УНІВЕРСІТЭЦКІ ШЛЯХ ВОЛЬГІ ВАСІЛЬЕЎНЫ КАЗЛОВАЙ

25 мая споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння Вольгі Васільеўны Казловай (1925–2009), былога загадчыка кафедры беларускай літаратуры БДУ (1972–1985 гг.), заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі, дацэнта, кандыдата філалагічных навук.

Вольга Васільеўна — дачка знакамітага кіраўніка партызанскага руху ў Беларусі, вядомага дзяржаўнага дзеяча, Героя Савецкага Саюза Baсіля Іванавіча Казлова.

Нарадзілася Вольга Васільеўна на Гомельшчыне (Жлобінскі раён). Дзяцінства яе прайшло ў вясковым асяродку. Вялікая Айчынная вайна заспела сям’ю Казловых у Мінску.

Усё свядомае жыццё Вольгі Васільеўны звязана з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, філалагічным факультэтам. Яна была ў шэрагу першых студэнтаў БДУ, якія пачалі займацца на станцыі Сходня пад Масквой у далёкім 1943 годзе. Сярод выкладчыкаў Вольгі Васільеўны і яе аднакурснікаў быў Іван Паўлавіч Мележ, будучы народны пісьменнік Беларусі, якога яна заўсёды згадвала з цеплынёй і ўдзячнасцю. У час вучобы па заданні бацькі, першага сакратара Мінскага падпольнага абкама КПБ, камандзіра Мінскага партызанскага злучэння В. І. Казлова, займалася пошукамі і наладжваннем сувязяў раскіданых вайной сем’яў партызан і падпольшчыкаў для аказання ім дапамогі Цэнтральным штабам партызанскага руху Беларусі. Вельмі цікавы і красамоўны факт у біяграфіі Вольгі Васільеўны: яна пералічыла ўсе свае студэнцкія зберажэнні – 1000 рублёў – у фонд абароны краіны на будаўніцтва звяна баявых самалётаў «Московский студент».

Пасля вызвалення Мінска разам з калектывам БДУ Вольга Казлова вярнулася ў Мінск, працягвала вучобу, працавала на аднаўленні горада. У 1948–1951 гг. вучылася ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1951 года – дацэнт, з 1972 года – загадчык кафедры беларускай літаратуры, з 1985 года – дацэнт гэтай кафедры. Узнагароджана трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі.

Вольга Васільеўна — вучаніца прафесара М. Р. Ларчанкі. Перыяд яе працы на пасадзе загадчыка кафедры быў плённы і выніковы. Яна зарэкамендавала сябе як выдатны арганізатар навукі і вучэбна-выхаваўчага працэсу. У кнізе «Філалагічны факультэт: да 70-годдзя заснавання» (2009) адзначана наступнае: «В. В. Казлова падчас кіраўніцтва кафедрай усталявала пастаянную сувязь са школамі рэспублікі, арганізоўвала сумесныя выязныя пасяджэнні з педсаветамі школ, уласнымі архіўнымі і нагляднымі матэрыяламі спрыяла адкрыццю экспазіцый Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Рэспублікі Беларусь, школьных музеяў Салігорска, Жлобіна, Барысава, Мінска. У гэтыя гады кафедра нязменна займала першыя месцы ва ўніверсітэце ў сацыялістычным спаборніцтве».

Вольга Васільеўна — даследчык, гісторык літаратуры. Многія яе працы адрасаваны ў першую чаргу студэнтам. В. В. Казлова — сааўтар кнігі «Міхась Лынькоў» (1959), падручнікаў для ВНУ «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры (1917–1940)» (1981), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры (1941–1980)» (1983), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст. (20–50-я гады)» (2000), хрэстаматыі «Беларуская літаратура. Проза 20-х гадоў» (1996), зборнікаў «Святло яго душы» (1979), «Песні беларускай валадар» (1981), «Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа і развіццё славянскіх моў і літаратур» (1982) і інш. Даследавала творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Янкі Брыля, Петруся Броўкі, Міколы Мятліцкага і інш.

У 2009 г. пабачыла свет кніга Вольгі Васільеўны «На скрыжаваннях лёсу», у якой змешчаны лепшыя літаратуразнаўчыя працы даследчыцы і біяграфічныя матэрыялы. Гэту кнігу яна яшчэ паспела патрымаць у руках.

Вольга Васільеўна захаплялася фатаграфіяй, сабрала ўнікальную калекцыю фотаздымкаў з жыцця філфака БДУ.

Апрача БДУ, В. В. Казлова чытала лекцыі ў Варшаўскім, Сафійскім імя К. Oxрыдскага, Йенскім імя Ф. Шылера ўніверсітэтах.

