Філалагічны факультэт святкуе 80-годдзе!

22 лістапада ў 14:30 з нагоды юбілею адбудзецца пашыранае пасяджэнне Савета філалагічнага факультэта, на якім рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А.Д. Кароль выступіць з прывітальным словам і ўзнагародзіць супрацоўнікаў факультэта. Аб гісторыі факультэта і яго дні сённяшнім распавядзе дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С. Роўда. Да ўдзелу ў працы Савета запрошаны выкладчыкі, студэнты, вядомыя выпускнікі, а таксама ветэраны філалагічнага факультэта.

Святкаванне працягнецца 25 лістапада капуснікам «Шлях даўжынёю ў 80 гадоў», падрыхтаваным студэнтамі сумесна з выкладчыкамі філалагічнага факультэта. У холе актавай залы ўдзельнікам і гасцям будуць прадстаўлены інсталяцыі «Кубы часу» з выкарыстаннем архіўных фотаматэрыялаў аб гісторыі факультэта.

Урачысты прыём з нагоды юбілею факультэта адбудзецца 27 лістапада. Гасцямі святочнага вечара стануць главы дыпламатычных місій, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і ВНУ-партнёраў.

Юбілейныя мерапрыемствы, якія праходзяць на філалагічным факультэце з мая 2019 года, будуць завершаны ў снежні сустрэчай ветэранаў філалагічнага факультэта, якія ўнеслі значны ўклад у яго станаўленне.

Падрыхтоўка філолагаў у БДУ ажыццяўляецца з 1921 г. – з дзён яго заснавання. Да 1931 г. спецыялістаў па мове і літаратуры рыхтавалі на этнолага-лінгвістычным аддзяленні (пазней перайменавана ў літаратурна-лінгівістычнае) педагагічнага факультэта. Як самастойнае падраздзяленне філалагічны факультэт быў створаны ў 1939 годзе. Першым дэканам факультэта быў прызначаны вядомы вучоны-лінгвіст прафесар Ц. П. Ломцеў. З 2002 г. і па сённяшні дзень дэканам факультэта з'яўляецца прафесар І.С. Роўда. Сёння ў структуру факультэта ўваходзіць 14 кафедр, 12 спецыялізаваных кабінетаў, Цэнтр інфармацыйных тэхналогій, 25 мультымедыйных аўдыторый, 6 камп'ютарных класаў і 3 лінгафонныя кабінеты. Навучанне праходзяць больш за 1500 студэнтаў, у тым ліку каля 500 замежнікаў. Вучэбны працэс забяспечваюць каля 300 супрацоўнікаў, сярод якіх 24 дактары і 102 кандыдаты навук.

Падрыхтоўка студэнтаў па шэрагу спецыяльнасцей («Класічная філалогія», «Славянская філалогія», «Усходняя філалогія») вядзецца толькі на філалагічным факультэце.

На філалагічным факультэце праходзяць навучанне студэнты з 16 краін свету. Акрамя таго, штогод на стажыроўку прыязджаюць студэнты з 15–17 краін свету.

Філалагічны факультэт ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва ў межах дамоў больш чым з 20 замежнымі ўніверсітэтамі.

У свой час на філалагічным факультэце навучаліся і працавалі 8 з 17 народных паэтаў і пісьменнікаў Беларусі: Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Іван Чыгрынаў.

На факультэце дзейнічаюць навуковыя школы прафесара Алега Антонавіча Лойкі, прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы, прафесара Ларысы Аляксандраўны Мурынай, прафесара Таццяны Іванаўны Шамякінай, прафесара Паўла Паўлавіча Шубы, прафесара Адама Яўгенавіча Супруна, прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна.