Тыдзень англійскай мовы

26-30 сакавіка на філалагічным факультэце БДУ кафедра англійскага мовазнаўства праводзіла Тыдзень англійскай мовы, які ўжо стаў традыцыйным. У яго былі ўключаны разнастайныя пазнавальныя і ў той жа час забаўляльныя мерапрыемствы. Тыдзень пачаўся з экспазіцый постараў і плакатаў, прысвечаных  англамоўным краінам, каралеўскім асобам і знакамітым персаналіям, а таксама іх мудрым выказванням. Былі арганізаваны круглыя сталы, прысвечаныя знаёмству з цікавымі фактамі гісторыі і культуры Велікабрытаніі і жыцця каралеўскай сям’і, англійскаму этыкету; паэтычнае спаборніцтва, дзе студэнты дэкламавалі вершы; усім жадаючым адчыніў свае дзверы караоке-клуб, дзе студэнты з задавальненнем спявалі англамоўныя песні пра каханне і чыталі рэп. Адбыўся конкурс прэзентацыяй сярод замежных студэнтаў па тэме “Актуальныя праблемы ХХІ стагоддзя”. На семінары “Be Serious! It’s Politics” студэнты абменьваліся ведамі пра сучасных палітыкаў англамоўных краін, а таксама абмяркоўвалі злабадзённыя палітычныя тэмы. Тыдзень завяршыўся жартамі і анекдотамі на англійскай мове з нагоды надыходзячага Дня смеху.

Вучэбна-метадычны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Методыка навучання кітайскаму іерагліфічнаму пісьму”

У 2017 годзе апублікаваны вучэбна-метадычны дапаможнік з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Методыка навучання кітайскаму іерагліфічнаму пісьму” (аўтар – дацэнт кафедры кітайскай філалогіі, к.п.н. Ю.В. Малаткова). На постсавецкай прасторы – гэта ўнікальнае выданне, у якім выяўляюцца лінгвістычныя асаблівасці іерагліфічнага пісьма, раскрываюцца псіхалагічныя заканамернасці засваення кітайскага іерагліфічнага пісьма, сістэматызуюцца кампаненты зместу навучання іерагліфіцы, апісваецца кагнітыўны падыход да навучання іерагліфічнаму пісьму, а таксама прыводзяцца вынікі эксперыментальна-вопытнай праверкі эфектыўнасці распрацаванай методыкі.

Вучэбна-метадычны дапаможнік адрасаваны спецыялістам ў галіне методыкі выкладання замежных моў, лінгвістам, выкладчыкам кітайскай мовы, студэнтам, магістрантам, а таксама ўсім, хто цікавіцца кітайскай мовай і кітайскім іерагліфічным пісьмом.

VI Фестываль моў адбыўся на філалагічным факультэце БДУ

У гэтым годзе мінскія аматары замежных моў і лінгвістыкі змаглі правесці першы дзень красавіка ў вялікай кампаніі аднадумцаў: на філалагічным факультэце БДУ прайшоў VI Фестываль моў. Фестываль працягвае расці: у гэтым годзе пазнаёміцца з моўнай разнастайнасцю Зямлі за дзень прыйшло каля 1400 чалавек, што робіць Мінскі фестываль найбуйнейшым не толькі ў СНД, але і, магчыма, у свеце – прынамсі, з фестываляў моў, якія адбываюцца рэгулярна. Не адстае і праграма: сёлета слухачы маглі абіраць сярод прэзентацый 59 моў, чатырнаццаці навукова-папулярных лекцый па лінгвістыцы, беларускай гісторыі, літаратуры і фальклору, а таксама шасці мерапрыемстваў іншага фармату – майстар-класаў, гульняў і моўных практык.

Прэзентацыя кожнай мовы – гэта займальная 45-хвілінная міні-лекцыя, падчас якой прэзентатар – спецыяліст па мове – распавядае слухачам пра найцікавейшыя яе асаблівасці. Незвычайныя гукі і граматычныя канструкцыі, дзіўныя словы і нязвыклыя пісьменнасці, вершы і песні, трагічныя гісторыі мёртвых і выміраючых моў і гісторыі поспеху моў з мільёнамі носьбітаў – усё гэта чакала слухачоў Фестывалю моў на выступленнях лектараў. Самым жа складаным было выбраць, куды накіравацца, бо адначасова ў розных аўдыторыях факультэта праходзілі прэзентацыі васямнаццаці моў, а магчымасцяў на працягу дня было ўсяго толькі шэсць.

