“Усеўкраінскі дыктант еднасці”

9 лістапада па запрашэнні пасла Украіны Кізіма І.Ю. у напісанні “Усеўкраінскага дыктанта еднасці”, прымеркаванага да Дня ўкраінскай пісьменнасці і мовы, прынялі ўдзел намеснік дэкана Навойчык П.І., выкладчык украінскай мовы дацэнт Валатоўская Н.А. і студэнты 3 курса спецыяльнасці “славянская (украінская) і беларуская філалогія”. Упершыню напісанне дыктанта на тэрыторыі Украіны ініцыявала ўкраінскае радыё ў 2000 годзе, а сёння, дзякуючы інтэрнэту і тэлебачанню, ён транслюецца ва ўсе краіны свету праз YouTube-канал.

Разам са студэнтамі філалагічнага факультэта дыктант пісалі пасол Украіны Кізім І.Ю., а таксама прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Беларусі. Па завяршэнні дыктанта пасол уручыў беларускім студэнтам альманах, прысвечаны жыццю і творчасці славутага песняра Украіны Тараса Шаўчэнкі, былі зроблены памятныя здымкі ля помніка Кабзару.

 

Адзіны дзень інфармавання

18 кастрычніка 2018 г. на філалагічным факультэце прайшоў Адзіны дзень інфармавання на тэму

«Традыцыі беларускага народа: шлях праз стагоддзі. Захаванне і развіццё нацыянальнай культуры ў Рэспубліцы Беларусь»

З дакладам па матэрыялах Адзінага дня інфармавання выступіла старшы выкладчык кафедры тэорыі літаратуры С.І. Крылова. У сваім выступленні С.І. Крылова спынілася на ключавых напрамках палітыкі Беларусі ў сферы культуры, звярнула асаблівую ўвагу на мэты Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016 ˗ 2020 гг. У дакладзе была звернута ўвага на статус беларускай мовы, асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі развіцця культуры Беларусі і рэалізацыю культурных праектаў у межах Рэспубліканскай праграмы мерапрыемстваў пад знакам Года малой радзімы.

Падчас Адзінага дня инфармавання адбылася сустрэча калектыву з начальнікам Галоўнага ўпраўлення планавання, эканомікі і інвестыцыйнай дзейнасці БДУ М.К. Тарасевіч. Яна адказала на пытанні, якія тычацца фінансава-эканамічнага планавання дзейнасці філалагічнага факультэта БДУ.

V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”

Савет маладых навукоўцаў філалагічнага факультэта запрашае прыняць удзел у V Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”.

Дата правядзення – 22 сакавіка 2019 г.

З інфармацыйным лістом можна азнаёміцца тут.

Шчыра чакаем усіх зацікаўленых!

Сустрэча з даследчыкам Бібліі Скотам Кэралам

19 кастрычніка кафедрай класічнай філалогіі была арганізавана сустрэча з даследчыкам старажытных рукапісаў Скотам Кэралам. Скот Кэрал – доктар філасофіі (PhD), спецыяліст у галіне біблейскай гісторыі, кіраўнік арганізацыі «Група даследавання рукапісаў» (ЗША). Менавіта дзякуючы яго невычэрпнаму энтузіязму ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся ўнікальны выставачны праект «Беларусь і Біблія».

Падчас свайго выступлення, прысвечанага даследаванню ранніх доказаў дакладнасці Бібліі, доктар Кэрал падзяліўся ўнікальным шматгадовым досведам археалагічных і палеаграфічных даследаванняў.

Студэнты пачулі шмат захапляльных гісторый пра незвычайныя абставіны знаходжання старажытных рукапісаў. Прысутных вельмі ўразіў аповед пра прысягу сёстраў Агнес Люіс і Маргарэт Гібсан, дзякуючы якім былі знойдзены многія тэксты Каірскай генізы. Доктар Скот Кэрал распавёў, як ён сам дастаў фрагмент біблейскага тэксту з маскі старажытнаегіпецкай муміі. Студэнты і выкладчыкі з першых вуснаў пачулі пра сучасныя метады расшыфроўкі старажытных палімпсестаў.

Гэта была асаблівая падзея: на філалагічным факультэце БДУ былі прадэманстраваны фота рэдкіх папірусаў, якія яшчэ не апублікаваныя для сусветнай навуковай супольнасці.

Напрыканцы сустрэчы студэнты скарысталіся магчымасцю патрымаць у руках сапраўдны экзэмпляр трохсотгадовай Торы.

