Віншуем!

Кафедра замежнай літаратуры віншуе Галіну Веніямінаўну Сініла з атрыманнем прэміі «Дыялог, узаемаразуменне і прымірэнне» Дортмундскага і Мінскага МАЦ за значны ўнёсак у развіццё беларускай і сусветнай біблеістыкі, гебраістыкі і германістыкі.

Майстар-клас Роба Льюiса (Rob Lewis) “Як лічбавыя тэхналогіі змяняюць метады выкладання англійскай мовы”

8 лютага 2017 г. выкладчыкі кафедры англійскага мовазнаўства прынялі ўдзел у майстар-класе ад Брытанскага Савета "Як лічбавыя тэхналогіі змяняюць метады выкладання англійскай мовы", які праводзіў выкладчык англійскай мовы Роб Льюіс ў рамках XXIVМіжнароднага кніжнага кірмашу.

Абмяркоўваліся пытанні аб прафесійным развіцці выкладчыкаў, аб паляпшэнні якасці выкладання і сістэмы ацэнкі ведаў, аб кібербяспецы і аб анлайн тэставанні.

Роб Льюіс - пісьменнік, выкладчык англійскай мовы ўжо больш за 20 гадоў, у асноўным у Еўропе. Апошнім часам ён працуе ў міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў Брытанскага савета, спрыяе прасоўванню онлайн-адукацыi.

Сустрэча з прадстаўнікамі ўкраінскага пасольства

10 сакавіка гасцямі філалагічнага факультэта былі часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Мікалаевіч Джыгун і першы сакратар пасольства Украіны Марыя Рыгораўна Гуцала. Яны перадалі ў кабінет украінскай філалогіі звыш 140 экземпляраў разнастайных слоўнікаў і падручнікаў па ўкраінскай мове, хрэстаматыі і іншую вучэбную літаратуру. Гасцей віталі прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей Мікалаевіч Ходзін, дэкан факультэта Іван Сямёнавіч Роўда, а таксама выкладчыкі і студэнты спецыяльнасці “Славянская (украінская) і беларуская філалогія”. У знак удзячнасці за шматгадовае плённае супрацоўніцтва БДУ і Пасольства Украіны, за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы ўкраіністаў прарэктар Ходзін С.М. ад імя рэктара БДУ акадэміка Абламейкі С.У. уручыў прадстаўнікам украінскага пасольства Джыгуну В.М. і Гуцала М.Р. Лісты падзякі. У сваіх выступленнях прадстаўнікі ўкраінскага пасольства адзначылі, якое вялікае значэнне для ўмацавання нашых узаемных беларуска-ўкраінскіх стасункаў маюць разнастайныя сувязі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. На завяршэнне сустрэчы да гасцей факультэта звярнуліся студэнты. У іх выкананні прагучалі вершы Тараса Шаўчэнкі і іншых украінскіх паэтаў.

БРЫТАНСКI ДЗЕНЬ НА ФIЛФАКУ

10 лютага 2017 года на фiлалагiчным факультэце студэнты англiйскай фiлалогii мелi магчымасць паслухаць адразу трох брытанскiх лектараў. Лiтаратурны кансультант Брытанскага савета Даг Уолас прапанаваў шырокую панараму сучаснай брытанскай лiтаратуры ў яе тэматычнай, жанравай i стылёвай разнастайнасцi. Лектарам былi грунтоўна прадэманстраваны асноўныя тэндэнцыі развiцця сучаснай брытанскай слоўнасцi. Адметна, што Даг Уолас не прамiнаў згадваць пра наяўныя i падрыхтаваныя да друку пераклады твораў брытанскiх пiсьменнiкаў на рускую мову. I хаця студэнты не былi надта шчодрыя на публiчныя пытаннi да лектара падчас прэзентацыi, аднак ахвотна ўступалi дыскусiю з госцем падчас перапынку. Размовы датычылi як творчасцi асобных пiсьменнiкаў, уключаных ва ўнiверсiтэцкую праграму, так i спецыфiкі працы лiтаратурнага кансультанта, "лiтаратурнага негра" (ghostwriter) i выдаўца.

Лекцыя пiсьменнiка i паспяховага журналiста Эндру Дыксана была прысвечана рэцэпцыi Шэкспiра ў свеце. Аўдыторыя жыва адказвала на ўсе пытаннi лектара, якi не хаваў сваёй узрушанасцi ўзроўнем ведання Шэкспiра беларускiмi студэнтамі. Адказы на пытаннi i дыскусiя працягвалiся ўвесь вялiкi перапынак. У абвешчанай гульнi на лепшае пытанне лектару перамогу атрымала студэнтка 4 курса Надзея Дзямiдка, якая запыталася, пра што мог бы пісаць Шэкспір, калі б быў нашым сучаснікам. У якасцi прыза пераможца атрымала кнiгу Эндру Дыксана “Worlds Elsewhere: Journeys Around Shakespeare's Globe” з аўтографам аўтара.

