Завочны конкурс пачынаючых перакладчыкаў «MASTERING TRANSLATION»

Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта аб'яўляе завочны конкурс пачынаючых перакладчыкаў «MASTERING TRANSLATION»
 
Для ўдзельнікаў Конкурсу няма абмежаванняў па ўзросце і грамадзянстве. Пачаткоўцам можа лічыць сябе любы перакладчык, які не знаходзіцца ў прафесійных саюзах перакладчыкаў.
Конкурс праводзіцца ў два этапы па наступных намінацыях:
• Мастацкая проза;
• Пераклад спецыялізаваных тэкстаў.
 
Конкурс праводзіцца па мовах:
• Англійская мова (пераклад на рускую / беларускую / ўкраінскую мову).
 
Удзел у конкурсе
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна запоўніць заяўку, выканаць тэставае заданне і даслаць на e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. або на адрас: Беларусь, г. Мінск, вул.К.Маркса 31, к.122 (кафедра англійскай мовазнаўства)
 
Матэрыялы прадстаўляюцца ў электронным ці раздрукаваным выглядзе і маюць наступныя параметры тэксту:
• шрыфтTimes New Roman, 12пт;
• міжрадковы інтэрвал- 1,0;
• ў правым верхнім вуглупершай старонкі: прозвішча, імя аўтара, месца вучобы(работы), горад, кантактны тэлефон, e-mail;
• файл з тэкстам конкурснай работы назваць па прозвішчы аўтара з пашырэннем .doс (н-д, Иванова.doc)
 
Расклад правядзення конкурсу:
30.03 – 16.04.2016 - выкананне тэставых заданняў
25.04.2016 - публікацыя вынікаў конкурсу
Даты могуць быць зменены, таму сачыце за аб'явамі на сайце http://www.philology.bsu.by.
 
Журы
Журы (5 чалавек) складаецца з профільнай групы, куды ўваходзяць выкладчыкі- лінгвісты і спецыялісты па перакладзе.
Узнагароджанне: журы вызначыць трох пераможцаў (першае, другое і трэцяе месца), імёны якіх будуць апублікаваны на сайце факультэта і якім будуць высланы адпаведныя сертыфікаты. Пераклады замежных удзельнікаў конкурсу будуць разглядацца ў спецыяльнай намінацыі таксама з прысуджэннем першага, другога і трэцяга месцаў.
 
Жадаем прафесійных перакладаў і ўдачы ў далейшым!

Акцыя “Ад слова вырастаюць крылы...”

19 лютага 2016 года на ваенным факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі адбудзецца акцыя “Ад слова вырастаюць крылы...” з удзелам студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ. Акцыя прымеркавана да Мiжнароднага дня роднай мовы, які абвешчаны 30-й сесіяй Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці з 2000 года 21 лютага.
Гледачам прапануецца літаратурна-музычная кампазіцыя, у якой прагучаць вершы  знакамітых беларускіх паэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі і іншых, песні на вершы нашых класікаў, а таксама пераклады іх твораў на славянскія мовы.
Прысутныя атрымаюць шчаслівую магчымасць зазірнуць у вытокі роднай мовы і адчуць яе невычэрпныя магчымасці, узгадаць імёны, якія з’яўляюцца сімвалам творчага генію і духоўнага ўзлёту беларускага народа, візітоўкай нашай краіны – Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, дзейнасць якіх шмат у чым вызначыла нацыянальную спецыфіку і асноўныя напрамкі будучага развіцця нашай мовы і культуры; павучыцца беларускасці ў класікаў, адчуць асалоду ад судакранання з мілагучным беларускім словам і аддаць дані́ну павагі роднай мове.
Сваім ідэйным зместам акцыя “Ад слова вырастаюць крылы...” заклікае заўжды памятаць, што ў нас адна “Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі... ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне” (Я. Купала).

VIIІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыі «СВЕТ МОЎ: РАКУРСЫ І ПЕРСПЕКТЫВА»

ПАВАЖАНЫЯ КАЛЕГІ!
Кафедра англійскай мовазнаўства запрашае прыняць удзел у VIIІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «СВЕТ МОЎ: РАКУРСЫ І ПЕРСПЕКТЫВА», якая адбудзецца
21 красавіка 2017 года
На канферэнцыі плануецца праца ў завочным фармаце.
Тэматыка канферэнцыі:
1. Сучасныя праблемы айчыннага і замежнага мовазнаўства
2. Моўная адукацыя і моўная палітыка
3. Міжкультурная камунікацыя
4. Літаратура ў нацыянальным і міжнародным кантэксце
5. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі
6. Вышэйшая школа: сёння і заўтра
Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская, нямецкая, французская.
Больш падрабязная інфармацыя тут

Мележаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння класіка

10 лютага на філалагічным факультэце прайшлі Мележаўскія чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння класіка. Мерапрыемства было зладжана кафедрай беларускай літаратуры і культуры для студэнтаў 2 беларускага і 3 славянскага аддзяленняў. Сярод гасцей, апрача членаў згаданай кафедры, прысутнічалі к. філал. н., дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ Жардзецкая А.У.; старшы выкладчык кафедры раманскага мовазнаўства Аўдзей І.М.; супрацоўнікі бібліятэкі філалагічнага факультэта, дзякуючы якім удзельнікі чытанняў маглі азнаёміцца з юбілейнай кніжнай выставай.
З цёплым вітальным словам выступіў намеснік дэкана, к. філал. н., дацэнт  П.І. Навойчык. Ён падкрэсліў значнасць правядзення такога мерарыемства менавіта на нашым факультэце, дзе І.П. Мележ вучыўся і пэўны час працаваў.
Усім прысутным былі прапанаваныя для прагляду ўрыўкі з фільма Віктара Турава, знятага паводле рамана “Людзі на балоце”. Сцэны вяселля Ганны і Яўхіма, сустрэчы Ганны з Васілём кранулі не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў, якія бачылі іх не ў першы раз.
Доктар філалагічных навук, прафесар Л.Д. Сінькова ў сваім выступе вызначыла заслугі І. Мележа перад беларускай культурай. Менавіта аўтар “Палескай хронікі”, паводле Л.Д. Сіньковай, дапамагае беларусам пераадолець комплекс вышэйшасці над сялянскім і лакейства перад чужым. На думку выступоўцы, творы Мележа застаюцца актуальнымі і непераўзыдзенымі дзякуючы глыбіні і сапраўднасці перададзеных у іх пачуццяў.
Ва ўспамінах загадчыцы кафедры беларускай літаратуры і культуры, доктара філалагічных навук Т.І. Шамякінай прагучалі цікавыя прыватныя звесткі, звязаныя з жыццём Івана Мележа, які ў свой час сябраваў з яе бацькам Іванам Шамякіным. Яны былі суседзямі не толькі па знакамітым пісьменніцкім доме (на Карла Маркса, 36 у Мінску), але і суседзямі па лецішчы.
Т.І. Шамякіна назвала І. Мележа самым нацыянальным беларускім пісьменнікам.
З цікавасцю слухалі студэнты аповед к. філал. н., дацэнта А.Л. Вераб’я, які пракаментаваў урыўкі з фільма і ў змястоўным дакладзе з запалам раскрываў таямніцы біяграфіі творцы.
К. філал. н., дацэнт У.А. Навумовіч распавёў пра незвычайнасць творчага лёсу пісьменніка. Напрыклад, прысвечанае К. Чорнаму апавяданне Мележа “У завіруху” выйшла ў адным нумары з некралогам на смерць К. Чорнага. Па фатальнасці лёсу з І. Мележам маглі паспаборнічаць хіба В. Быкаў і А. Макаёнак.
Падчас выступу дакладчыкаў на экране транслявалася падрыхтаваная А.Л. Вераб’ём і К. Біруляй прэзентацыя. Былі паказаны рарытэтныя фотаздымкамі І. Мележа з уласнага архіву Т.І. Шамякінай.

