Экскурсія на кватэру Уладзіміра Караткевіча

17 снежня адбылася перадкалядная экскурсія студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і супрацоўнікаў філфака БДУ на кватэру класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, што месціцца ў славутым пісьменніцкім доме па вуліцы К. Маркса, 36.

Філфакаўцаў ветліва і цёпла сустракала цяперашняя гаспадыня кватэры Алена Іванаўна Сінькевіч, пляменніца У. Караткевіча. Дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры А.Л. Верабей коратка распавёў пра тое, як Уладзімір Сямёнавіч жыў і працаваў у гэтай кватэры, згадаў цікавыя факты, якія датычаць яго творчасці. Госці агледзелі рабочы кабінет пісьменніка, дзе месцяцца вялікі кніжны збор, адмысловыя рэчы, рэліквіі, фотаздымкі. На адной з паліц знаходзяцца асобнікі новага 25-томнага выдання «Збору твораў» У. Караткевіча, які рыхтуецца на кафедры гісторыі беларускай літаратуры філфака БДУ. Студэнты і магістранты пачулі адказы на пытанні, датычныя жыццёвых акалічнасцей і лёсу пісьменніка, яны мелі магчымасць зрабіць фотаздымкі на памяць.

Разам са студэнтамі і магістрантамі кабінет У. Караткевіча наведалі прафесар А.І. Бельскі, дацэнт У.Г. Кароткі, а таксама нядаўнія выпускнікі філфака БДУ.

З пачатку гэтага навучальнага года студэнты разам з выкладчыкамі наведалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і інш.