Узаемапавага і салідарнасць

Адной з галоўных місій універсітэта з’яўляецца захаванне базавых каштоўнасцей чалавецтва, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека,  – права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць; свабоду думкі, сумлення.

Філалагічны факультэт – супольнасць студэнтаў, супрацоўнікаў, выпускнікоў, заснаваная на прынцыпах талерантнасці, дыялога, салідарнасці. Вывучэнне шматлікіх моў і літаратур прывучае нас, філолагаў, успрымаць свет ва ўсёй яго разнастайнасці, паважліва ставіцца да самых нечаканых форм самавыяўлення, прымаць да ўвагі альтэрнатыўнае меркаванне.

Філалагічны факультэт як супольнасць гатовы стаяць на варце канстытуцыйных правоў кожнага студэнта і супрацоўніка.

Мы лічым, што сілавыя метады вырашэння праблем у вышэйшых навучальных установах не толькі падрываюць асновы ўніверсітэцкай адукацыі, але і ў значнай ступені зніжаюць прыцягальнасць беларускай вышэйшай школы на міжнародных адукацыйных рынках.

Мы лічым недапушчальнымі цкаванне, абразы, прыніжэнне чалавечай годнасці ў дачыненні да любога супрацоўніка філфака, універсітэта, любога жыхара краіны, незалежна ад яго жыццёвых і ідэйных перакананняў.

Мы лічым недапушчальным распраўсюджанне ў сацыяльных сетках, СМІ няспраўджанай інфармацыі пра дзейнасць факультэта, універсітэта, асобных выкладчыкаў, якая наносіць вялікую шкоду рэпутацыі нашай alma mater.

Узаемапавага, салідарнасць, еднасць дапамогуць захаваць нашую філалагічную супольнасць студэнтаў, супрацоўнікаў, выпускнікоў у гэты складаны час.