Семінарскія заняткі па вучэбнай дысцыпліне “Тэорыя і практыка перакладу” (з нямецкай мовы на рускую)

У рамках актыўнага ўкаранення элементаў інавацыйнай арганізацыі выкладання ў другой дэкадзе кастрычніка 2018 г. на філалагічным факультэце БДУ адбыліся семінарскія заняткі па вучэбнай дысцыпліне “Тэорыя і практыка перакладу” (з нямецкай мовы на рускую) для студэнтаў 5 курса спецыяльнасці “Рамана-германская (нямецкая) філалогія”. Майстар-класс быў арганізаваны кафедрай нямецкага мовазнаўства і праведзены старшым выкладчыкам кафедры В. А. Лойкай. У наведванні і абмеркаванні заняткаў прымалі ўдзел загадчык кафедры нямецкага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук С.С. Катоўская, загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, кандыдат педагагічных навук Таяноўская І.В., выкладчыкі профільных кафедраў філалагічнага факультэта.

Семінар уяўляе сабой аўтарскую практыка-арыентаваную распрацоўку навучальнай дзейнасці. Студэнты атрымалі магчымасць паназіраць і прадэманстраваць у агучанай “унутранай мове”, як разважае перакладчык у працэсе выканання пісьмовага перакладу. Яны ўбачылі, як выкарыстоўваецца неабходная прафесійным пісьмовым перакладчыкам тэхнічная кампетэнцыя працы ў адной з сістэм аўтаматызаванага перакладу Smartcat, якая ўключае ў сябе рэдактар перакладу, памяць перакладаў,  гласарый і функцыі кантроля якасці перакладу. Іншыя кампетэнцыі перакладчыка – пошук, міжкультурная, моўная – таксама знайшлі свае адлюстраванне ў рамках семінара. На занятках такога профілю студэнты вучацца вызначаць аб’ём інфармацыі, які з’яўляецца неабходным і дастатковым для выканання пэўнага перакладчыцкага заказу, распрацоўваць і выкарыстоўваць стратэгіі і тактыкі пошуку лексічных, граматычных, стылістычных, тэкставых,  прагматычных, міжузроўневых адпаведнікаў, вызначаць фрагменты, цяжкія для разумення прадстаўнікамі іншых культур, знаходзіць унікальныя перакладчыцкія рашэнні, абараняць свой варыянт перакладу і згаджацца з апраўданымі і слушнымі выпраўленнямі і каментарыямі.

Такая арганізацыя вучэбнай працы дазволіла на наглядных прыкладах убачыць, як выконваецца пераклад, і “падслухаць”, як і аб чым у працэсе міжмоўных і міжкультурных трансфармацый тэксту думае перакладчык.

Прадметам асаблівай увагі ў распрацаванай мадэлі заняткаў з’яўляецца дасягальны рэжым рэальнага часу (real-time), дзе магчымая ў іншых сітуацыях расцягнутасць у часе, руціна, манатоннасць нівеліруецца дынамічнай зменай роляў адказных студэнтаў-перакладчыкаў, якія фіксуюць канчаткова выпраўлены варыянт перакладзенага выказвання ў павялічаным наглядным плане, з агульнааўдыторнай праекцыяй на экран.

У гэтым выпадку пераклад базіруецца на асабліва паглыбленым, сэнсаванагружаным і інтэлектуальна напружаным штудзіраванні-чытанні, становіцца сапраўднай стылістычнай лабараторыяй з дыялагічна пабудаваным разглядам і ацэнкай індывідуальна прапанаваных варыянтаў-рэдакцый, што мае вялікае выхаваўчае значэнне, як наглядна успрынятая і “сумесна пражытая” праца увагі, цярпення і розуму, волі і душы перакладчыка.