Замежная беларусістыка

Такую назву атрымала новая выдавецкая серыя, ініцыяваная кафедрай беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта. Серыя прызначана для публікацыі персанальных зборнікаў і арыгінальных прац лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, этнолагаў – усіх тых, хто зрабіў значны ўклад у развіццё розных напрамкаў беларускай гуманітарнай навукі. Выданні серыі скіраваны на павышэнне міжнароднага іміджу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ажыўленню сувязей БДУ з універсітэтамі Англіі, Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Польшчы і іншых краін і стануць важнай крыніцай вывучэння навуковага ўкладу замежных даследчыкаў пры распрацоўцы і выкладанні дысцыплін сацыяльна-гуманітарнага цыклу.

Першай кнігай у гэтай серыі стаў зборнік выбраных прац аўстрыйскага беларусіста Германа Бідэра, які амаль паўстагоддзя займаецца даследаваннем розных аспектаў гісторыі і сучаснага стану беларускай мовы. У кнізе падаецца аўтабіяграфія навукоўца, спіс беларусазнаўчых публікацый (больш за 50), каляровая ўклейка з арыгінальнымі фатаграфіямі і старонкамі рукапісу першай беларускай граматыкі Антона Луцкевіча для слухачоў настаўніцкіх курсаў у Вільні ў 1915/16 навучальным годзе.

Складальнікамі і перакладчыкамі асобных тэкстаў прац Германа Бідэра сталі загадчык кафедры нямецкай мовы ФСК дацэнт А. А. Прыгодзіч і загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар М.Р. Прыгодзіч.

Навуковым рэдактарам серыі з’яўляецца доктар філалагічных навук, прафесар І.С. Роўда.

bider