Адкрыццё аўдыторыі «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі»

2 лістапада 2018 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае адкрыццё аўдыторыі «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі». Дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда адзначыў: “Аўдыторыя – даніна павагі класікам беларускай літаратуры ХХ ст., восем з якіх маюць непасрэднае дачыненне да нашага факультэта. І хоць аўдыторыя нагадвае музей, але па сваёй сутнасці, найперш, яна з’яўляецца сучаснай вучэбнай аўдыторыяй інавацыйнага навучання. Кожны стэнд мае QR-код, з дапамогай якога студэнты і выкладчыкі могуць перайсці на ўнікальны, створаны супрацоўнікамі філалагічнага факультэта сайт, які павінен стаць базай для пошукавых ведаў студэнтаў, развіцця іх творчых здольнасцей. Свае творчыя здабыткі студэнты будуць дэмастраваць у аўдыторыі, а іх лепшыя працы знойдуць месца на створаным сайце “Народныя паэты і псьменнікі Беларусі”. Дэкан выказаў шчырую падзяку за дапамогу ў стварэнні экспазіцыі кабінета рэктарату ўніверсітэта, супрацоўнікам кафедры гісторыі беларускай літаратуры, вучэбнаму цэнтру інфармацыйных тэхналогій факультэта, Ігару Яўгенавічу Шуцько, загадчыку вучэбнай лабараторыі кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта БДУ, які са сваімі калегамі адказваў за мастацкае афармленне стэндаў. З прамовай выступіў рэктар БДУ Андрэй Дзмітрыевіч Кароль. Ён падкрэсліў актуальнасць і значнасць данай аўдыторыі, якая стане адукацыйным, навуковым і культурным асяродкам як філалагічнага факультэта, так і ўніверсітэта ў цэлым. На адкрыцці выступілі загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры д.ф.н., прафесар Алесь Іванавіч Бельскі; загадчык кафедры тэорыі літаратуры Таццяна Іванаўна Шамякіна, д.ф.н., прафесар, дачка Народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна; д.ф.н., прафесар кафедры рускай мовы Ірына Энгелеўна Ратнікава, унучка Народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова. Ад імя студэнтаў прысутных вітала Марыя Жмайлік, стыпендыят імя Івана Навуменкі, якая падкрэсліла, што даная аўдыторыя адпавядае патрэбам сучаснага студэнта ў свеце апошніх дасягненняў інфармацыйных тэхналогій, спрыяе і садзейнічае развіццю творчага мыслення і матывацыі да навучання.

Мерапрыемства знайшло шырокае асвятленне ў СМІ.

IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Руская і беларуская літаратуры мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння А.І. Салжаніцына

25-26 кастрычніка 2018 г. на філалагічным факультэце адбылася IV Міжнародная навуковая канферэнцыя "Руская і беларуская літаратуры на мяжы XX–XXI стст., прысвечаная 100-годдзю А.І. Салжаніцына.

У ёй прынялі ўдзел навукоўцы з Расіі, Украіны, Польшчы і Беларусі, сярод якіх 22 прафесары, 20 кандыдатаў навук, 5 аспірантаў. Найбольш шматлікай аказалася дэлегацыя з Расіі, прадстаўленая вядомымі навукоўцамі-прафесарамі (М.М Галубкоў, А.В. Ледзенёў, М.П. Абашева, Н.С. Цветава, Н.М. Шчадрына, А.А. Жыценеў і інш.), вядучымі спецыялістамі па творчасці А.І. Салжаніцына і сучаснаму літаратурнаму працэсу.

Быў адзначаны высокі навуковы ўзровень дакладаў такіх прафесараў, як М.М. Галубкоў (Масква, МДУ імя М.В. Ламаносава) – "Сустрэча супрацьлегласцяў: М. Горкі і А. Салжаніцын у прасторы юбілейнага года"; Н.С. Цветава (Санкт-Пецярбург, Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт) – "А. Салжаніцын: эстэтыка публіцыстычнага слова"; С.Я. Ганчарова-Грабоўская (Мінск, БДУ) – "А. Салжаніцын – драматург: жанравая парадыгма трылогіі "1945 год""; С.П. Мусіенка (Гродна, ГрДУ імя Янкі Купалы) – "Эпічная традыцыя сусветнай літаратуры ХХ стагоддзя ў творчасці А. Салжаніцына"; Н.Л. Бліщ (Мінск, БДУ) – "Выява А. Салжаніцына ў рускай прозе ХХ стагоддзі"; Н.М. Шчадрына (Масква, МПГУ) – ""Чырвонае Кола" ў кантэксце творчасці А. Салжаніцына"; Л.Д. Сінькова (Мінск, БДУ) – "Функцыянаванне факту ў прозе А. Салжаніцына і А. Адамовіча"; Е.А. Лявонава (Мінск, БДУ) – "А. Салжаніцын і Г. Бёль: духоўная садружнасць"; Т.В. Клеафастава (Кіеў, Украіна) – "Унікальнасць жанру і архітэктонікі рамана-эпапеі А. Салжаніцына "Чырвонае Кола""; Сідар Моніка (Люблін, Польшча) – "Гісторыя ў апавяданні і канспекце: жанравая спецыфіка "Чырвонага Кола" А.Салжаніцына" і інш.