IV Фестываль моў на Філалагічным факультэце БДУ

Па традыцыі ў апошнюю нядзелю сакавіка на Філалагічным факультэце БДУ прайшоў чарговы Фестываль моў, які стаў у Мінску ўжо чацвёртым па ліку. На працягу дня аматары лінгвістыкі мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца бліжэй з 6 з 50 моў свету, прадстаўленых на Фестывалі.
Сутнасць Фестывалю заключаецца ў прэзентацыях моў – кароткіх 45-хвілінных выступленнях, падчас якіх лектары дзеляцца са слухачамі найцікавейшымі фактамі аб мовах, пра якія яны распавядаюць. Прэзентатары расказваюць пра гісторыю моў, пра іх фанетыку, пісьменства, асаблівасці граматыкі і лексікі, пра народы, якія на іх размаўляюць, вучаць слухачоў базавым выразам, чытаюць вершы і спяваюць песні. У гэтым годзе на Фестывалі былі прадстаўленыя 46 моў: ад англійскай, французскай і іспанскай на захадзе да кітайскай, карэйскай і японскай на ўсходзе, ад шведскай, нарвежскай і фінскай на поўначы да арабскай, турэцкай і персідскай на поўдні. Аматары славянскіх моў маглі абіраць паміж славенскай, сербскай, чэшскай і шматлікімі іншымі, а ўвазе зацікаўленых непапулярнымі еўрапейскімі мовамі былі прапанаваныя мальтыйская, новагрэчаская, румынская, штучная мова эсперанта і іншыя незвычайныя мовы. Для тых жа, хто любіць глядзець на звычайнае пад новым вуглом, у праграму Фестывалю былі ўключаныя прэзентацыі рускай і беларускай моў як замежных.
Не абышлося і без навінак: выкладчыца кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Любоў Падпорынава прадставіла кашубскую мову – малую мову, на якой гавораць на поўначы Польшчы, а таксама правяла польскі размоўны клуб, дзе госці Фестывалю самага рознага ўзросту маглі папрактыкавацца ў маўленні на польскай мове. Трэцякурсніца філалагічнага факультэта Ірына Балабановіч распавяла пра старажытнарускую мову, а другакурсніца Марыя Бадзей – пра старабеларускую. Дарэчы, даведацца пра мову ВКЛ прыйшлі больш за 80 чалавек! Шмат новага прывезлі госці з Масквы: лекцыю пра сучасныя рускія дыялекты, аповед пра гэльскую мову – кельцкую мову Шатландыі, а таксама прэзентацыю мовы кумаёні, на якой размаўляюць у Гімалаях, – яе прадставіла маскоўская даследчыца Яўгенія Рэнкоўская, якая правяла сярод яго носьбітаў некалькі месяцаў.
Фестываль уключаў таксама лекцыі пра праблемы мастацкага і сінхроннага перакладу, пра камп’ютарную лінгвістыку, пра пісьменствы свету і пра звароты ў розных мовах, а таксама блок беларусістыкі і мерапрыемствы іншага фармату: госці Фестывалю маглі пазнаёміцца з легендамі старога Мінска, дазнацца, як бавіліся ў Нясвіжы ў XVIIIстагоддзі, пагуляць у гульню «Капялюш» на англійскай мове, парашаць лінгвістычныя задачы альбо паслухаць касмічную музыку, якую выконваў на незвычайным інструменце – хангу – кампазітар Іван Крыванос. А на закрыцці гледачоў чакаў музычны сюрпрыз ад дуэта «Танга Чэшырскага Ката».
У гэтым годзе гасцямі Фестывалю сталі каля 900 чалавек. Як і раней, найбольш папулярнымі прэзентацыямі аказаліся прэзентацыі іспанскай і японскай моў, якія сабралі больш за 150 чалавек кожная. Таксама ў лідары нечакана вырвалася грузінская мова, паслухаць пра якую прыйшлі больш ад 100 наведвальнікаў Фестывалю. Якія ж прэзентацыі і лекцыі атрымалі найвышэйшыя адзнакі, будзе вядома пасля апрацоўкі анкет гасцей.
Закрываючы IV Фестываль моў, ягоны заснавальнік і адзін з арганізатараў – маскоўскі лінгвіст Антон Сомін, які нарадзіўся ў Мінску, – паабяцаў у наступным годзе адсвяткаваць першы паўюбілей разнастайнымі сюрпрызамі і навінкамі. І калі ўсё будзе добра, 26 сакавіка 2017 года Філалагічны факультэт БДУ зноў расчыніць свае дзверы для ўсіх гасцей – на V Фестывалі моў.

Праграма тыдня беларускай мовы

19 лютага 2016 г., пятніца, 14.00- 16.00
(Беларуская дзяржаўная акадэмiя авiяцыi, ваенны факультэт)
Акцыя да Мiжнароднага дня роднай мовы з удзелам студэнтаў фiлалагiчнага факультэта БДУ: “Ад слова вырастаюць крылы...”.
 
