Прафарыентацыі – прыярытэт

Кафедра гісторыі беларускай літаратуры мэтанакіравана і пастаянна праводзіць прафарыентацыйную дзейнасць. Выкладчыкі выкарыстоўваюць розныя формы прафарыентацыі – як традыцыйныя, так і ў анлайн-фармаце.

Асаблівая ўвага надаецца працы з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі, узаемадзеянню, дыялогу, супрацоўніцтву з пераможцамі алімпіяд і творчых конкурсаў, з іх настаўнікамі. Загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Іванавіч Бельскі сёлета браў удзел у Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным предмеце «Беларуская літаратура», быў старшынёй журы. Заключны этап праходзіў 24 лютага ў Нацыянальным інстытуце адукацыі дыстанцыйна. А. І. Бельскі ва ўступным слове і ў час падсумавання вынікаў конкурсу сардэчна і цёпла вітаў удзельнікаў, запрашаў іх паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасці філалагічнага профілю, гаварыў пра тое, што ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчага патэнцыялу асобы. 23 пераможцам рэспубліканскага конкурсу накіраваны віншавальныя лісты за подпісам дэкана філалагічнага факультэта БДУ.

Актыўна працуе з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі дацэнт Ларыса Анатольеўна Гедзімін. У студзені 2021 г. яна працавала ў складзе журы на ІІ (гарадскім) этапе Рэспубліканскай алімпіяды па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», дзе мела прафарыентацыйныя гутаркі з патэнцыяльнымі абітурыентамі, настаўнікамі гімназій і школ г. Мінска, адказвала на іх пытанні, заахвочвала старшакласнікаў да паступлення на філалагічны факультэт БДУ. У сакавіку дацэнт Л. А. Гедзімін рыхтавала каманду г. Мінска да ІІІ этапу (заключнага) Рэспубліканскай алімпіяды па прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Апрача гэтага, яна падтрымлівае пастаянныя кантакты з сярэднімі школамі № 28 і № 93 г. Мінска, гімназіяй № 15 г. Мінска, у якой летась выступала на першым уроку 1 верасня ў ХІ класе. Сёлета яна ладзіла індывідуальныя кансультацыі для адораных і здольных навучэнцаў, матывавала іх да выбару прафесіі. Ларыса Анатольеўна – пастаянны ўдзельнік Мінскага гарадскога фестывалю «Мой Мінск – мая сталіца – творчасці і таленту крыніца!», уваходзіць у журы конкурсу чытальнікаў твораў беларускай літаратуры «Мастацкае слова».

Дацэнт Ірына Эрнстаўна Багдановіч 24 сакавіка брала ўдзел ва ўрачыстым падвядзенні вынікаў Рэспубліканскага анлайн-конкурсу чытальнікаў «О, Беларусь, мая шыпшына», прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі. Конкурс праходзіў з 1 кастрычніка па 15 лістапада 2020 г. У ім прынялі ўдзел 880 чалавек з усёй Беларусі, а таксама з-за мяжы. Удзельнікі, а гэта пераважна былі вучні сярэдніх і старшых класаў, дасылалі відэаролік чытання выбранага імі верша У. Дубоўкі. Дацэнт кафедры і паэтка І. Э. Багдановіч уваходзіла ў склад журы. Цырымонія падвядзення вынікаў адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У ёй узялі ўдзел блізу 80 чалавек – пераможцы ў розных намінацыях. Старшакласнікі прыехалі на ўрачыстасць з розных рэгіёнаў разам са сваімі настаўнікамі. У ходзе свайго выступлення Ірына Эрнстаўна зрабіла акцэнт на прафарыентацыю, запрасіўшы пераможцаў конкурсу, у першую чаргу сёлетніх выпускнікоў, на філалагічны факультэт, дзе ў іх будуць усе ўмовы для плённага паглыбленага вывучэння творчасці У. Дубоўкі і ўсёй беларускай літаратуры, дзе яны змогуць развіваць свае творчыя здольнасці і стаць прафесійнымі філолагамі. Гэта выклікала жывую цікавасць і рэзананс: некаторыя з выступоўцаў потым таксама апелявалі да запрашэння дацэнта І. Багдановіч і раілі старшакласнікам ім скарыстацца.

Кафедра ў бліжэйшы час плануе правесці прафарыентацыю ва ўстановах адукацыі не толькі Мінска, але і за межамі сталіцы. Прафесар А. І. Бельскі штогод прыязджае на родную Капыльшчыну, дзе ў сваёй прафарыентацыйнай дзейнасці абапіраецца на дапамогу настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 імя Героя Савецкага Саюза М. В. Рамашкі, выпускніцы філфака БДУ Людмілы Уладзіміраўны Лазоўскай, дырэктара Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людмілы Іосіфаўны Ніжэвіч (у гэтым музеі для наведвальнікаў аформлены куток з інфармацыйных буклетаў пра філфак БДУ, газеты «Універсітэт» і інш.). Дацэнт Л. А. Гедзімін традыцыйна выступае ў Барунскай сярэдняй школе Ашмянскага раёна (дарэчы, на 2 курсе спецыяльнасці «Беларуская філалогія» ўжо вучацца тры выпускніцы гэтай установы), дацэнт І. І. Шматкова плануе сустрэчу з выпускнікамі Сваткаўскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна і інш.

Бельскі4

Бельскі1

НАНБ

Гедзімін1

Гедзімін

005.

040.