ПУЦЯВОДНАЕ СЛОВА, або Ў ЛАБІРЫНТАХ РОДНАЙ МОВЫ

Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце працягваецца.

23 лютага студэнты 1 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” пад кіраўніцтвам дацэнта А.Л. Садоўскай зладзілі турнір-віктарыну “Пуцяводнае слова”. У ходзе гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва студэнты выявілі сваю падрыхтаванасць у пяці намінацыях: “Фанетыка”, “Лексікалогія”, “Фразеалогія”, “Прыказкі і прымаўкі” і “Гісторыя беларускай мовы”. Да таго ж віктарына патрабавала ад удзельнікаў здольнасці да імправізацыі і хуткіх адказаў, шырокага кругагляду і эрудыцыі.

Падарожжа па лабірынтах роднай мовы паказала, наколькі багатая і разнастайная моўная культура беларускага народа. Яна ўвасоблена ў адметных беларускіх гуках, самабытных словах і словазлучэннях, трапных фразеалагізмах, мудрых прымаўках і прыказках!

Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць нам гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць нас да маральных і эстэтычных каштоўнасцей, створаных нашым народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы, авалодаць сакрэтамі яго моватворчай дзейнасці.

У выніку каманда “Радзівіліяда” перамагла “Эстэтаў”, аднак ніхто не застаўся пакрыўджаным: усе ўдзельнікі і прысутныя атрымалі задавальненне ад спаборніцтва эрудытаў і заахвочвальныя прызы - салодкія падарункі ад кафедры беларускага мовазнаўства.

Па завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі з радасцю падзяліліся ўражаннямі. “Мне вельмі спадабалася! Пытанні і заданні былі для нас цікавымі і займальнымі. Некаторыя з іх былі зусім няцяжкімі, але і ацэньваліся мінімальным балам, а над некаторымі давялося ламаць галаву, але ж і адказы ўзнагароджваліся найвышэйшым балам! – расказала студэнтка з каманды-пераможцы Марта Дубінец. – Думаем, такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, бо яны скіраваны на згуртаванне аднагрупнікаў і, канешне, на паглыбленне нашых ведаў па роднай мове”.

Слова 1

Слова 2

Слова 3