22 лютага 2016 г., панядзелак, 12.45– 14.15
(аўд. 304)
Адкрыццё Тыдня беларускай мовы з удзелам рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта акадэміка С.У. Абламейкі, дэкана філалагічнага факультэта БДУ прафесара І.С. Роўды.
Літаратурна-музычная кампазіцыя “Слова роднае – вечнасці след...”
Да ўдзелу запрошаны:
Старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, прафесар, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН А.А. Лукашанец.
Галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, нязменны старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі, ініцыятар і пастаянны старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, Кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра, “вясёлкаўскай” прэміі імя В. Віткі, прэміі А. Грына, прэміі Міжнародных асацыяцый дзіцячых фондаў У.С. Ліпскі.
Доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнаўца, паэт, літаратурны крытык В.П. Рагойша.
Фальклорна-этнаграфiчны гурт фiлалагiчнага факультэта “Багач”.
Фальклорны калектыў “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска (мастацкі кіраўнік Марыя Снітко).
 
23 лютага 2016 г., аўторак, 11.15– 12.35
(аўд. 214)
Дзень беларускай філалогіі
Народная астраномія – забыты космас беларусаў
Госць – аўтар кнігі «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія» Цімафей Авілін, супрацоўнік НАН Беларусі, ДНУ Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, спецыяліст у сферы этнаастраноміі.
Слухачы пазнаёмяцца з некаторымі элементамі народнай славянскай міфалогіі, звязанай з нябеснымі целамі і сузор’ямі, атрымаюць адказы на пытанні: Чаму трэба загадваць жаданне, калі ляціць зорка па небе? Як нашы продкі называлі зоркі, сузор’і, Млечны Шлях і адкуль такія назвы? Ці была славянская астралогія? і іншыя.

 
23 лютага 2016 г., аўторак, 17.25– 18.45
(аўд. 304)
(Савет маладых вучоных)
Беларуская інтэлектуальная гульня з удзелам студэнтаў БДУ.
 
24 лютага 2016 г., серада, 12.45– 14.15
(аўд. 304)
Інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Філалогія і Я” з удзелам студэнтаў 1 курса спецыяльнасцей “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія” і “Славянская філалогія”.
 
 
25 лютага 2016 г., чацвер, 12.45– 14.15
(аўд. 322)
Лінгвістычная гасцёўня
Публічная лекцыяпершага намесніка дырэктара па навуковай рабоце “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН А.А. Лукашанца “Беларуская мова ў пачатку ХХІ стагоддзя: праблемы беларускамоўнай кампетэнцыі і адукацыі”.
 
26 лютага 2016 г., пятніца, 12.45– 14.15
(аўд. 47)
Дзень беларускага перакладу
Чорна-белае імгненне, або палітра перакладзенага слова…
Сустрэча з Міхасём Паўлавічам Кенькам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; літаратуразнаўцам, перакладчыкам, экспертам па праблемах сучаснай беларускай літаратуры, параўнальнага літаратуразнаўства, тэорыі мастацкага перакладу; журналістам, сябрам Саюза журналістаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Перакладае на беларускую мову з рускай, украінскай, польскай, славацкай, чэшскай, нямецкай моў, а таксама з беларускай на рускую. Пераклаў творы Г. Сянкевіча, Ю. Крашэўскага, В. Палянецкага, Э. Баса, А. Андрэева, Л. Вяжбіцкага і інш. аўтараў.

VІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Руская мова: сістэма і функцыянаванне»

18–19 кастрычніка 2016 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася VІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «РУСКАЯ МОВА: СІСТЭМА І ФУНКЦЫЯНАВАННЕ» (да 95-годдзя БДУ, 50-годдзя кафедры рускай мовы, 90-годдзя прафесара П. П. Шубы) .

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Кітая.

На адкрыцці канферэнцыі выступілі з прывітальным словам прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ С.М. Ходзін, саветнік пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь М.А.Навадворская і кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь В.Л. Мічурын.

18 кастрычніка на пленарным пасяджэнні выступілі прафесары Роўда І.С. (Мінск), Шарандзін А.Л. (Масква), Харытончык З.А. (Мінск), Мячкоўская Н.Б. (Мінск), Князеў Ю.П. (Вялікі Ноўгарад), Эмер Ю.А. (Томск), Сарокіна Э.А. (Масква), Ліцвінка Ф.М. (Мінск), Рабко В.П. (Растоў-на-Доне), Алтабаева А.У. (Масква), Рычкова Л.В. (Гродна).

19 кастрычніка праходзіла праца секцый па наступных навуковых напрамках:

1. Руская мова ў дыяхранічным аспекце.

2. Праблемы семантычнай інтэрпрэтацыі і намінацыі.

3. Граматычныя катэгорыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы (функцыянальны і прагматычны аспекты).

