Майстар-клас прафесара Т. І. Шамякінай

Майстар-клас прафесара Т. І. Шамякінай – лекцыя з элементамі дыялогу на тэму "Культура Кіеўскай Русі" – у гэтым навучальным годзе адкрываў серыю мерапрыемстваў на філалагічным факультэце, прысвечаных ўкараненню інавацыйных падыходаў у выкладанні філалагічных дысцыплін.

Вучэбны занятак, пабудаваны ў форме маляўнічай слайд-прэзентацыі, з элементамі апераджальнага кантролю самастойнай працы студэнтаў, захапляў сваёй глыбока прадуманай змястоўнасцю, сэнсавай насычанасцю ў прапрацоўцы матэрыялу.

У лекцыйным курсе прафесара Т. І. Шамякінай эфектыўна і выйгрышна, панарамна задзейнічаюцца інфармацыйна-камунікацыйныя адукацыйныя тэхналогіі – мультымедыйныя сродкі навучання. Занятку папярэднічала сучасная "перадгісторыя" – праектна-эўрыстычная дзейнасць удзельнікаў, заснаваная на самастойным аналітычным асэнсаванні студэнтамі розных кінематаграфічных трактовак-версій для паказу адлюстраваных гісторыка-культурных падзей.

Аперацыйнымі адзінкамі для стылю мыслення лектара, па сутнасці, з'явіліся такія глабальныя катэгорыі, як культурна-цывілізацыйныя эпохі, культурэмы і пад. Былі дарэчна выкарыстаны элементы праблемнага, дыялагічнага выкладу. Метадычна прадумана і арганічна праводзілася актуалізацыя ведаў і канцэптуальных уяўленняў студэнтаў.

Бліскучымі, каларытнымі і жывымі былі экскурсы-тлумачэнні да асобных паняццяў і рэалій, уключна з этымалагічнымі, тапанімічнымі і гісторыка-культурнымі даведкамі. Матэрыял заняткаў (напрыклад, асвятленне вобразу княгіні Вольгі /вобраз дабратворны і спакойны – у іканапіснай традыцыі – альбо, наадварот, уладны, валявы, рашучы, жорсткі – на партрэце сучаснага нам мастака?/, пытанне аб характары ўвядзення хрысціянства на Русі) падаваўся дыялектычна, з рознабаковых пазіцый. І сам матэрыял гэты, як маглі пераканацца ўсе вучні і калегі ў аўдыторыі, – па-сапраўднаму энцыклапедычны, інакш кажучы, такі, распрацоўка зместу і формы падачы якога патрабавалі сапраўды тытанічнай, падзвіжніцкай і самаадданай працы, энергіі сэрца і розуму лектара, што абуджалі, у адказ, працу душы і думкі студэнтаў.