З 26 красавіка па 3 мая на філалагічным факультэце БДУ кафедра англійскага мовазнаўства праводзіла традыцыйны Тыдзень англійскай мовы

Тыдзень атрымаўся насычаным і выклікаў вялікую зацікаўленасць у студэнтаў 1 – 4 курсаў. У праграму Тыдня былі ўключаны разнастайныя пазнавальныя і ў той жа час забаўляльныя мерапрыемствы: арганізаваны круглыя сталы, прысвечаныя англійскаму і амерыканскаму этыкету, Дню нараджэння каралевы Велікабрытаніі, які святкаваўся 21 красавіка, цікавым фактам пра гісторыю і грамадства Аб’яднанага каралеўства і Аўстраліі; конкурс прэзентацый па тэме “Універсітэты свету”; усім жадаючым адчыніў свае дзверы караоке-клуб, дзе студэнты з задавальненнем спявалі англамоўныя песні, а таксама чытальня, дзе дэкламаваліся вершы пра каханне. Актыўны ўдзел у Тыдні прынялі як студэнты-беларусы, так і студэнты замежных краін. Тыдзень англійскай мовы пачаўся і скончыўся адкрытымі заняткамі з ужываннем інавацыйных форм і методык выкладання замежных моў старшых выкладчыкаў кафедры англійскага мовазнаўства М.Л. Савасцюк і Ю.А. Жукавай. На занятках былі прадстаўлены цікавыя творчыя праекты студэнтаў: відэафільмы на англійскай мове па тэмах “Жыццё беларускай моладзі”, створаныя студэнтамі 3 курса, і “Студэнт-філолаг БДУ” ад студэнтаў 2 курса рамана-германскага аддзялення.