4. Актуальныя працэсы ў сінтаксічным ладзе рускай мовы.

5. Новыя тэхналогіі ў выкладанні рускай мовы.

6. Руская мова ў сучасным свеце: дынаміка моўных кантактаў.

Канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні. Прынята рашэнне прадоўжыць правядзенне падобных канферэнцый, паколькі яны даюць магчымасць паглыбляць веды аб рускай мове, яе гісторыі і сучасным стане, дазваляюць маладым лінгвістам апрабаваць свае навуковыя ідэі і спрыяюць умацаванню навуковых сувязяў паміж лінгвістамі свету.

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў.

“Беларуская інтэлектуальная гульня”

23 лютага на філалагічным факультэце з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і ў рамках правядзення Тыдня родная мовы адбылася “Беларуская інтэлектуальная гульня”. Мерапрыемства было арганізавана аспіранткай кафедры беларускай літаратуры і культуры, членам Савета маладых вучоных Ірынай Часнок і выпускніцай згаданай кафедры Алесяй Гурскай-Таболіч. Галоўнай мэтай правядзення гульні з’яўляецца папулярызацыя беларускай культуры – традыцыйнай і сучаснай.
У “Беларускай інтэлектуальнай гульні” прынялі ўдзел каманды студэнтаў і выкладчыкаў філалагічнага факультэта, а таксама каманды навучэнцаў іншых факультэтаў БДУ і ўніверсітэтаў г. Мінска. Інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў азартна напружанай і ў той жа час сяброўскай атмасферы. Акрамя таго, непаўторны каларыт стваралі стыль выступлення і яскравыя жарты вядучага – Вадзіма Жыдовіча.
Падчас мерапрыемства перад удзельнікамі выступілі прадстаўнікі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі зрасповедам пра цікавыя праекты, якія ладзяцца ў тэатры, і запрашэннем маладых аматараў роднага слова да творчага дыялогу. Вядомы паэт Віктар Жыбуль прачытаў свае вершы, якія, што не дзіўна, выклікалі ў слухачоў сапраўднае захапленне.
Пераможцамі сталі наступныя каманды: “Дзед” – 1 месца (зборная студэнтаў славянскай і рамана-германскай філалогій, факультэтаў радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, філасофіі і сацыяльных тэхналогій), “Кату пад пяту” – 2 месца (студэнты беларускай філалогіі) і “Мова ў мундзіры” – 3 месца (студэнты рускай і славянскай філалогій і выкладчыкі). Пераможцы атрымалі прыемныя падарункі ад арганізатараў, а да таго ж, за першае месца – білеты ў тэатр ад Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Віншуем пераможцаў гульні і дзякуем усім сябрам філалагічнага факультэта за цікавасць да нашых праектаў!

Тыдзень роднай мовы

21 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня роднай мовы. З вітальнымі словамі выступілі прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі С.М. Ходзін, дэкан філалагічнага факультэта І.С. Роўда, намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце В.У. Зелянко, намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Г.В. Гусакова, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь І.У. Булаўкіна, беларускі паэт, празаік, перакладчык В.А. Шніп, намеснік начальніка Ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі А.В. Ермаловіч.

Літаратурна-музычная кампазіцыя «У роднай мове – цэлы свет…» была прадстаўлена творчымі нумарамі студэнтаў і стажораў на мовах, якія прафесійна вывучаюцца на філалагічным факультэце. Свае творчыя здольнасці прадэманстравалі курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, ансамбль «Жалейка», прадстаўнікі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

22 лютага ў традыцыйнай сустрэчы, прысвечанай беларускаму перакладу, прымеркавай да выдання тэкстаў Новага Запавета і Псалтыра ў перакладзе на сучасную беларускую мову, прынялі ўдзел прафесар І.А. Чарота і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры, выдатнік народнай асветы Беларусі, супрацоўнік групы вучоных-філолагаў пры Мінскім касцёле Святога Сымона і Святой Алены па перакладзе рэлігійнай літаратуры на сучасную беларускую літаратурную мову В.К. Раманцэвіч. Студэнты філалагічнага факультэта прачыталі вершы народнага паэта Беларусі, эсэіста і перакладчыка Рыгора Барадуліна.

