Прэзентацыя рэпартажнага відэафільма «Падарожжа да пазнання і творчасці: анталогія творчых заданняў»

У кантэксце развіцця работы філалагічнага факультэта БДУ ў галіне ўкаранення інавацый у філалагічнай адукацыі і прафесійнага свята – Дня настаўніка – на філалагічным факультэце БДУ 5 кастрычніка 2018 г. адбылася прэзентацыя рэпартажнага відэафільма кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры «Падарожжа да пазнання і творчасці: анталогія творчых заданняў». У мерапрыемстве ўзялі зацікаўлены ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва факультэта і яго кафедраў, выкладчыкі і студэнты розных спецыяльнасцяў і курсаў. Была прадстаўлена аўтарская практыка-арыентаваная распрацоўка адукацыйнай дзейнасцi ў форме занятку-падарожжа, праведзенага сярод замежных студэнтаў. У ёй увасобіліся ідэі праектна-эўрыстычнага навучання, пабудовы асацыяграм ключавых паняццяў і выкарыстання эйдас-канспектаў, прыцягнення элементаў цьютарскай работы з навучэнцамі, рэфлексійнай методыкі і інш. Задума суправаджальнага метадычнага каментарыя будавалася на ідэі метапрадметнага асэнсавання катэгорыі творчасці – маўленчай і метадычнай. Пры гэтым развіваецца творчае маўленчае і метадычнае мысленне студэнтаў, на аснове інтэграцыі рацыянальна-лагічнага і эмацыянальна-вобразнага, асацыятыўнага спосабаў у разуменні навучальнага матэрыялу. У межах гэтай канцэпцыі філалагічная адукацыя выступае як шлях да творчасці, пазнання, самаўдасканалення, развіцця культуры асобы і асобы ў цэлым, што спрыяе станаўленню прафесійных, акадэмічных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый спецыялістаў.

У фарміраванні і рэалізацыі задумы занятку кваліфікаваную дапамогу аказалі вучэбна-метадычная лабараторыя інавацый у адукацыі БДУ і супрацоўнікі кафедры. Другая частка падрыхтаванага і прадэманстраванага навучальнага фільма ўяўляла сабой дакументальную, рэпартажную відэаздымку аб абароне і дыскусійным абмеркаванні студэнтамі адукацыйных праектаў, прысвечаных перспектыўным тэхналогіям у сучасным філалагічным выкладанні, і, такім чынам, выступала як прыклад так званай падзейнай арганізацыі навучання.