Дачка Васіля Іванавіча Казлова, які пасля вайны стаў старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, зрабіла шмат дзеля ўшанавання памяці бацькі. Так, яна падтрымлівала цесную сувязь з Мінскім электратэхнічным заводам, які носіць імя В. І. Казлова. «Пакаленням 1940–1960-х гг. асоба Казлова добра знаёмая дзякуючы яго асабістаму ўкладу ў арганізацыю партызанскага руху на Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны, клопатам па аднаўленні народнай гаспадаркі пасля выгнання ворага з роднай зямлі і далейшым умацаванні і росквіце Беларусі», – пісала В. В. Казлова.

Вольга Васільеўна — таленавіты педагог, яна добразычліва, з цеплынёй сэрца, спагадліва ставілася да студэнтаў, яны ў сваю чаргу плацілі ёй сваёй любоўю, павагай і ўдзячнасцю. У калектыве філалагічнага факультэта ў Вольгі Васільеўны Казловай быў заслужаны высокі аўтарытэт, з ёй заўсёды раіліся калегі, да яе думкі і меркаванняў прыслухоўваліся. Нам усім сёння не хапае яе.

Пра В. В. Казлову зняты відэафільм «Шляхамі Беларусі» (рэжысёр Т. В. Бельская).

У ВЯНОК ПАМЯЦІ

 

Рыгор Барадулін

 

ВУЛІЦА БАЦЬКІ

Вольга, дачка Васілёва,

Па Салігорску ідзе

Новай вуліцаю Казлова,

Нібыта школьніцай кагадзе.

Вуліца генерала ляснога

Брала пачатак

З патайных, лясных

Сцежак,

Дзе Перамога

Гаварыць прывыкла ўслых.

Там,

Дзе драбінка солі

Пераважвала пуды.

Як маладзела тады

Наваколле

Ад партызанскай хады!

Вуліца прэзідэнта

Рэспублікі-партызанкі

Тут,

Дзе вырывала цярплівасць дэнка

У таўстарэбрай кадзі пакут.

Маем сёння соль і да солі,

Як у газетах пішуць.

Зірні –

Вольга Казлова

Ідзе паволі

Вуліцай бацькі

У лепшыя дні.

Горад узнік,

Каб мог і мурожна,

І намалотна

Штодзень наш расці.

Гэта адказна,

Гэта трывожна –

Вуліцай бацькі

Ісці па жыцці.

Шчырніцай рупнай роднага слова,

Што не загіне нідзе,

Вольга, дачка Васілёва,

Вуліцай Васіля Казлова,

Вуліцай бацькі ідзе.

Мікола Мятліцкі

 

БОЛЬ РАДЗІМЫ

                      Вользе Васільеўне Казловай

Не табе, а радзіме баліць.

Боль яе непамерна вялікі.

Спрабавалі яе спапяліць.

Чула ў сечах варожыя гікі.

Руйнавалі – ступала-жыла,

Несла сэрца, адчаем сцятае,

Як па міннаму полю, прайшла

Праз стагоддзе дваццатае.

Колькі кінута болю пазнак –

Мінамётамі, дзідамі, стрэламі.

Ды ўваскросшая з сечаў, аднак,

Ім на згубу, з нашчадкамі стрэлася.

Глянь у неба жывое яе,

Што блакіту дасветнага поўнае, –

Жаўруком непрыкметным пяе

Памяць болю таго безназоўнага.

І схіліся парой у журбе

Над пазнакамі прошласці скутае.

Знай адно, што сягоння ў цябе

Зло планеты нацэлена лютае.

Прамаўляе драпежнае зло –

Чорнай кнігі старонкі адгортвае –

Каб радзімы ў цябе не было,

Каб ляжала ў пажарышчы мёртвая.

Кожным мігам быцця даражы –

Над радзімай злу зубы не выскаліць.

Перш у сэрцы яе зберажы, –

І яна для наступнасці выстаіць.

Болем гойным душу наталіць,

Продкаў бачачы светлыя лікі.

Не табе, а Радзіме баліць.

Боль яе непамерна вялікі.

11 верасня 2007 г.

Марыя Захарэвіч, народная артыстка Беларусі:

– Для мяне Вольга Казлова – гэта сонечнасць, ласкавасць, цеплыня і шчырасць. Гэта пявучая, меладычная беларуская мова, якую б слухаў і слухаў. Яна сваімі паэтычнымі прамовамі заўсёды кранае да слёз. Вольга Васільеўна так умее расказаць пра чалавека ці пра падзею, шчыра, з вялікім хваляваннем, знайсці такія трапныя словы, параўнанні, што зала замірае, а пасля дзякуе ёй шквалам апладысментаў.

Мы даўно жывём разам з Вольгай Васільеўнай у адным доме. Я добра памятаю яе маму, Ефрасінню Яфімаўну, якая, будучы жонкай вялікага чалавека, не саромелася выйсці з вядром і паліць дрэўцы ці папрацаваць з рыдлёўкай у руках у нашым двары на суботніку. Мы ганарыліся, што жывём у адным доме з Васілём Іванавічам Казловым, Героем Савецкага Саюза, які пры сустрэчы ніколі не забываў прывітацца, задаць якое-небудзь пытанне.