Як і заўсёды, сёлета ў праграме былі новыя мовы, якія раней не былі прадстаўленыя на Фестывалі. Напрыклад, кіраўнік Фестывалю Антон Сомін распавёў аб выміраючай аўстралійскай мове дзьяру, у якой ёсць адмысловая падмова для размоў пра цешчу і ў яе прысутнасці. Магістранты маскоўскай Школы лінгвістыкі НДУ ВШЭ Іван Левін і Васіліса Андрыянец прадставілі фарэрскую мову – блізкага сваяка ісландскай, родную для жыхароў Фарэрскіх астравоў, а стажор-даследчык таго ж універсітэта Мікіта Зманоўскі пазнаёміў слухачоў з рускай мовай жэстаў – мовай, якой карыстаюцца глухія людзі. Выкладчыца філалагічнага факультэта БДУ Любоў Падпорынава дадала да сваіх старых прэзентацый польскай, кашубскай і сілезскай моў аповед пра русінскую мову, якая раней лічылася дыялектам украінскай. У гэтым годзе Фестываль таксама пабіў рэкорд старажытнасці: калі ў мінулым годзе найстаражытнейшай з прадстаўленых моў была праславянская, то ў гэтым годзе ў гасцей Фестывалю была магчымасць даведацца, як размаўлялі нашыя продкі больш за шэсць тысяч год таму: лекцыю пра рэканструяваную навукоўцамі праіндаеўрапейскую мову прачытаў вядомы лінгвіст Аляксандр Піперскі. Сярод іншых навінак – лекцыі пра албанскую, старажытнагабрэйскую і старажытнаславянскую мовы, а таксама пра заходнекаўказскія і туканскія мовы, на якіх размаўляюць у басейне Амазонкі.

Найбольш наведвальнымі прэзентацыямі па традыцыі сталі апавяданні пра іспанскую, кітайскую, нарвежскую і мовы Толкіна, кожная з якіх збірала каля сотні слухачоў. Самым жа папулярным мерапрыемствам фестывалю стаў майстар-клас сацыёлага Дар’і Закрэўскай «Як стаць №1 у камунікацыі і перастаць баяцца іншых людзей?», які сабраў паўтары сотні гасцей.

Наступны, сёмы Фестываль моў на філалагічным факультэце БДУ, хутчэй за ўсё, пройдзе 31 сакавіка 2019 года. Занатуйце ў календары!

Віншуем!

Cардэчна віншуем загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы доктара філалагічных навук прафесара Мікалая Рыгоравіча Прыгодзіча з 65-гадовым юбілеем!

Шчыра жадаем паважанаму Мікалаю Рыгоравічу плёну ў працоўнай і навуковай дзейнасці, душэўнага ладу і духоўнай моцы, здароўя і дабрабыту!

Кар'ерны форум БДУ

3 красавіка 2018 г. адбудзецца штогадовы Кар'ерны форум БДУ.

У праграме форуму: «кірмаш вакансій», прэзентацыі кампаній, майстар-класы.

Падрабязная інфармацыя тут

Навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці прафесара Віктара Пятровіча Краснея

27 снежня 2017 г. на філалагічным факультэце пройдуць навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці прафесара Віктара Пятровіча Краснея (20.07.1936 – 26.12.2016).  Запрашаем да ўдзелу ў чытаннях былых калег і вучняў вядомага беларускага мовазнаўца, а таксама ўсіх зацікаўленых. Пачатак у 12 гадзін, аўдыторыя 62.

Семінар маладых літаратараў “Першацвет”

1.03.2018 на філалагічным факультэце БДУ (вул. Карла Маркса, 31, 304 аўд.) пройдзе семінар маладых літаратараў “Першацвет”, зладжаны ў межах ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы.

У семінары прымуць удзел выкладчыкі БДУ, рэдактары рэспубліканскіх друкаваных выданняў, журналісты і пісьменнікі. Запланаваны шэраг тэматычных дакладаў і дыскусія, да якой запрашаюцца не толькі выступоўцы, але і аўдыторыя – студэнты-філолагі, маладыя аўтары.

Спецыяльныя госці семінара – удзельнікі Міжнароднага сімпозіума літаратараў “Пісьменнік і час”.

Пачатак у 15.50.

