Анлайн-канферэнцыя маладых навукоўцаў прайшла на філалагічным факультэце

12 сакавіка 2021 года на філалагічным факультэце ў анлайн-фармаце прайшла VI Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання». Канферэнцыя была арганізавана Саветам маладых навукоўцаў філалагічнага факультэта і прысвечана 100-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 70 дакладчыкаў з ВНУ і навуковых устаноў Беларусі: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Пятровіча Шамякіна, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, установы адукацыі «БІП – Універсітэт права і сацыяльных інфармацыйных тэхналогій». Канферэнцыя выклікала цікавасць у замежных калег: у ёй прынялі ўдзел маладыя філолагі з Расійскай Федэрацыі, якія прадставілі Маскоўскі дзяржаўны абласны ўніверсітэт, Нацыянальны даследчы тэхналагічны ўніверсітэт «МІСіС», Арэнбургскі дзяржаўны ўніверсітэт.

На адкрыцці канферэнцыі з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнулася намеснік дэкана па навуковай рабоце кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Васільеўна Мальцэвіч. Яна падкрэсліла важнасць захавання і развіцця традыцый навуковай камунікацыі, пажадала ўдзельнікам плённай працы, канструктыўнай дыскусіі, натхнення і добрага настрою.

Старшыня аргкамітэта канферэнцыі, загадчыца кафедры рускай мовы кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна Зуева падзякавала ўдзельнікам за цікавасць да канферэнцыі і гатоўнасць да жывога абмеркавання навуковых праблем у абраным фармаце, адзначыла, што сярод дакладчыкаў ёсць маладыя навукоўцы, якія не першы раз прымаюць удзел у гэтай канферэнцыі – ужо шостай па ліку.

На пленарным пасяджэнні, якое адбылося ў рэжыме відэаканферэнцыі, выступілі старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат філалагічных навук Кацярына Дзмітрыеўна Ганчарэнка з дакладам «Прычыны ўжывання канчаткаў -а(-я) замест -у(-ю) у назоўніках м. р. Р. скл. адз. л. у прэсе 2001–2019 гг.»; старшы выкладчык Нацыянальнага даследчага тэхналагічнага ўніверсітэта «МІСіС» (Масква) Алена Анатольеўна Калеснікава з дакладам «Структура языковой личности сквозь призму вербальных ассоциаций»; дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ кандыдат філалагічных навук, дацэнт Юлія Віктараўна Назаранказ дакладам «Тэрмінасістэма выслоўнай спадчыны Якуба Коласа»; аспірантка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Таццяна Уладзіміраўна Анікеева з дакладам «Имплицитные категориальные отношения в структуре прецедентного феномена современного художественного текста»; загадчыца кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Уладзіміраўна Зуева з дакладам «Лексическая сочетаемость терминов дидактики в текстах документов Белгосуниверситета начала 1920-х гг.».

У межах канферэнцыі працавалі восем секцый: «Тэарэтычная і функцыянальная граматыка», «Пытанні сучаснай лексікалогіі і фразеалогіі. Моўная карціна свету», «Сацыяльная лінгвістыка», «Мова і стыль мастацкай літаратуры», «Гісторыя моў і гісторыя мовазнаўства», «Узаемадзеянне моў і праблемы перакладу», «Тэорыя літаратуры. Гісторыя літаратуры. Сучасны літаратурны працэс», «Методыка выкладання мовы і літаратуры». Абмеркаванне дакладаў адбывалася праз відэасувязь і ў чатах на старонцы канферэнцыі, размешчанай на адукацыйным партале філалагічнага факультэта. Прадстаўленыя даклады носяць праблемны характар, пытанні, распрацаваныя іх аўтарамі, актуальныя для беларускай гуманітарнай навукі.

VI Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў «Мова і літаратура ў XXI стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» выявіла вялікі патэнцыял айчыннай філалагічнай навукі. Жадаем усім маладым даследчыкам рэалізаваць яго ў поўнай меры!

Па выніках канферэнцыі рыхтуецца зборнік навуковых матэрыялаў.