Сустрэча-дыялог з аўтарам новай кнігі пра У. Караткевіча

У рамках вучэбных заняткаў 30 сакавіка адбылася сустрэча-дыялог з аўтарам кнігі «Блізкае і дарагое: выбраныя артыкулы пра Уладзіміра Караткевіча» кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Анатолем Леанідавічам Вераб’ём. Кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука» (2020), навуковы рэдактар – акадэмік НАН Беларусі У.В. Гніламёдаў.

Загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Іванавіч Бельскі распачаў заняткі ў нетрадыцыйнай форме. Ён адзначыў, што педагагічная эўрыстыка актуалізуе дыялог як галоўную, вызначальную форму камунікацыі, выступіў у ролі мадэратара, коратка спыніўся на творчых дасягненнях госця-выступоўцы, вядомага даследчыка творчасці Уладзіміра Караткевіча (1930–1984).

Апошнія трыццаць гадоў навуковай і педагагічнай дзейнасці А.Л. Вераб’я звязаны з філалагічным факультэтам БДУ. Кніга «Блізкае і дарагое: выбраныя артыкулы пра Уладзіміра Караткевіча» атрымалася канцэптуальнай, змястоўнай, яна ўключае чатыры раздзелы: «Праблемы жыцця і творчасці», «Беларускі літаратурны кантэкст», «Сусветны літаратурны кантэкст», «Рэгіянальны кантэкст». Анатоль Леанідавіч ахарактарызаваў асобу і шматгранную дзейнасць У. Караткевіча, вылучыў найбольш значныя творы ў яго спадчыне, распавёў пра «свайго» Караткевіча. А потым у студэнтаў была магчымасць задаць вядомаму і кампетэнтнаму караткевічазнаўцу пытанні: «Ці этычна друкаваць лісты пісьменніка?», «Якія новыя творы Караткевіча адшуканы?» і інш.

У межах літаратурнай сустрэчы адбылася прэзентацыя 19-га тома Збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Дадзенае выданне складаецца з лістоў пісьменніка (Мінск : Мастацкая літаратура, 2020; Частка 1; падрыхтоўка тэкстаў, каментарыі А. Вераб’я, Г. Кажамякіна; рэд. тома А. Бельскі). Падрыхтоўка навукова-каментаванага выдання Збору твораў У. Караткевіча ў 25 т. здзяйсняецца на базе філалагічнага факультэта БДУ. Каардынатар праекта – А. Л. Верабей. Цяпер рыхтуецца 20-ы том, у які ўвойдзе другая частка эпісталярыю У. Караткевіча.

ScanImage1  ScanImage2

IMG 5380

IMG 5630

IMG 5644