ІВАН ШАМЯКІН – “ЛЕТАПІСЕЦ ДЗВЮХ ЭПОХ”: да 100-гадовага юбілею класіка беларускай літаратуры

30 студзеня 2021 года – 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка Івана Пятровіча Шамякіна. Філалагічны факультэт не мог не адгукнуцца на знакавую дату, паколькі творчасць класіка тут вывучаецца поўна і ўсебакова. Для сайта факультэта  падрыхтавана прэзентацыя – як ніколі і нідзе поўная. Тут асветлены ўсе бакі жыцця, творчасці, асаблівасцей асобы Івана Пятровіча. Прадстаўлены фотаздымкі розных перыядаў, пачынаючы з 1930-х гадоў, з гадоў падлеткавых, затым студэнцкіх. Некалькі ваенных фотаздымкаў. Больш поўна – магчымасцей здымацца стала больш, ды і былі нагоды – паказаны фота Шамякіна 1950-х, 1960-х, 1970-х, 1980-х, 1990-х гадоў і некалькі – апошніх год (памер Іван Пятровіч 14 кастрычніка 2004 г.).

Прэзентацыя мае своеасаблівую, нязвыклую структуру, але яна дапамагае найбольш поўна распавесці пра асобу майстра. Пасля фотаздымкаў-партрэтаў пісьменніка ідуць тэматычныя раздзелы, якія дастаткова поўна прадстаўляюць Івана Пятровіча сярод родных і блізкіх, сярод калег, у тым ліку з іншых краін і рэспублік СССР, сярод чытачоў, а творчасцю Шамякіна захапляліся мільёны на працягу больш чым паўстагоддзя. І не выпадкова. Акадэмік Уладзімір Гніламёдаў назваў пісьменніка “летапісцам дзвюх эпох”. Маецца на ўвазе савецкі час і постсавецкі. Пра каго яшчэ, нават і знакамітых майстроў, можна так сказаць?

Паўстае Іван Пятровіч у прэзентацыі і як грамадскі дзеяч, і тут шмат што будзе нечаканым для наведвальнікаў сайта, бо дзейнасць пісьменніка была надзвычай шматбаковая. Змешчаны вокладкі асноўных твораў празаіка, а таксама – упершыню – вокладкі некаторых твораў Шамякіна на іншых мовах, а яго перакладалі на пяцьдзесят сем моў свету. Цікавым можа падацца і Шамякін як асоба, у сваіх захапленнях, на фоне розных ландшафтаў.

У год народнага адзінства варта далучыцца да тых каштоўнасцей, якія аб’ядноўваюць нацыю, і творчасць Шамякіна – з іх ліку.

Прэзентацыя падрыхтавана дачкой і ўнучкай Івана Шамякіна – Таццянай і Славянай Шамякінымі.