ЭПОХА РОЎДЫ

1 красавіка 2021 года адбылося пашыранае пасяджэнне савета філалагічнага факультэта з удзелам рэктара БДУ Андрэя Караля, першага прарэктара Дзмітрыя Мядзведзева, прарэктара па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Аксаны Здрок, на якім калектыву быў прадстаўлены новы дэкан філалагічнага факультэта – кандыдат філалагічных навук дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік.

Андрэй Кароль падзякаваў прафесару Івану Роўду за шматгадовую працу, скіраваную на рэалізацыю задач па развіцці БДУ, захаванне лепшых навуковых традыцый і падрыхтоўку некалькіх пакаленняў высокакваліфікаваных спецыялістаў, і ў пацвярджэнне сваіх слоў уручыў Івану Сямёнавічу падзячны ліст  і каштоўны падарунак. Рэктар адзначыў, што пасля прыходу ў 2002 годзе  на пасаду дэкана менавіта Іван Роўда вывеў падраздзяленне на першую пазіцыю сярод факультэтаў дадзенага профілю ў нашай краіне.

Прафесар Іван Роўда ў адказ выказаў шчырую ўдзячнасць свайму калектыву, падзякаваў калегам за сумесную шматгадовую і прадуктыўную працу, пажадаў ім здароўя, адзінства, паразумення, а ўсяму факультэту – далейшага развіцця.

Намеснікі дэкана Вольга Крычко і Мікалай Хмяльніцкі ад імя выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў філалагічнага факультэта  падзякавалі Івану Сямёнавічу, адзначылі шматграннасць і шчодрасць яго асобы, выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва і сутворчасць.

У зваротах да Івана Роўды неаднаразова ўзгадвалася слова «эпоха». Тлумачальныя слоўнікі вызначаюць яго як “працяглы перыяд з якімі-небудзь асаблівасцямі, а таксама як важны, значны перыяд жыцця”.

Эпохай Роўды мы па праву называем перыяд з 2002 па 2021 гады, калі прафесар, доктар філалагічных навук Іван Сямёнавіч Роўда ўзначальваў філалагічны факультэт. Што такое Эпоха Роўды для філалагічнага факультэта і для ўніверсітэта ў цэлым? Гэта умацаванне і інтэнсіўнае развіццё буйнога цэнтра фундаментальнай філалагічнай адукацыі ў краіне, адкрыццё новых напрамкаў і спецыяльнасцей, разнастайнае заахвочванне навуковай работы студэнтаў і выкладчыкаў, зацікаўлены водгук на новае і ўдумлівае яго ўкараненне, плённае супрацоўніцтва з амбасадамі розных краін, студэнцкі абмен, адкрыццё новых кабінетаў і класаў, ажыццяўленне мноства рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. І гэта яшчэ далёка не ўсё.

Што такое Эпоха Роўды для людзей, звязаных з філалагічным факультэтам хаця б на працягу некалькіх гадоў, – студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, запрошаных гасцей навуковых канферэнцый і бацькоў юных філолагаў? Гэта асабісты чалавечы ўдзел, глыбокае перажыванне за іншага, гатоўнасць дапамагчы ў цяжкай сітуацыі, талент знайсці дакладны адказ на самае складанае пытанне, з якім звяртаюцца.

Іван Сямёнавіч Роўда нарадзіўся 13 чэрвеня 1953 года ў горадзе Мядзелі Мінскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў 1970 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна – і з гэтага часу ўсё жыццё І. С. Роўды звязана з факультэтам і ўніверсітэтам. У 1975 г. Іван Сямёнавіч атрымаў дыплом філолага (спецыяльнасць «Беларуская і руская мова і літаратура»), а ўжо ў 1980 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Міжмоўная аманімія ва ўмовах руска-беларускага і беларуска-рускага білінгвізму», падрыхтаваную пад кіраўніцтвам прафесара П. П. Шубы. Працаваў на кафедры рускай мовы, выкладаў у беларускіх і замежных студэнтаў. У 1996 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Лексічныя лакуны і сродкі іх кампенсацыі (супастаўляльнае сістэмна-функцыянальнае даследаванне беларускай і рускай моў)». У хуткім часе  пасля абароны І. С. Роўда прыступіў да працы на пасадзе намесніка дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце і міжнародных сувязях. У 1997 годзе абраны на пасаду прафесара кафедры рускай мовы, а з 1999 г. стаў  загадчыкам кафедры рускай мовы.

29 лістапада 2002 года – дакладная дата пачатку апісанай намі эпохі. У гэты дзень прафесар Іван Сямёнавіч Роўда ўрачыста заняў пасаду дэкана філалагічнага факультэта.

Праца Івана Сямёнавіча дэканам – гэта каласальная праца чалавека, які ўсю сваю інтэлектуальную, душэўную, фізічную энергію аддае сваёй справе – развіццю факультэта і ўніверсітэта. Развіццю, абнаўленню, адпаведнасці тым сацыяльным задачам, якія стаяць перад намі сёння і якія ў сучасным свеце хутка змяняюцца. Пры жывым інтарэсе да новага Іван Сямёнавіч клапатліва захаваў тое няўлоўнае і бясцэннае, што называецца па-рознаму: «асобая атмасфера», «асобы дух факультэта» – і што дапамагае ўсім нам адчуваць адзінства і ўсведамляць пазачасавую, якая не залежыць ні ад якіх абставін, значнасць нашай агульнай працы. Працы, сутнасцю якой з’яўляецца трансляцыя культуры, увасобленай ў жывым слове, ад чалавека да чалавека.

Іван Сямёнавіч – гэта прыклад кіраўніка, які разумее, якім складана ўладкаваным, тонкім арганізмам з’яўляецца калектыў навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў, студэнтаў – асабліва філолагаў, людзей гуманітарнага складу.

Філалагічны факультэт выказвае  глыбокую і шчырую ўдзячнасць прафесару Івану Сямёнавічу Роўду, зычыць яму здароўя, сілы, натхнення і задавальнення ад далейшай працы ў Alma Mater.

PBK 6455

PBK 6478

PBK 6483

PBK 6495

PBK 6505