23 лютага ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні «Філалогія і Я» прынялі ўдзел студэнты 1 курсаў спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» і «Славянская філалогія». Адбыліся рэкламны, вітальны, паэтычны, граматычны, песенны і іншыя конкурсы, якія прадэманстравалі высокі крэатыўны і эўрыстычны патэнцыял першакурснікаў. Да ўдзельнікаў мерапрыемства з цёплымі словамі звярнуўся беларускі паэт, перакладчык і выкладчык Мікола Шабовіч, які прачытаў некалькі сваіх вершаў. Пераможцамі ў гульні стала каманда студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія».

Ролі і значэнню кітайскай культуры ў Беларусі, узаемадзеянню кітайскай і беларускай моў было прысвечана мерапрыемства, якое прайшло 26 лютага. Намеснік дэкана, загадчык кафедры кітайскай філалогіі М.М. Хмяльніцкі адзначыў дасягненні кафедры ў галіне вывучэння кітайскай мовы і літаратуры. Выкладчыкі кафедры кітайскай філалогіі Г.С. Холева і В.В. Жукавец правялі прэзентацыю ўнікальнага гуртка “Дыялог”. Былі заслуханы пераклады на беларускую мову, прачытаныя студэнтамі-першакурснікамі. Выкладчыкі кафедры кітайскай філалогіі падзяліліся з прысутнымі трыма ўлюбёнымі іерогліфамі – 好 (добра), 春 (вясна) і 爱 (каханне). Гурток кітайскай каліграфіі “Цан Цзэ” прадставіла яго кіраўнік, выкладчык кітайскай мовы Фу Сюеін. Адказны сакратар часопіса «Полымя» Юлія Алейчанка прадставіла серыю кніг «Светлыя знакі. Паэты Кітая».

27 лютага ў межах Лінгвістычна-мастацка-дыскусійнай гасцёўні на тэму «Яны змаглі, а ТЫ зможаш?» арыгінальнымі ідэямі папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі падзяліўся сузаснавальнік камунікацыйнай кампаніі GBS Дзмітрый Гмыза.

Навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці Браніслава Аляксандравіча Плотнікава

15 снежня на філалагічным факультэце адбыліся навуковыя чытанні, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння лаўрэта Дзяржаўнай прэміі Беларусі доктара філалагічных навук прафесара Браніслава Аляксандравіча Плотнікава.
У дзень нараджэння Браніслава Аляксандравіча яго калегі і вучні сабраліся, каб ушанаваць памяць вядомага лінгвіста, таленавітага і працавітага вучонага, паплечніка, сябра і настаўніка. Шмат удзячных і цёплых слоў прагучала ва ўспамінах дэкана філалагічнага факультэта прафесара І.С.Роўды, загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы прафесара М.Р.Прыгодзіча, прафесара кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства А.М.Рудэнка, дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры У.Г.Кароткага і дацэнта кафдры сучаснай беларускай мовы Г.К.Чахоўскага.
Браніслаў Аляксандравіч Плотнікаў як шматгранны навуковец, аўтар вялікай колькасці навуковых і вучэбных выданняў пакінуў яскравы след у беларускім мовазнаўстве, а як педагог і дэкан – у гісторыі нашага факультэта.
Па матэрыялах навуковых чытанняў у хуткім часе будзе выдадзены зборнік артыкулаў.

Прэзентацыя манаграфіі Ганны Іванаўны Кулеш “Мова беларускага заканадаўства ХХ стагоддзя: генезіс і эвалюцыя”

26 лютага ў межах Тыдня беларускай мовы кафедра гісторыі беларускай мовы і кафедра канстытуцыйнага права правялі сумеснае мерапрыемства, на якім прэзентавалі манаграфію дацэнта Ганны Іванаўны Кулеш “Мова беларускага заканадаўства ХХ стагоддзя: генезіс і эвалюцыя”. Аўтар навуковага даследавання расказала пра мэты і асноўныя вынікі сваёй працы, акрэсліла шляхі, па якіх адбывалася складванне заканадаўчай тэрміналогіі ў беларускай мове, апісала сучасны стан гэтай часткі спецыяльнай лексікі. Загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч і загадчык кафедры канстытуцыйнага права прафесар Рыгор Аляксеевіч Васілевіч у сваіх выступленнях звярнуліся да праблемы выкарыстання беларускай мовы ў сферы заканадаўства, а таксама да шляхоў вырашэння гэтай праблемы. Актыўны ўдзел у абмеркаванні выступленняў прыняла прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Таісія Іванаўна Доўнар. На сустрэчы прысутнічалі студэнты юрыдычнага факультэта і супрацоўнікі абедзвюх кафедр.