала перадача ў бібліятэчную калекцыю вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору фальклорна-этнаграфічных выданняў ад гасцей мерапрыемства.