Прэзентацыя «Філалагічнай адукацыі»

17 кастрычніка на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя навукова-метадычнага зборніка «Філалагічная адукацыя» (№ 3). Выданне зборніка аднавілася пасля пэўнага перапынку.

На прэзентацыю сабралася рэдакцыйная калегія «Філалагічнай адукацыі», у якую ўваходяць вядомыя вучоныя-філолагі, дыдакты і метадысты: загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар М. Р. Прыгодзіч, загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры дацэнт І. У. Таяноўская, загадчык кафедры філалогіі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта дацэнт Т. М. Пучынская і інш.

На пачатку сустрэчы выступіў галоўны рэдактар зборніка загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар А. І. Бельскі, які распавёў пра канцэпцыю і стратэгію развіцця навукова-метадычнага выдання. У абмеркаванні нумара бралі ўдзел дацэнты філфака А. Л. Верабей, В. Ю. Дылеўская, С. А. Шантаровіч, дактарант Н. А. Гулак і інш.

У ходзе выступленняў закраналіся актуальныя дыдактычна-метадычныя пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў-філолагаў, праблемы інавацыйнага навучання, выкарыстання сучасных адукацыйных рэсурсаў і тэхналогій, выхавання культуры студэнтаў і інш. Вылучаны крэатыўныя ідэі і прапановы па фарміраванні зместу чарговага нумара зборніка.

У трэцім нумары змешчаны праблемныя артыкулы В. У. Праскаловіч «Інавацыйная адукацыйная прастора філолага: рэаліі і перспектывы», А. В. Руцкай, М. У. Грынько «Літаратурная адукацыя і асоба педагога (да пытання прафесіяналізацыі ў сучасных умовах)», П. П. Жаўняровіча «Марфалагічная ўнармаванасць назоўніка: рэдактарскі і адукацыйны аспекты». У раздзеле «Дыдактыка і тэхналогіі» надрукаваны артыкулы А. І. Бельскага «Актывізацыя самастойнай навукова-даследчай і творчай дзейнасці студэнтаў у кантэксце педагагічных ідэй Ф. А. Бельскага», Т. М. Пучынскай «Фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці студэнтаў на занятках па методыцы выкладання беларускай літаратуры». Запачаткавана новая рубрыка «Асоба ў адукацыі», дзе М. Р. Прыгодзіч робіць агляд творчай спадчыны прафесара В. П. Краснея, А. Э. Сабуць ушаноўвае памяць І. В. Жука — тэарэтыка, літаратуразнаўца, педагога.

Прэзентацыя паклала пачатак шэрагу мерапрыемстваў, якія ладзіць кафедра гісторыі беларускай літаратуры да юбілею філалагічнага факультэта. Наступнае мерапрыемства — прэзентацыя зборніка прац студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў «Маладая плынь».