Міжнародная навуковая канферэнцыя “Кітайска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі: гісторыя і сучаснасць”

17-18 мая 2019 г. кафедра кітайскай філалогіі пры падтрымцы Кітайскага культурнага цэнтра ў Мінску арганізавала і правяла Міжнародную навуковую канферэнцыю «Кітайска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі: гісторыя і сучаснасць», у якой прынялі ўдзел больш за 50 вучоных, выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў з Рэспублікі Беларусь, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расійскай Федэрацыі.

На пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў Кітайскім культурным цэнтры, з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся намеснік прарэктара па навуковай рабоце БДУ Кутавічус В.П., які адзначыў выключную ролю кітайскага вектара адукацыі і навукова-даследчага супрацоўніцтва БДУ з універсітэтамі і ўстановамі КНР; дэкан Роўда І.С., які расказаў пра спецыфіку падрыхтоўкі кітайскіх і беларускіх студэнтаў на філалагічным факультэце; першы сакратар аддзела культуры Пасольства КНР у РБ Чжан Хунвей падкрэсліў важнасць дадзенага навуковага форума, а таксама зацікаўленасць кітайскага боку ў эфектыўнам развіцці партнёрскіх адносін у сферы культуры і кнігавыдавецтва; дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Тозік А.А., які адзначыў неабходнасць інтэграцыі намаганняў у вывучэнні кітайска-беларускіх моўных, літаратурных і культурных сувязей; дырэктар інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі Капылоў І.Л. распавёў пра дасягненні акадэмічнай лінгвістыкі ў галіне даследавання кітайска-беларускіх моўных сувязей; дырэктар інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Саверчанка І.В. падкрэсліў важнае значэнне мастацкіх перакладаў у сацыякультурнай прасторы Кітая і Беларусі.

Далейшая праца навуковай канферэнцыі працягвалася ў трох секцыях (“Кітайска-беларускія моўныя сувязі: гісторыя і сучаснасць”, “Кітайска-беларускія літаратурныя сувязі: тэорыя і практыка”, “Кітайска-беларускі культурны і адукацыйны дыялог”), выступленні ўдзельнікаў на якіх былі прысвечаны гісторыі і перспектывам дыялогу моў, літаратур, нацыянальных традыцый, культур, актуальным праблемам выкладання кітайскай мовы і літаратуры ў Беларусі і беларускай мовы – у Кітаі, міжкультурнаму дыялогу, сучаснаму стану перакладазнаўства дзвюх краін.

Вынікам плённай работы Міжнароднай канферэнцыі “Кітайска-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі: гісторыя і сучаснасць” будзе выданне зборніка навуковых прац.