Цікавасць і дыскусію выклікалі даклады па сучаснай рускай і беларускай літаратуры. Даклады такіх прафесараў, як А.А. Жыценёў (Варонеж, Варонежскі дзяржаўны ўніверсітэт) – "Апалогія паэзіі ў найноўшай рускай літаратуры"; А.І. Бельскі (Мінск, БДУ) – " Даваеннае савецкае мінулае ў асэнсаванні беларускай паэзіі пачатку ХХІ ст."; М.П. Абашава (Перм, Пермскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ) – "Новыя стратэгіі літаратурнага пісьма і чытання ў эпоху сацыяльных сетак"; А.В. Ледзенеў (Масква, МДУ імя М.В. Ламаносава) – "Рэсурсы мастацкай аўтарытэтнасці: праблема набокаўскай прысутнасці ў рускай і беларускай літаратурах канца ХХ – пачатку ХХI стст."; Л.Г. Цюцелова (Самара, Самарскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт) – "Раманные стратэгіі ў найноўшай рускай драме (на прыкладзе п'ес Е. Ісаевай)"; А.А. Сцяпанава (Украіна, Днепр, Універсітэт ім. Альфрэда Нобеля) – "Рэміфалагізация пастаральнага міфа ў аповесці В. Багамолава "Зося"" ўнеслі новы ўклад у вывучэнне сучаснага літаратурнага працэсу.

Усе матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны ў зборніку навуковых артыкулаў "Руская і беларуская літаратуры на мяжы XX-XXI стст.".

Удзельнікі канферэнцыі адзначылі высокі арганізацыйны ўзровень мерапрыемстваў, уключаных у Праграму, вялікую працу, праведзеную кафедрай рускай літаратуры і яе загадчыцай – прафесарам С.Я. Ганчаровай-Грабоўскай.

У завяршэнне канферэнцыі адбылася творчая сустрэча з беларускімі паэтамі. Вялікую дапамогу ў арганізацыі канферэнцыі аказала прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь – расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску.

 

Урачыстае пасяджэнне, прысвечанае 90-годдзю з дня нараджэння прафесара А. Я. Супруна

Філалагічны факультэт БДУ, кафедра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства запрашаюць прыняць удзел ва ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння прафесара А. Я. Супруна, якое адбудзецца 9 лістапада 2018 г. у 15.00 па адрасе: Мінск, вул. К. Маркса, 31, аўд. 304.

Праграма

  1. Прывітанні афіцыйных асоб.
  2. А.Я. Супрун – вучоны, настаўнік, асоба (дацэнт М.В. Супрунчук).
  3. Моўныя сітуацыі ў постсавецкі час: што скарачае і што пашырае зносіны па-руску? (прафесар Н.Б. Мячкоўская).
  4. Як сёння той, хто гаворыць, выбірае патрэбнае слова (прафесар Б.Ю. Норман).

Юбілейная сустрэча, прысвечаная 70-годдзю прафесара Т. І. Шамякінай

17 кастрычніка 2018 г. ў медыятэцы філалагічнага факультэта БДУ адбылася імпрэза, прысвечаная 70-гадоваму юбілею загадчыка кафедры тэорыі літаратуры доктара філалагічных навук, прафесара Таццяны Іванаўны Шамякінай. З віншавальнымі словамі выступілі дэкан факультэта прафесар І. С. Роўда, старшыня Саюза жанчын БДУ прафесар І. В. Казакова, прафесары кафедры тэорыі літаратуры І. А. Чарота, В. П. Рагойша, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Л. Д. Сінькова. Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяну Іванаўну вітаў дацэнт У. А. Навумовіч. Словы падзякі гучалі таксама ад вучняў юбіляра: намесніка дэкана дацэнта П. І. Навойчыка, дацэнта І. М. Запрудскага. Ад вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору шчырыя словы былі выказаны кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Р. М. Кавалёвай. Імпрэза суправаджалася кніжнай выставай навуковых, перакладчыцкіх і мастацкіх здабыткаў Таццяны Іванаўны. Быў прэдэманстраваны фільм пра жыццё і творчасць Т.І. Шамякінай, якая неаднойчы была названа прысутнымі «легендай філалагічнага факультэта».

 

Прэзентацыя факсімільнага выдання першага беларускага “Буквара” (1618)

Кафедра гісторыі беларускай мовы запрашае  30 кастрычніка ў 14-30 (аўд. 316) на прэзентацыю факсімільнага выдання першага беларускага “Буквара” (1618), прымеркаванага да 400-годдзя з дня выхаду.

