ФІРАНКІ, ЗНІЧКА, БРОЎКА, ДАБРАБЫТ, АБО “СЛОВА Х”

Ужо традыцыйна ў лютым на нашым факультэце праводзіцца Тыдзень роднай мовы. У гэтым годзе для трэцякурснікаў беларускай філалогіі ён пачаўся даволі незвычайна – з займальнай гульні “Слова Х”. У своеасаблівым “Аlias” па-беларуску студэнты тлумачылі словы, фразеалагізмы і нават імёны вядомых пісьменнікаў ды грамадскіх дзеячаў з дапамогай асацыяцый, не выкарыстоўваючы пры гэтым аднакарэнныя лексемы.

Для правядзення гульні прысутныя падзяліліся на дзве каманды. На ўсё пра ўсё ў кожнай з іх была адна хвіліна, па сканчэнні якой скрынка з карткамі пераходзіла ў рукі сапернікаў. У выніку “Тутэшыя” адгадалі на 24 словы больш за “Сланечнік”. Але ўсе аднадушна вырашылі, што перамагло сяброўства.

Пасля падвядзення вынікаў Анжаліка Леанідаўна Садоўская ад імя кафедры беларускага мовазнаўства яшчэ раз павіншавала студэнтаў з Міжнародным днём роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага, а таксама пачаставала смачнымі цукеркамі.

Безумоўна, такая форма мерапрыемства аказалася цудоўнай ідэяй весела ды з карысцю распачаць Тыдзень беларускай мовы!

слова икс