Адкрытая лекцыя на тэму “Інтэрнэт у фальклоры ці фальклор у Інтэрнэце: сучасная фалькларыстыка і віртуальная рэальнасць»

9 снежня 2016 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з адкрытай лекцыяй на тэму “Інтэрнэт у фальклоры ці фальклор у Інтэрнэце: сучасная фалькларыстыка і віртуальная рэальнасць» выступіў кандыдат філалагічных навук, кіраўнік Цэнтра гарадской антрапалогіі (Масква) Аляксяеўскі Міхаіл Дзмітрыевіч. Лекцыя адбылася ў рамках правядзення міжнароднага Фестывалю навукі «Кстати. Точки пересечения», які праходзіў у Мінску з 7 па 10 снежня 2016 г. Дэканат філалагічнага факультэта і кафедра тэорыі літаратуры філфака БДУ выступілі партнёрамі Фестывалю, асноўная мэта якога – папулярызацыя апошніх дасягненняў у галіне навукі і тэхнікі, стымуляванне моладзі да заняткаў навуковай дзейнасцю. Лекцыя выклікала вялікую цікавасць у студэнтаў першых курсаў і ў выкладчыкаў, прысутных на лекцыі.

Віншуем з перамогай!

Віншуем навуковы гурток «Роднае слова» і яго кіраўніка дацэнта кафедры сучаснай беларускай мовы Садоўскую Анжаліку Леанідаўну з перамогай у конкурсе на лепшы навуковы гурток БДУ.

Літаратурная вечарына, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Літаратурная вечарына, прысвечаная 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, прайшла пад патранажам ГА «Саюз жанчын БДУ» 19 снежня ў кабінеце-музее беларускай народнай культуры на філалагічным факультэце. У межах вечарыны адбыўся Конкурс чытальнікаў: вершы Максіма Багдановіча чыталі як беларускія, так і замежныя студэнты філалагічнага факультэта і Інстытута журналістыкі БДУ. У склад журы ўвайшлі старшыня Саюза жанчын БДУ І.В. Казакова, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце В.П. Крычко, дацэнт В.Г. Пракапчук. Дыплом І ступені атрымала студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі Аляўціна Корчык, дыплом ІІ ступені – студэнтка 4 курса аддзялення класічнай філалогіі Алена Капліч, дыплом ІІІ ступені – студэнтка 2 курса аддзялення беларускай філалогіі Яўгенія Пракапчук. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі у падарунак кнігі па розных аспектах беларускай гісторыі і культуры. На вечарыне прагучалі не толькі вершы класіка беларускай літаратуры, але і песні на словы М. Багдановіча. Музыкальныя кампазіцыі падрыхтавалі студэнтка Інстытута журналістыкі Святлана Чыжык і студэнтка БДПУ імя М. Танка Ліза Тумар. У межах вечарыны дзейнічала выстава кніг, прысвечаных творчасці М. Багдановіча.

IV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”

17 сакавіка 2017 г. на філалагічным факультэце адбудзецца IV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя маладых навукоўцаў “Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання”.

Да ўдзелу запрашаюцца выкладчыкі ВНУ, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, магістранты, студэнты старэйшых курсаў.

Па выніках правядзення канферэнцыі будзе падрыхтаваны электронны зборнік артыкулаў маладых навукоўцаў з прысваеннем ISBN і размяшчэннем на сайце электроннай бібліятэкі БДУ.

Інфармацыйны ліст, узор заяўкі, правілы афармлення артыкулаў можна спампаваць тут.

Сустрэча Маршала Сената Польшчы Станіслава Карчэўскага са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта

06.12.2016 г. на філалагічным факультэце адбылася сустрэча Маршала Сената Польшчы Станіслава Карчэўскага са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта. На сустрэчы прысутнічалі: Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда.
Студэнты філалагічнага факультэта прадставілі мініяцюру на польскай мове. Пасля чаго перад студэнтамі і выкладчыкамі выступіў Станіслаў Карчэўскі, які распавёў пра перспектывы супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і адказаў на пытанні студэнтаў.

ХІV Шырмаўскія чытанні

2 снежня 2016 года на філалагічным факультэце прайшлі ХІV Шырмаўскія чытанні, якія традыцыйна ладзяцца кафедрай тэорыі літаратуры і вучэбна-навуковай лабараторыяй беларускага фальклору.

Сёлетняе пленарнае пасяджэнне Чытанняў было прысвечана юбілею вучня Рыгора Шырмы – Васілю Ліцьвінку. У снежні яму споўнілася б 75. Сваімі ўспамінамі пра калегу падзяліліся дэкан філалагічнага факультэта БДУ, д.ф.н., прафесар І.С.Роўда; д.ф.н., прафесар В.П.Рагойша; балетмайстар М.К.Котаў, журналіст Р. Гамзовіч. З навуковымі дакладамі выступілі загадчык кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, д.ф.н., прафесар Т.І.Шамякіна (“Міфы масавай свядомасці і адукацыя”) і загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, д.ф.н., прафесар В.С.Новак (“Традыцыі абрадавага фальклору Століншчыны”).

У канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі і навукоўцы, студэнты, магістранты і аспіранты з розных вну рэспублікі (філалагічны і гуманітарны факультэты БДУ, БДУКіМ, БДАМ, ГДУ імя Ф. Скарыны), а таксама з НАН Беларусі.

Серыя сустрэч “Замежная літаратура ў беларускіх перакладах”

14 снежня 2016 кафедра замежнай літаратуры правяла для студэнтаў рамана-германскага і беларускага аддзяленняў сустрэчу з прадстаўніцай рэдакцыі электроннага часопіса перакладной літаратуры “ПрайдзіСвет” Ганнай Янкутай. Пасля цікавага і змястоўнага аповеду пра часопіс перакладчыца прадставіла аўдыторыі беларускамоўныя версіі гатычных раманаў "Замак Отранта" Хораса Ўолпала, "Франкенштайн" Мэры Шэлі, а таксама працягу серыі кніг пра Шэрлака Холмса Артура Конана Дойла.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні тонкасцяў працы з перакладамі замежнай класікі і твораў сучасных аўтараў, фінансавання перакладаў, прагучалі разважанні пра цяжкасці і радасці прафесіі перакладчыка мастацкай літаратуры.

Напрыканцы госця выказала спадзеў, што шэрагі беларускіх перакладчыкаў папоўняцца маладымі і таленавітымі студэнтамі філалагічнага факультэта.

 

Адкрытыя лекцыі прафесара Усходняга ўніверсітэта штата Вашынгтон Майкла Зукоскі

Кафедра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства і кафедра замежнай літаратуры запрашаюць на адкрытыя лекцыі non-stop прафесара Усходняга ўніверсітэта штата Вашынгтон (Eastern Washington University) Майкла Зукоскі (Michael Zukosky) Linguistic Anthropology in the USA (на англійскай мове), якія адбудуцца 16 лістапада у 12.45 і 14.25 (аўд. 304).

Запрашаем да дыскусіі!

Прэзентацыя кнігі “Фальклор і беларуская літаратура ў люстэрку міфалогіі” Таццяны Іванаўны Шамякінай

2 снежня 2016 г. на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі “Фальклор і беларуская літаратура ў люстэрку міфалогіі” доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэорыі літаратуры Таццяны Іванаўны Шамякінай. Выданне кнігі было прымеркавана да юбілея Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ў гэтым годзе святкуе сваё 95-годдзе. У прэзентацыі прымалі ўдзел студэнты 2 курса спецыяльнасцей “Руская філалогія”, “Беларуская філалогія”, выкладчыкі, аспіранты, запрошаныя госці. Падчас мерапрыемства студэнты пазнаёміліся і з іншымі выданнямі Т.І. Шамякінай: “Славянская міфалогія”, “Міфалогія і беларуская літаратура”, “Беларуская літаратура ХІ-ХХ ст.”, “Традыцыйны кітайскі каляндар і славянскія міфалагічныя паралелі”, “Іван Шамякін: вядомы і невядомы” і інш.  Т.І. Шамякіна з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг, па якіх вучылася не адно пакаленне студэнтаў.

У прэзентуемым выданні прадстаўлены даледаванні па міфалогіі, фальклоры і літаратуры ў аспекце культуралагічных  і навуковых праблем часу. Узаемадзеянне літаратуры, міфалогіі і фальклора разглядаецца ў кантэксце сусветнай культуры, што надае ўнікальнасць праведзеным даследаванням. У новых нечаканых ракурсах разглядаецца творчасць класікаў беларускай літаратуры.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ Вольга Віктараўна Прыемка адзначыла запатрабаванасць кнігі ў сучасным  навучальным працэсе.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ Міхась Паўлавіч Кенька падкрэсліў неабходнасць такіх грунтоўных і шматаспектных даследаванняў у наш час.

Больш падрабязна з выданнем можна пазнаёміцца ў бібліятэцы філалагічнага факультэта БДУ.

Віншуем!

Шчыра віншуем прафесара кафедры класічнай філалогіі Антаніну Васільеўну ГАРНІК з прысваеннем звання заслужанага работніка БДУ!

Прэзентацыя кніжнай серыі “Паэты планеты”

7 снежня 2016 кафедра замежнай літаратуры правяла прэзентацыю перакладной кніжнай серыі “Паэты планеты”. Студэнтам філалагічнага факультэта прадставілі вершы Сапфо і У. Хаяма, Ф. Петраркі і Ў. Шэкспіра, П. Рансара і Ш. Бадлера, Ё.В. Гётэ, Р.М. Рыльке, Г. Містраль, што выйшлі ў гэтай серыі. Акрамя таго былі праанансаваныя і кнігі, якія рыхтуюцца да друку: творы Г. Апалінэра, Г. Гайнэ, Гёльдэрліна. У прачытанні перакладчыкаў Лявона Баршчэўскага, Зміцера Коласа, Андрэя Хадановіча, Ганны Янкуты вершы замежных паэтаў прагучалі па-беларуску.