Сям’я Казловых была амаль на кожнай прэм’еры тэатра імя Янкі Купалы, і артысты атрымлівалі ад іх кветкі і віншаванні. Такое не забываецца…

Вольга Васільеўна, таксама як і яе бацькі, простая, мудрая, інтэлігентная, яе ўсё хвалюе, яна ўсім цікавіцца і ацэньвае творчыя працы як найлепшы крытык. Яна заўсёды шчыруе, аб нечым клапоціцца, арганізоўвае цікавыя сустрэчы з моладдзю.

Аляксандр Лукашанец, акадэмік, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

– Яе лекцыі заўсёды вызначаліся змястоўнасцю і шырокай эрудыцыяй, глыбінёй аналізу, канцэптуальнасцю і дакладнасцю, строгасцю падачы матэрыялу і адначасова займальнасцю, уменнем проста і цікава раскрыць складаную праблему. Асабліва хочацца адзначыць яшчэ адну рысу Вольгі Васільеўны як педагога – незвычайную абаяльнасць і добразычлівасць, нейкую асаблівую дабрыню ў вачах і лагодную ўсмешку, з якой яна заўсёды ўваходзіла ў студэнцкую аўдыторыю ці выступала перад байцамі будаўнічага атрада «Буравеснік» імя В. І. Казлова. Толькі праз шмат гадоў мы, студэнты сярэдзіны 70-х гадоў, змаглі зразумець крыніцы і вытокі гэтай спакойнай і стрыманай чалавечнасці і дабрыні. Студэнцкія гады самой Вольгі Васільеўны прыпалі на цяжкія ваенныя гады, калі наша краіна ўздымалася з руінаў і папялішчаў. Таму такімі дарэчнымі і павучальнымі былі яе ўспаміны аб уласным студэнцкім юнацтве, калі яны, напрыклад, падчас летніх канікул выязджалі з М. Ларчанкам на нарыхтоўку дроў для ўніверсітэта, і як пасля цяжкага працоўнага дня позна вечарам, каля вогнішча, з захапленнем слухалі лекцыі-апавяданні М. Ларчанкі аб станаўленні і развіцці беларускай літаратуры, аб беларускіх пісьменніках. Гэтыя эцюды-ўспаміны не толькі дапамагалі асэнсаваць і зразумець лекцыйны матэрыял, бо ўся беларуская літаратура другой паловы ХХ стагоддзя ў той ці іншай ступені авеяна падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенным жыццём Беларусі, але і мелі выключнае выхаваўчае значэнне. Яны дапамагалі па-сапраўднаму ацаніць тыя ўмовы і магчымасці для авалодання ведамі, якія мелі мы, студэнты 70-х. <…> Захапляюць яе аптымізм і бадзёрасць, уменне бачыць прыгожае, радавацца жыццю ва ўсіх яго праявах і ісці ўпоравень з часам, жаданне працаваць і быць карысным, патрэба шчодра дзяліцца ўласным вопытам. Таму хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць шаноўнай Вользе Васільеўне, таленавітаму педагогу і незвычайнаму чалавеку, за яе шматгранную і плённую працу на карысць роднай Бацькаўшчыны, за ўрокі патрыятызму і грамадзянскасці.

Ірына Саковіч, заслужаны настаўнік Беларусі:

– Не магу без пачуцця глыбокай павагі і ўдзячнасці вымаўляць імя гэтага дарагога мне чалавека. Яна ўвайшла ў маё жыццё ў 1949 годзе, калі я вучылася ў БДУ на філалагічным факультэце. Вольга Васільеўна – педагог-прафесіянал, удумлівы, чулы Настаўнік з вялікай літары. Яна чытала нам цудоўныя, змястоўныя і глыбокія лекцыі па беларускай літаратуры, пад яе кіраўніцтвам мы праходзілі практыку ў СШ № 1 г. Мінска.

Энцыклапедычнымі ведамі, эмацыянальным накалам, разнастайнымі метадычнымі прыёмамі вылучаліся заняткі. Вольга Васільеўна была не толькі настаўнікам, але і самым блізкім чалавекам, з якім мы дзяліліся і радасцю, і смуткам. Яна вучыла нас жыццю…

Усім, чаго дасягнула – ветэран педагагічнай працы, выдатнік народнай адукацыі, узнагароджана ордэнам Знак Пашаны, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, дэпутат гарсавета чатырох скліканняў – я абавязана Вользе Васільеўне.

Пасля заканчэння БДУ, ужо ў школе, В. В. Казлова была для мяне надзейным апірышчам і ўзорам у працы. Яна шмат зрабіла для адкрыцця ў нашай школе № 122 ваенна-патрыятычнага музея імя В. І. Казлова. Разам з Вольгай Васільеўнай мы з вучнямі хадзілі ў паходы па месцах баявой славы, арганізоўвалі сустрэчы з героямі Вялікай Айчыннай вайны…

7

2

3

4

5

6

7