Прэзентацыя кнігі пра А.А. Лойку

10 мая 2019 года на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі «Чалавек з сонечнаю ўсмешкай» пра Алега Антонавіча Лойку — беларускага паэта, вучонага, педагога, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, былога дэкана філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падзея гэта была доўгачаканай і таму сталася сапраўдным святам, на якое прыйшлі і прыехалі сябры, калегі, землякі і шматлікія былыя студэнты Алега Антонавіча.

Мерапрыемства распачаў і вёў прафесар Алесь Бельскі, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры.

Сардэчна прывітаў гасцей і ўдзельнікаў прэзентацыі прафесар Іван Роўда, дэкан філалагічнага факультэта. Ён адзначыў ролю А. А. Лойкі ў развіцці філфака, гаварыў пра яго як выдатнага пісьменніка і грамадзяніна.

На прэзентацыі кнігі выступілі народны мастак Беларусі Іван Міско, вядомыя беларускія пісьменнікі: ганаровы акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль Зуёнак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікола Мятліцкі, дзяржаўны дзеяч, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Анатоль Бутэвіч, дактары філалагічных навук, прафесары Святлана Мусіенка, Таццяна Дасаева, доктар філалагічных навук, прафесар Люблінскага ўніверсітэта імя М. Мары-Складоўскай Сяргей Кавалёў, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, былыя ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання «Узлёт» Кастусь Цыбульскі, Уладзімір Мазго, Сяргей Чыгрын і інш.

Прысутныя паглядзелі відэасюжэт пра А. А. Лойку. Прэзентацыю аздобіла музыка: гучаў акардэон — любімы інструмент Алега Антонавіча (саліст — навучэнец ІІ курса Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі Антон Аўчыннікаў). Бібліятэкары наладзілі выставу кніг пісьменніка «Я ўсім хачу дабра…».

Прэзентацыя кнігі ўспамінаў і артыкулаў прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, у гэты дзень усіх яднала памяць пра беларускага Паэта і Настаўніка.