Навукова-практычны семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”

20 лістапада 2017 г. на базе першых курсаў аддзяленняў славянскай філалогіі, беларускай філалогіі, класічнай філалогіі адбыўся навукова-практычны семінар “Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе”. Гэта асаблівая форма лекцыі і ў той жа час навуковая імпрэза. З асноўным дакладам выступіў доктар філалагічных навук, прафесар В.П. Рагойша на тэму “Літаратурныя сувязі і пераклад”. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук У.Г. Кароткі гаварыў пра пераклады старажытнай літаратуры. Дацэнт, кандыдат філалагічных навук В.В. Прыемка прачытала даклад “Пераклады фальклору”. Доктар філалагічных навук, прафесар Т.І. Шамякіна выступіла з дакладам на тэму “Школа перакладу ў СССР”.

В.П. Рагойша, У.Г. Кароткі, Т.І. Шамякіна не толькі тэарэтыкі, але і практыкі перакладу, пераклалі значную колькасць мастацкіх твораў. У канцы семінару В.П. Рагойша прачытаў свае паэтычныя пераклады з украінскай мовы.

На семінары, акрамя студэнтаў, прысутнічалі выкладчыкі кафедры тэорыі літаратуры і супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору.

Інавацыйная форма лекцыі і ў той жа час навуковай канферэнцыі выклікала вялікую цікавасць слухачоў.

Віншуем пераможцаў І БЕЛАРУСКАЙ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ СТУДЭНЦКАЙ АЛІМПІЯДЫ ПА КІТАЙСКАЙ МОВЕ!

 

26-27 сакавіка 2018 г. Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя і кафедра кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пад эгідай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь правялі І Беларускую рэспубліканскую студэнцкую алімпіяду па кітайскай мове. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 130 удзельнікаў, сярод якіх – студэнты БДУ, МДЛУ, БДЭУ, Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і інш. У склад кампетэнтнага журы ўвайшлі выкладчыкі устаноў вышэйшай адукацыі і прадстаўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.

Удзельнікі алімпіяды прадэманстравалі глыбокія веды і навыкі ў галіне кітайскай мовы. Пасля правядзення двух этапаў адукацыйнага конкурсу студэнты спецыяльнасці “Усходняя (кітайская) філалогія” філалагічнага факультэта БДУ паказалі наступныя вынікі: дыплом І ступені атрымала Караўка Дар’я Аляксандраўна, студэнтка 3 курса, дыплом ІІ ступені – Антоненка Вольга Міхайлаўна, студэнтка 5 курса, дыплом ІІІ ступені – Бабкіна Паліна Сяргееўна, студэнтка 5 курса. Пераможцы алімпіяды таксама атрымаюць штогадовую стыпендыю Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

І Беларуская рэспубліканская студэнцкая алімпіяда па кітайскай мове прайшла на высокім узроўні і засведчыла вялікую цікавасць да кітайскай мовы, літаратуры і культуры сярод моладзі нашай краіны.

Праект “Асобы сучаснай русістыкі”

Прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства доктар філалагістных навук прафесар Барыс Юсцінавіч Норман  стаў адным з шаснаццаці ўдзельнікаў праекта “Асобы сучаснай русістыкі” – пазнавальнай праграмы аб вядучых лінгвістах сучаснасці, арганізаванай Дзяржаўным інстытутам рускай мовы імя А.С.Пушкіна.  У фармаце тэматычнага і партрэтнага інтэрв’ю аб ролі мовы ў развіцці найважнейшых сфер камунікацыі, аб адлюстраванні ў мове культуралагічных, маральных і этычных паняццяў казалі прафесары А.Н.Баранаў, У.І.Карасік, М.А.Крангаўз, Л.П.Крысін, Б.І.Осіпаў, Ю.Я.Прохараў, Рэнатэ Ратмайр, І.А.Сцярнін і іншыя.

У межах праграмы Б.Ю.Норман даў інтэрв’ю прафесару В.С.Ісэрс, у якім прадставіў сваё бачанне актуальных праблем сучаснай русістыкі і магчымых шляхоў іх вырашэння, на “жывых” прыкладах паказаў спецыфіку функцыяніравання рускай мовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, падзяліўся творчымі планамі навуковай дзейнасці.

Прэзентацыя новага перакладу кнігі Псалтыр на беларускую мову

16 лютага 2018 г. на філалагічным факультэце (у 12.45, аўд. 304) адбудзецца прэзентацыя новага перакладу кнігі Псалтыр на беларускую мову.

