Вечар сустрэчы выпускнікоў спецыяльнасці "Руская філалогія"

27 лістапада 2020 г., у пятніцу ўвечары, кафедрай рускай літаратуры філалагічнага факультэта было праведзена асаблівае мерапрыемства, прымеркаванае да святкавання 100-годдзя БДУ, – вечар сустрэчы выпускнікоў спецыяльнасці "Руская філалогія".

Нягледзячы на дыстанцыйны фармат правядзення вечара, сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы цёплых зносін: гучалі віншаванні, добрыя пажаданні, вершы, песні. На сустрэчы сабраліся выпускнікі розных гадоў, а таксама выкладчыкі кафедры, зацікаўленыя студэнты-першакурснікі і магістранты.

Адкрыла мерапрыемства загадчыца кафедры рускай літаратуры дац. Людміла Леанідаўна Аўдзейчык: яна павіншавала ўсіх прысутных з мінулым 80-годдзем філалагічнага факультэта і з надыходзячым 100-гадовым юбілеем універсітэта, суправадзіўшы сваю прамову спецыяльна падрыхтаванай прэзентацыяй пра мінулае і сучаснасць кафедры.

Затым выступалі выпускнікі філалагічнага факультэта аддзялення "Руская філалогія". Спачатку свае вершы прачыталі беларускія паэты Вольга Маркітантава, Ксенія Галіцкая і Наста Кудасава. Сваёй творчасцю падзяліліся і выкладчыкі кафедры Вера Юр'еўна Жыбуль і Алена Міхайлаўна Лепешава. Пра тое, як шмат дае філалагічная адукацыя і як яна працягваецца за мяжой, распавяла госця з Прагі, выпускніца 2003 года Вольга Смірнова. Цёпла павіншавала ўсіх прысутных і былая загадчыца кафедры рускай літаратуры праф. Святлана Якаўлеўна Ганчарова-Грабоўская.

Асобна варта адзначыць удзел у вечары выпускніцы 1979 года, настаўніцы з 40-гадовым стажам, Тамары Уладзіміраўны Кукушкінай. Яна звярнулася да прысутных з выдатным словам пра тое, што значыць для яе руская літаратура і як гэты прадмет стаў яе лёсам і прызваннем.

Можна сказаць, што ўся сустрэча прайшла пад дэвізам "Літаратура як прызванне і лёс", што для вечара на кафедры рускай літаратуры вельмі сімвалічна.

Будзем спадзявацца, што падобныя мерапрыемствы з часам стануць добрай традыцыяй.

изображение viber 2020 11 26 21 04 43

изображение viber 2020 11 27 20 21 00