I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Раманія: моўная і культурная спадчына – 2019»

16 мая 2019 г. на філалагічным факультэце прайшла I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Раманія: моўная і культурная спадчына – 2019», арганізаваная кафедрай раманскага мовазнаўства.

Канферэнцыя выклікала жывую зацікаўленасць як у айчынных раманістаў (на ёй былі прадстаўлены даклады выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў розных ВНУ Беларусі), так і замежных калег (у ёй прынялі ўдзел даследчыкі з Украіны, Славакіі, Літвы, Італіі, Бельгіі, Іспаніі). Праблемнае поле канферэнцыі ахоплівала шырокае кола пытанняў, якія тычацца перспектыўных напрамкаў сучаснай раманістыкі. У межах канферэнцыі працавалі тры секцыі, на якіх разглядаліся праблемы лінгвістыкі, літаратуразнаўства, перакладу і методыкі навучання раманскім мовам: «Кагнітыўна-дыскурсіўныя аспекты вербальнай камунікацыі: параметры, стратэгіі і тактыкі дыскурсу», «Лінгвакультуралагічныя аспекты перакладу і пытанні іспанскай, італьянскай, партугальскай і французскай літаратуры», «Лінгвакраязнаўчы і сацыякультурны кампаненты ў практыцы навучання замежным мовам». Многія даклады выклікалі ажыўленыя дыскусіі і абмен думкамі па актуальных пытаннях дадзенай галіны філалагічнай навукі. Мяркуецца, што канферэнцыя стане рэгулярнай і будзе спрыяць развіццю беларускай раманістыкі.