Даклад Т.І. Шамякінай "Трансфармацыя грамадскай свядомасці ў пасляваенны час у СССР"

9 снежня на філалагічным факультэце прайшоў пашыраны семінар-кансультацыя, на якім з дакладам «Трансфармацыя грамадскай свядомасці ў пасляваенны час у СССР» выступіла доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Таццяна Іванаўна Шамякіна. Грунтуючыся на сучасных даследаваннях навукоўцаў і асабістым жыццёвым досведзе, яна дала ўласную ацэнку тагачасным падзеям і грамадскай сітуацыі. Акрамя таго, Таццяна Іванаўна падзялілася са слухачамі – сярод якіх былі як студэнты, так і калегі-выкладчыкі – цікавымі ўспамінамі з жыцця культурнай эліты БССР, малавядомымі фактамі з гісторыі філалагічнага факультэта.

Семінар арганізаваны ў межах працы Кансультацыйнага цэнтра па праблемах фальклору (кіраўнік Цэнтра – доктар філалагічных навук, прафесар Т.І. Шамякіна). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі супрацоўнікі Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору і фалькларысты кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.