Гэта новая праца трох вядомых у краіне навукоўцаў – доктара філалагічных навук прафесара Мікалая Прыгодзіча, кандыдата гістарычных навук магістра тэалогіі Уладзіслава Завальнюка і настаўніцы-беларусаведа Валянціны Раманцэвіч. Душой і натхніцелем творчага калектыву з’яўляецца ксёндз-пробашч Мінскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк, які з 1989 г. знаходзіцца ля вытокаў перакладаў і выданняў на сучаснай беларускай мове тэкстаў, малітваў, рэлігійных (святых) кніг, з’яўляецца аўтарам і суаўтарам некалькіх дзясяткаў прац навукова-тэалагічнага і навучальнага характару. Менавіта яму і лінгвістам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта належыць ідэя стварэння “Слоўніка сучаснай беларускай мовы” (2009, 2-е выд. 2010), у якім упершыню ў лексікаграфічнай практыцы было прадстаўлена амаль 650 спецыфічных слоў рэлігійнай лексікі. Ажно некалькі дзясяткаў рэцэнзій і водгукаў у айчыннай і замежнай прэсе атрымаў “Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы” (2013) гэтых жа аўтараў. Супольным клопатам лінгвістаў з БДУ і Камісіі па перакладзе пры Чырвоным касцёле стала выданне рэлігійнай літаратуры на сучаснай беларускай літаратурнай мове, адзінай і непадзельнай на тэрыторыі Беларусі незалежна ад канфесійнай прыналежнасці перакладчыкаў і складальнікаў тэкстаў. Фактычна ж атрымалася так, што на сённяшні дзень і Праваслаўная Царква, і Каталіцкі Касцёл выкарыстоўваюць кожны сваю беларускую мову. Намаганні У.Завальнюка, М.Прыгодзіча і В.Раманцэвіч накіраваны менавіта на забеспячэнне ў Хрысціянскай Царкве Беларусі адзінага моўнага рэжыму, які датычыцца як навучання, так і друкаваных беларускамоўных выданняў. Падрыхтаваны пераклад Псалтыра – яшчэ адна спроба ўніверсітэцкіх навукоўцаў і Чырвонага Касцёла да паяднання перакладчыцкіх калектываў для выпрацоўкі і выкарыстання ў хрысціянскім набажэнстве сапраўды адзіных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Асновай для гэтага перакладу Псалтыра сталі беларускамоўнае выданне “Літургія Гадзінаў: Паводле Рымскага абраду” (Мінск, 2012) і рускамоўны тэкст Бібліі (Масква, 2006). Рукапіс перакладу быў абмеркаваны і ўхвалены ўдзельнікамі круглага стала “Псалтыр у гісторыі Хрысціянства Беларусі”, пасяджэнне якога адбылося на філалагічным факультэце БДУ 8 снежня 2017 г.

У склад гэтага выдання разам з перакладам Псалтыра увайшлі раздзелы “Прадмова і пасляслоўе Скарыны да Псалтыра”, “Жыціе цара Давіда, прарока і псалмаспевака”, “Ушанаванне цара Давіда ў іканаграфіі і выяўленчым мастацтве”, а таксама “Кароткі тлумачальны слоўнік”. Склад выдання абумоўлены імкненнем аўтараў не толькі пазнаёміць чытачоў з беларускамоўнай версіяй перакладу Псалтыра, але і па магчымасці прадставіць шырокі культуралагічны кантэкст стварэння і бытавання гэтага твора, жыццёвыя пуцявіны складальніка песнапенняў цара Давіда. Важнае значэнне аўтары надаюць кароткаму тлумачальнаму слоўніку, у якім прыведзены біяграфічныя звесткі пра канкрэтных біблейскіх асоб, назвы паселішчаў і тагачасных краін, канкрэтных рэчаў і прадметаў рэлігійнага прызначэння, некаторых культавых збудаванняў і інш.

Значнае месца ў падрыхтаванай кнізе займае асоба Францыска Скарыны і здзейсненае ім выданне Псалтыра (1517). Не выпадкова і тое, што прэзентуемы сучасны пераклад пабачыў свет у 2017 г., калі адзначалася 500-годдзе пачатку беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Выданне падрыхтавана паводле нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы згодна з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” ад 23 ліпеня 2008 г. і ўведзенага ў дзеянне з 1 верасня 2010 г.

Запрашаем усіх зацікаўленых на сустрэчу!