Майстар-клас па навучанні італьянскай мове з прымяненнем інавацыйных тэхналогій

23 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ адбыўся майстар-клас па навучанні італьянскай мове з прымяненнем інавацыйных тэхналогій. Заняткі падрыхтавала старшы выкладчык кафедры раманскага мовазнаўства Івановіч Кацярына Анатольеўна. Мэта майстар-класа ˗ паказаць усе магчымасці выкарыстання інтэрактыўнай дошкі і сучасных тэхналогій на занятках па замежнай мове.

У гэтым навучальным годзе студэнты філалагічнага факультэта выкарыстоўваюць італьянскія падручнікі серыі Spazio Italia выдавецтва Loescher, прадастаўленыя Пасольствам Італьянскай Рэспублікі ў Мінску. Для гэтых падручнікаў існуе спецыяльна распрацаваны дадатак Booktab, які дазваляе працаваць з падручнікам, выкарыстоўваючы інтэрактыўную дошку. Заняткі па тэме «Штодзённае жыццё. Дні тыдня, даты, поры года» праводзіліся са студэнтамі 2 курса, якія вывучаюць італьянскую мову як другую замежную. У аснову майстар-класа быў пакладзены практыка-арыентаваны падыход, пры якім усе заданні скіраваны на максімальна эфектыўнае засваенне новых лексічных адзінак і выпрацоўку структур маўлення. На занятках студэнты вывучылі назвы дзён тыдня, паглядзелі арыгінальны відэаролік аб працы італьянскіх вінаробаў ў розныя поры года. Падчас майстар-класа былі прадэманстраваны розныя магчымасці інтэрактыўнага падручніка: усе практыкаванні, якія самастойна выконваюць студэнты, былі прадстаўлены на экране, усе аўдыё˗ і відэаматэрыялы «запускаюцца» непасрэдна ў дадатку, што значна эканоміць час выкладчыка. Акрамя таго, дадатак змяшчае інтэрактыўныя заданні, якія студэнты выконваюць  калектыўна з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі. Адной з галоўных якасцей выкарыстання інтэрактыўнай дошкі з’яўляецца магчымасць чаргаваць розныя віды дзейнасці на занятках, што дазваляе ў займальнай форме хутка і эфектыўна дасягнуць пастаўленых мэтаў.