ТЫДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

З 22 па 26 лютага на філалагічным факультэце прайшоў Тыдзень беларускай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца ў свеце з 2000 года.

22 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня беларускай мовы. З вітальнымі словамі перад студэнтамі, выкладчыкамі і гасцямі факультэта выступіў дэкан філалагічнага факультэта доктар філалагічных навук прафесар Іван Сямёнавіч Роўда.

адкрыццё 1

адкрыццё 1.2

Пасля прывітальных слоў распачаў сваю працу круглы стол, праблемнае поле якога звязана з сучасным станам і перспектывамі развіцця беларускай мовы ў Беларусі і за яе межамі, а таксама адбылася прэзентацыя новай выдавецкай серыі «Замежная беларусістыка», ініцыяванай кафедрай беларускага мовазнаўства, і першага выдання серыі – зборніка выбраных прац аўстрыйскага беларусіста Германа Бідэра.

З дакладамі перад прысутнымі выступілі загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БДУ доктар філалагічных навук прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Сяргей Мікалаевіч Запрудскі, загадчык сектара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Канстанцінавіч Шчэрбін і загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат філалагічных навук дацэнт Дзмітрый Васільевіч Дзятко.

адкрыццё 1.3

адкрыццё 2

адкрыццё 3

адкрыццё 4

адкрыццё 5

Пра актуальныя даследаванні, якія вядуцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, расказала загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы дацэнт Наталля Вікенцьеўна Паляшчук.

адкрыццё 6

22 лютага прайшла інтэлектуальная камандная гульня «Слова Х», падчас якой студэнты тлумачылі словы, фразеалагізмы і нават імёны вядомых беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў з дапамогай азначэнняў і асацыяцый, не выкарыстоўваючы пры гэтым аднакаранёвых лексем. Гульня мела на мэце актуалізаваць самабытныя словы і выразы ў свядомасці студэнтаў, пашырыць іх актыўны лексічны запас і сфарміраваць асэнсаванае ўспрыманне беларускай мовы.

Гульня слова Х

23 лютага быў арганізаваны турнір-віктарына «Пуцяводнае слова», у межах якога студэнты прадэманстравалі сваю падрыхтаванасць у пяці намінацыях: “Фанетыка”, “Лексікалогія”, “Фразеалогія”, “Прыказкі і прымаўкі” і “Гісторыя беларускай мовы”. Спаборніцтва патрабавала ад удзельнікаў здольнасці да імправізацыі і хуткіх адказаў, шырокага кругагляду і эрудыцыі.

24 лютага прайшла сустрэча з удзелам Анатоля Іванавіча Бутэвіча, намесніка старшыні Беларускага фонда культуры, члена Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, дыпламата, пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, і Уладзіміра Аляксандравіча Гілепа, намесніка старшыні Беларускага фонда культуры, члена Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты».

25 лютага на філалагічны факультэт завіталі супрацоўнікі часопіса «Роднае слова»: галоўны рэдактар Наталля Мікалаеўна Шапран, рэдактар аддзела літаратуразнаўства Крысціна Мікалаеўна Пучынская, рэдактар аддзела мовазнаўства – член рэдкалегіі Ларыса Уладзіміраўна Сагановіч, рэдактар аддзела педагагічных навук (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры) Вольга Леанідаўна Крукоўская і тэхнічны рэдактар Канстанцін Лісецкі.

сустрэча з рэд Роднага слова 1

сустрэча з рэд Роднага слова 2

26 лютага прафесар І.А. Гапоненка правяла сустрэчу з кандыдатам філалагічных навук Вадзімам Аляксандравічам Шклярыкам, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, падчас якой адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Гаворкі Беларусі».

шклярык 1

шклярык 2

шклярык 3

У межах Тыдня беларускай мовы супрацоўнікі кафедры беларускага мовазнаўства арганізавалі шэраг асобных мерапрыемстваў як на філалагічным, так і на іншых факультэтах БДУ.

25 лютага прафесар Г.І.Кулеш правяла лекцыю для студэнтаў першага курса спецыяльнасці "паліталогія" юрыдычнага факультэта пра традыцыю адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы, а з гісторыяй заснавання гэтай традыцыі прысутных пазнаёміў студэнт Глеб Карчэўскі.

юрфак

25 лютага на першым курсе механіка-матэматычнага факультэта А.М. Муравіцкая правяла лекцыю-гутарку "Беларуская мова ў прасторы і часе".

Для студэнтаў другога курса спецыяльнасці “беларуская філалогія” філалагічнага факультэта прайшла куратарская гадзіна "Славутыя беларускія мовазнаўцы" (Г.К. Ціванова).

Студэнты гістфака (спецыяльнасць “Дакументазнаўства”) рыхтавалі паведамленні пра гісторыю ўзнікнення традыцыі адзначаць Дзень роднай мовы і пісалі эсэ “Моўная сітуацыя ў Беларусі: праблемы і шляхі вырашэння” (А.В. Губкіна).