IХ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова – літаратура – культура»
15–16 кастрычніка 2020 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася ІХ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова – Літаратура – Культура», арганізаваная кафедрай беларускага мовазнаўства. Канферэнцыя была прысвечана памяці доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, выдатніка народнай асветы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі Арнольда Яфімавіча Міхневіча.
Падчас канферэнцыі працавала 6 секцый:
- аспекты моўных даследаванняў;
- беларуская тэрміналогія і тэрмінаграфія: гісторыя і сучаснасць;
- гісторыя беларускай мовы; дыялекталогія;
- беларуская літаратура: гісторыя і сучаснасць;
- нацыянальныя літаратуры ў сусветным кантэксце;
- методыка выкладання філалагічных дысцыплін.
У канферэнцыі прынялі ўдзел 75 чалавек з Беларусі і замежных краін (Расія, КНР, Чэхія, Славакія). Поруч з вопытнымі даследчыкамі ў навуковых дыскусіях выступілі і маладыя навукоўцы: аспіранты, саіскальнікі, магістранты, студэнты.
Па выніках працы канферэнцыі будзе апублікаваны зборнік матэрыялаў.