У прэзентацыі прымуць удзел:

Алесь Суша – намеснік дырэктара  Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, каардынатар праекта

Юрый Казакоў – дацэнт гістарычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук

Дзянісава Алёна – дацэнт гістарычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук

Лявон Казакоў – старшы выкладчык гістарычнага факультэта

Галіна Ціванова – дацэнт філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук

Вольга Праскаловіч – прафесар, доктар педагагічных навук.

Пасяджэнне навукова-практычнага семінара “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”

16 кастрычніка 2018 года на філалагічным факультэце БДУ прайшло першае ў 2018–2019 навучальным годзе пасяджэнне навукова-практычнага семінара “Сучасная фалькларыстыка, міфалогія, этналогія: пазітыўныя, негатыўныя, супярэчлівыя вектары руху”. Семінар арганізаваны ў межах працы Кансультацыйнага цэнтра па праблемах фальклору (кіраўнік Цэнтра – доктар філалагічных навук, прафесар Шамякіна Таццяна Іванаўна). Яго мэта – 1) абмеркаванне міждысцыплінарных (інтэграцыйных) метадаў даследавання фальклору; 2) высвятленне негатыўных з’яў у навуцы; 3) папулярызацыя пазітыўных здабыткаў у фалькларыстыцы; 4) распаўсюджанне ведаў пра народную культуру і папулярызацыя народнай творчасці.

Арганізатарамі семінара выступілі фалькларысты кафедры тэорыі літаратуры і супрацоўнікі Вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

На семінары прысутнічалі студэнты, магістранты, выкладчыкі філалагічнага факультэта, навукоўцы з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН РБ.

З праблемным дакладам “Спрэчныя пытанні фалькларыстыкі” выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік філалагічнага факультэта БДУ Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Спрэчныя пытанні разглядаліся ў аспекце суадносінаў генааўтара, фальклорнага аўтара, ідэальнага і ненадзейнага выканаўцаў. Праблема вырашалася згодна з парапанаванай універсальнай схемай, якая выпрацоўвалася разам з прысутнымі. У сферы слоўнага мастацтва прапанавалася, акрамя фальклору і літаратуры, вылучаць ініцыярную сферу творчасці і фігуру генааўтара. Увядзенне фігуры ініцыярнага генааўтара дазваляе ў новым святле ўбачыць таксама і гісторыю літаратуры.

Напрыканцы з заключным словам да прысутных звярнулася Вольга Віктараўна Прыемка, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, якая ўказала на ролю Рымы Мадэстаўны Кавалёвай у распрацоўцы ініцыярнай сферы і фігуры генааўтара ў фальклоры і літаратуры.

Арганізатары навукова-практычнага семінара запрашаюць усіх зацікаўленых у распаўсюджанні ведаў пра народную культуру і папулярызацыі народнай творчасці да супрацоўніцтва. Даведку можна атрымаць па тэлефоне (8017) 380-57-46 або па адрасе Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. (з паметай «у Кансультацыйны цэнтр»).

Традыцыі і інавацыі на кафедры класічнай філалогіі БДУ

Антычная культура непаўторная і ўнікальная, і для яе вывучэння патрабуецца адмысловы падыход. Для больш поўнага асэнсавання сутнасці антычнай цывілізацыі і яе ўплыву на сучасную культуру неабходны падрыхтаваныя спецыялісты, якія ведаюць класічныя мовы (лацінскую і старажытнагрэчаскую), антычную літаратуру, гісторыю, культуру. Падрыхтоўкай такіх кадраў і займаецца кафедра класічнай філалогіі БДУ, створаная ў 1995 г. намаганнямі кандыдата філалагічных навук, дацэнта Галіны Іванаўны Шаўчэнка. Менавіта тады быў закладзены падмурак школы класічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, пачала фарміравацца сістэма работы кафедры, якая, з аднаго боку, мае свае традыцыі, а з іншай - крочыць у нагу з часам.

Сёння, калі перад прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта пастаўлена задача па актывізацыі эўрыстычнага навучання ў адукацыйным працэсе, вялікая ўвага на кафедры надаецца даследчай і практыкаарыентаванай рабоце студэнтаў, прычым студэнты-класікі далучаюцца да яе з першага курсу.

Поспехамі кафедры класічнай філалогіі, работай яе загадчыка Вольгі Генрыхаўны Пракапчук, а таксама сучаснымі інавацыйнымі студэнцкімі праектамі і формамі прадстаўлення гатовага студэнцкага адукацыйнага прадукту зацікавіліся і сродкі масавай інфармацыі.