Прэзентацыя альманаха «Маладая плынь»

21 лістапада адбылася прэзентацыя навуковага і літаратурнага альманаха «Маладая плынь», прысвечаная 80-годдзю філалагічнага факультэта БДУ. Гэтае выданне — творчы плён студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і нядаўніх выпускнікоў філалагічнага факультэта.

Прэзентацыю распачаў уступным словам загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар А.І. Бельскі, ён жа галоўны рэдактар і ўкладальнік «Маладой плыні». А потым выступілі ганаровыя госці мерапрыемства, пра творчасць якіх у альманаху змешчаны артыкулы: вядомы паэт-песеннік, выпускнік філфака Кастусь Цыбульскі, паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, паэтка, перакладчыца, галоўны рэдактар часопіса «Нёман», лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, выпускніца філфака Юлія Алейчанка.

З цікавасцю студэнты і выкладчыкі слухалі выступленні аўтараў «Маладой плыні», выпускнікоў філфака кандыдата філалагічных навук, навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Таццяны Мацюхінай, паэткі, барда, супрацоўніка радыё «Energy FM» Анастасіі Гарохавік, метадыста ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама Таццяны Мойсы, настаўніцы Лебедзеўскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Таццяны Кавалеўскай.

Сярод аўтараў «Маладой плыні» — аспіранты і магістранты філфака Анастасія Давыдава, Вольга Круглова, Марыя Комлік і інш. За актыўную і плённую навукова-даследчую працу студэнты і аўтары альманаха Ілона Адамовіч, Ксенія Бранчэль, Ксенія Вярынская адзначаны граматамі кафедры гісторыі беларускай літаратуры, ім уручаны бібліятэчкі навуковай і мастацкай літаратуры.

На прэзентацыі быў анансаваны працяг праекта для студэнцкай творчай моладзі філалагічнага факультэта — распачата падрыхтоўка другога нумара альманаха. Кафедра гісторыі беларускай літаратуры запрашае да супрацоўніцтва.

Працягвае дзейнасць пры кафедры літаратурны гурток «Альтанка» (кіраўнік дацэнт І.Э. Багдановіч). Чакаем маладых аўтараў, тых, хто піша вершы, робіць спробы ў мастацкім перакладзе.