Мерапрыемства-прэзентацыя “Унёсак кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства ў гісторыю філалагічнага факультэта”

23 кастрычніка на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя “Унёсак кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства ў гісторыю філалагічнага факультэта”, прымеркаваная да святкавання 80-годдзя філалагічнага факультэта БДУ.

Загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Т.А. Марозава пазнаёміла гасцей мерапрыемства з гісторыяй і традыцыямі кафедры, расказала пра сваіх калег і спецыфіку іх навуковай дзейнасці. Загадчык аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Ж.С. Карповіч прадставіла асноўныя выданні супрацоўнікаў кафедры з мабільнай кніжнай выставы. Сваімі ўспамінамі пра гісторыю стварэння кафедры падзяліўся прафесар, доктар філалагічных навук В.П. Рагойша, а вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі беларускага фальклору, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Р.М. Кавалёва ўзгадала цікавыя моманты ўніверсітэцкіх фальклорных экспедыцый.

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта.