Агульнаўніверсітэцкая патрыятычна-асветніцкая акцыя «Вязынка–2019» пройдзе 17 мая ў БДУ

Агульнаўніверсітэцкая патрыятычна-асветніцкая акцыя «Вязынка–2019» пройдзе 17 мая ў БДУ. Дзеянні разгорнуцца на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў в. Вязынка (Маладзечанскі р.). Пачатак у 12.00.

Штогод мерапрыемства прысвячаецца знамянальным датам айчыннай гісторыі і роднага ўніверсітэта. Сёлета яно прымеркавана да 80-годдзя філалагічнага факультэта БДУ.

Удзельнікамі акцыі стануць кіраўніцтва, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта БДУ. У якасці гасцей запрошаны прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях БДУ Чупрыс Вольга Іванаўна, прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці БДУ Чарапеннікаў Міхаіл Барысавіч, прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Янушэвіч Іван Іванавіч, дэкан факультэта журналістыкі Самусевіч Вольга Міхайлаўна, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Гігін Вадзім Францавіч, дэкан факультэта сацыякультурных камунікацый Важнік Сяргей Аляксандравіч, а таксама намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі Суша Аляксандр Аляксандравіч. Усяго ў гэты дзень Вязынка збярэ больш за 200 чалавек.

Ва ўрачыстым адкрыцці прымуць удзел дэкан філалагічнага факультэта Роўда Іван Сямёнавіч і ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Рагойша Вячаслаў Пятровіч.

У праграму ўключаны экскурсія ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і ўскладанне кветак да помніка вялікага паэта.

Традыцыйна мерапрыемства пачнецца святочным канцэртам побач з домам Янкі Купалы. Асноўныя падзеі акцыі разгорнуцца на сімвалічнай гары Парнас. Тут пройдзе спартыўна-забаўляльнае свята, у праграму якога ўвойдуць конкурсы «пенальці дэкану», перацягванне каната, пляжны валейбол, а таксама выкананне песень ля вогнішча і шмат іншага. Акрамя таго, курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі прадставяць паказальныя выступленні.