Блiскучым было выступленне Джэйн Магi, якая не толькi пазнаёмiла прысутных з унiверсiтэтам St. Andrews i cпецыфiкай атрымання сярэдняй i вышэйшай адукацыi, але i цiкава распавяла пра культуру i традыцыi Шатландыi. Адбылася жывая дыскусiя пра англiйскiя акцэнты. Студэнты даведалiся, як гучыць iмя iх любiмага лiтаратурнага героя Гары Потара ў розных кутках англамоўнага свету, як мясцовыя жыхары Сэнт-Эндруса ладзяць з вялiкай колькасцю студэнцтва ў горадзе, як адаптуюцца замежныя студэнты да шатландскага ладу жыцця.

У падарунак лектары атрымалi кнiгi аб фiлалагiчным факультэце i кнiгi перакладаў санетаў Уiльяма Шэкспiра на беларускую мову.

Cлайдшоў, скарочаны варыянт лекцыi Дага Уоласа, прэзентацыю Эндру Дыксана i праспекты пра ўнiверсiтэт Cэнт-Эндрус можна атрымаць на кафедры замежнай лiтаратуры (аўд.54).

Фатакарткi Марыяны Груздзiловiч i Наталлi Ламека.

Віншуем!

Прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Ніна Барысаўна Мячкоўская  ўзднагароджана  Медалём Францыска Скарыны за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, развіццё навуковай і педагагічнай дзейнасці, сістэмы адукацыі.

«Мы Калядам заўжды рады!»

22 снежня адбылося стаўшае ўжо традыцыйным перадсвяточнае прадстаўленне «Мы Калядам заўжды рады!».

Фальклорна-этнаграфічны студэнцкі ансамбль «Багач» (мастацкі кіраўнік — старшыня Савета ГА "Саюз жанчын БДУ», д.ф.н. І.В. Казакова) павіншавала выкладчыкаў і студэнтаў з надыходзячымі святамі. Прадстаўлены імі народны абрад "Каляды" нікога не пакінуў абыякавым. І на філалагічным факультэце, і ва ўсіх іншых падраздзяленнях БДУ калядоўшчыкам заўсёды рады, іх заўсёды з нецярпеннем чакаюць і дораць ім салодкія падарункі! Калядная Каза пабадала ўсіх удзельнікаў і гледачоў прадстаўлення «на поспех, на шчасце, на долю», а значыць надыходзячы Новы год абавязкова будзе шчаслівым для студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх супрацоўнікаў БДУ!!!

Віншуем!

Аспірант Маеўскі Сяргей і магістрантка Расолька Алена (кафедра прыкладной лінгвістыкі, кіраўнік праектнай конкурснай працы - Л.Ф. Гербік) перамаглі ў конкурсе маладых вучоных краін СНД, які праводзіўся Дзяржаўным інстытутам рускай мовы ім. А.С. Пушкіна ў рамках дзейнасці партала "Адукацыя на рускай". Пераможцам прапанавана 3-тыднёвая стажыроўка ў Дзярж. ІРМ ім. А.С. Пушкіна.

Школа-семінар "Прыкладныя пытанні інфармацыйнага пошуку"

19–20 снежня на філфаку праводзіцца школа-семінар "Прыкладныя пытанні інфармацыйнага пошуку". Заняткі вядзе Міхаіл Аляксандраў, прафесар РАНГіДС (Масква), навуковы супрацоўнік АУБ (Барселона), разам са сваім калегам Дзмітрыем Стэфаноўскім, старшым навуковым супрацоўнікам РАНГіДС.

Тэарэтычная частка дакладаў школы-семінара прысвечана тэхнікам індуктыўнага мадэлявання, вялікіх дадзеных, тэматычнага мадэлявання. Разглядаюцца таксама прымяненні гэтых метадаў у эканоміцы, дэмаграфіі, юрыдычных пытаннях і сумежных з імі. Асноўная ўвага надаецца апрацоўцы тэкставых дадзеных.

Заняткі праходзяць у аўдыторыі 214. Расклад:
    19 снежня: 14:25, 15:55, 17:25
    20 снежня: 14:25, 15:55, 17:25

З падрабязнай праграмай можна пазнаёміцца тут.

Да ўдзелу ў школе-семінары запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца аўтаматычнай апрацоўкай тэкста альбо хоча больш даведацца пра яе сучасныя задачы, метады і інструменты. Уваход вольны.

