Завяршылася адкрытае дэкламаванне антычнай паэзіі «Ad Melpomenen» («Да Мельпамены»)

Замест традыцыйнага офлайн-конкурсу дэкламатараў арганізатары прапанавалі запісаць і выкласці на YouTube відэаролік з чытаннем паэтычнага ўрыўка ў адным з жанраў: «Арыгінал» (дэкламацыя арыгінальнага паэтычнага твора на лацінскай або старажытнагрэчаскай мове), «Літаратурны пераклад» (дэкламацыя літаратурнага перакладу антычнага паэтычнага твора на беларускай ці рускай мове), «Уласны пераклад», «Аўтарскі тэкст» (дэкламацыя ўласнага верша на антычную тэматыку) або «Фрыстайл» (дэкламацыя літаратурнага паэтычнага твора на антычную тэматыку).

На запрашэнне адгукнуліся амаль 20 чалавек – студэнты розных спецыяльнасцей філалагічнага факультэта БДУ і іншых ВНУ. Удзельнікі мерапрыемства з натхненнем чыталі ўрыўкі на лацінскай (Катул, Авідый, Вяргілій) і старажытнагрэчаскай мовах (Гамер), а таксама пераклады антычнай паэзіі на беларускую, рускую і балгарскую мовы.

Усе відэаролікі, дасланыя для ўдзелу ў своеасаблівым паэтычным форуме, можна ўбачыць на YouТube па хэштэгу #AdMelpomenen. Лепшыя запісы размяшчаюцца на старонках кафедры класічнай філалогіі ў Facebook (https://www.facebook.com/graecolatini) і Вконтакте (https://vk.com/classica_bsu).

Кафедра класічнай філалогіі дзякуе ўсім удзельнікам і чакае аматараў антычнай паэзіі ў наступным годзе!