На Еўрапейскім лаціна-грэчаскім фэстывалі ў Ліёне прагучаў Апулей на беларускай мове

Выкладчыкі і студэнты кафедры класічнай філалогіі БДУ ў другі раз прынялі ўдзел у Еўрапейскім лаціна-грэчаскім фэстывалі ў Ліёне (Францыя).

Festival Européen Latin Grec 2020 прысвечаны раману Апулея «Метамарфозы». У падрыхтаваным для фестывалю відэафільме на лацінскай і беларускай мовах (пераклад П. Бітэля) прагучалі ўрыўкі з рамана Апулея, праілюстраваныя творамі еўрапейскага мастацтва. Асобная частка фільма была прысвечана рэцэпцыі «Метамарфоз» у італьянскай, французскай, нямецкай і рускай літаратурах. Кіраўнікамі праекта выступілі загадчык кафедры класічнай філалогіі В.Г. Пракапчук і старшы выкладчык Ю.А. Сядзініна-Баркоўская, у ролі чытальнікаў – супрацоўнікі кафедры і студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія». Для студэнтаў-класікаў праца над фільмам стала адным з творчых заданняў у межах вывучэння дысцыпліны «Гісторыя рымскай літаратуры». Таксама ў гэтым годзе ў праекце прынялі ўдзел загадчык кафедры раманскага мовазнаўства А.А. Панцялеенка, магістрант кафедры замежнай літаратуры А. Шылава і студэнтка 1-га курса спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» В. Удовіна. Фільм быў створаны для Festival Européen Latin Grec 2020 дацэнтам кафедры класічнай філалогіі К.А. Тананушкам. Відэафільм здымаўся 10 сакавіка на базе кабінета грэчаскай філалогіі.

Традыцыйна фэстываль адбываецца штогод у канцы сакавіка і збірае ўдзельнікаў пяці кантынентаў, аднак у гэтым годзе эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце ўнесла свае карэктывы. Спачатку публічныя мерапрыемствы ў межах фестывалю былі перанесены на пачатак чэрвеня, а потым адменены ў сувязі з захаваннем каранціннага рэжыму. Адной з найбольш важных і маштабных падзей фэстывалю з’яўляюцца чытанні антычных тэкстаў. Чытанні  праводзяцца дыстанцыйна для шырокай аўдыторыі ўдзельнікамі фестывалю ў розных краінах. Хаця правядзенне публічных чытанняў аказалася немагчымым, арганізатары захавалі гэтае «сэрца» фэсту, адкарэктаваўшы фармат у адпаведнасці з патрабаваннямі мераў бяспекі. 5 чэрвеня на старонцы фестывалю ў сацыяльнай сетцы Facebook (https://www.facebook.com/FestivalLatinGrec) на працягу 14 гадзін у рэжыме нон-стоп размяшчаліся відэаролікі, якія даслалі ўдзельнікі з Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Венгрыі, Калумбіі, Расіі і іншых краін. Большасць відэаролікаў ўяўлялі сабой індывідуальныя чытанні невялікіх урыўкаў з рамана Апулея. Беларускі фільм быў падзелены арганізатарамі фестывалю на фрагменты, якія дэманстраваліся на працягу ўсяго дня, чаргуючыся з дэкламацыямі іншых удзельнікаў.

Festival Européen Latin Grec быў заснаваны ў 2005 годзе. Місія фестывалю – папулярызацыя антычнай культурнай спадчыны. Асноўная мэта фестывалю – падзяліцца багаццем антычнай культуры і класічных моў з як мага большай колькасцю людзей, заахвоціць моладзь вывучаць іх, а таксама ўмацаваць гуманітарныя і брацкія сувязі паміж рознымі культурамі сучаснага свету.

У цяперашні час штаб-кватэра фестывалю размяшчаецца ў г. Ліён (Францыя), у той жа час ён усталёўвае партнёрскія адносіны і са спецыялістамі-класікамі, і проста з энтузіястамі вывучэння Антычнасці ў многіх краінах. Партнёрамі фестывалю з’яўляецца мноства грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, музеяў. Кожны год тэмай фестывалю становіцца адзін з твораў Антычнасці. У публічных чытаннях прымаюць удзел прадстаўнікі буйных універсітэтаў, такіх як Оксфардскі ўніверсітэт, Франкфурцкі ўніверсітэт, Варшаўскі ўніверсітэт, Каліфарнійскі ўніверсітэт, Універсітэт Паўночнай Караліны, Нацыянальны ўніверсітэт Аўстраліі і іншыя, а таксама каледжаў, гімназій і школ.

У Festival Européen Latin Grec 2019 ўпершыню прынялі ўдзел выкладчыкі і студэнты кафедры класічнай філалогіі БДУ. У 2020 г. на гэтай буйной міжнароднай пляцоўцы зноў гучала беларуская мова, дзякуючы кафедры класічнай філалогіі, якая працягнула традыцыю чытання беларускіх перакладаў антычных аўтараў у межах фестывалю.

00001

00002