Пасяджэнне дыскусійнага клуб «Cogito»

28 лютага 2017 года на філалагічным факультэце БДУ прайшло чарговае пасяджэнне дыскусійнага клуба «Cogito». Арганізатарамі выступілі кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Кавалёва Р.М. і загадчык вучэбнага кабінета беларускай філалогіі Лынша В.І. (старшыня арганізацыйнага камітэта).

Праблемнае поле – пазітыўныя, негатыўныя і супярэчлівыя вектары сучаснай фалькларыстыкі, міфалогіі, этналогіі, культуралогіі.

З прывітальным словам выступіў доктар філалагічны навук, прафесар кафедры тэорыі літаратуры Рагойша В.П.

Мадэратары пасяджэння – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры рускай літаратуры БДУ Блішч Н.Л., кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры культуралогіі БДУ Лебедзеў С. Ю., кандыдат культуралогіі, дацэнт, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ Калацэй В.В.

У працы дыскусійнага клуба прынялі ўдзел: кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры беларускай музыкі БДАМ Баранкевіч Л.Ф., д.ф.н., прафесар кафедры тэорыі літаратуры Андрэеў А.М., к.ф.н., дацэнт кафедры тэорыі літаратуры Прыемка В.В., к.ф.н., дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Запрудскі І.М., к.ф.н., дацэнт кафедры замежнай літаратуры Шахназаран Н.М., к.ф.н., дацэнт кафедры рускай літаратуры Верына У.Ю., к.ф.н., дацэнт кафедры раманскага мовазнаўства Квачак Г. В., загадчык медыятэкі філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ Карповіч Ж.С., а таксама студэнты філалагічнага факультэта.

Серыя сустрэч “Замежная літаратура ў беларускіх перакладах. Частка ІІІ. Рыгведа”

21 снежня кафедра замежнай літаратуры правяла сустрэчу з выпускніком рамана-германскага аддзялення, паэтам і перакладчыкам Ігарам Куліковым, які перастварыў па-беларуску Рыгведу, адзін з найстаражытнейшых помнікаў індыйскай сакральнай літаратуры. Госць распавёў пра асаблівасці Рыгведы, пра тонкасці перакладу старажытных тэкстаў. Цікавасць студэнцкай аўдыторыі выклікалі таксама пытанні вывучэння санскрыту і далейшыя творчыя планы перакладчыка.

Сустрэча з Белабародавай М.В.

10 лютага на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Дзяржаўнага інстытута рускай мовы ім. А.С. Пушкіна, арганізаваная пры дапамозе мэнэджара партала Дзярж.ІРМ «Адукацыя на рускай» Белабародавай Марынай Віктараўнай. Расійскія калегі парадавалі ўсіх тых, хто сабраўся, падрабязным расповедам пра новыя магчымасці агульнаадукацыйнага інтэрнэт-праекта «Адукацыя на рускай». Матэрыялы для гэтага партала распрацоўваліся з удзелам трыццаці расійскіх вядучых ВНУ. На партале прадстаўлены матэрыялы на рускай мове па многіх вучэбных дысцыплінах, у тым ліку, вядома, і па рускай мове. Прадстаўленыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны як замежнікамі, якія атрымліваюць адукацыю на рускай мове ў розных галінах ведаў, так і рускамоўнымі навучэнцамі, якія хочуць атрымаць новую цікавую інфармацыю навучальнага характару па розных дысцыплінах, праверыць свае веды па рускай мове для здачы ЦТ і г.д. М.В. Белабародава зрабіла прэзентацыю інтэрактыўнага лінгвакраязнаўчага слоўніка «Расія»; працаваць з гэтым слоўнікам могуць як дарослыя, так і дзеці.

На сустрэчы панавала сяброўская атмасфера. Шмат хто з прысутных на мерапрыемстве студэнтаў і выкладчыкаў прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні пытанняў, закранутых у працэсе гутаркі. Дадзенае мерапрыемства было цікавым не толькі для пачаткоўцаў, але і для дасведчаных выкладчыкаў, паколькі фарматам сустрэчы меркаваўся абмен вопытам.

Прадстаўнікі Дзяржаўнага інстытута рускай мовы ім. А.С. Пушкіна - удзельнікі кніжнай выставы ў Мінску - парадавалі нас і прыемнымі сюрпрызамі: кафедра прыкладной лінгвістыкі атрымала ў падарунак ад расійскіх калегаў найноўшыя слоўнікі, а таксама сувеніры - майкі Дзярж.ІРМ; яны такія ж ярка-блакітныя, як і нашы, філфакаўскія.