Адкрытая лекцыя-дыялог на тэму «Еўрыпід – “філосаф на сцэне”»

19 лістапада 2018 г. адбыўся майстар-клас старшага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі Ю. А. Сядзінінай-Баркоўскай у форме адкрытай лекцыі-дыялогу на тэму «Еўрыпід – “філосаф на сцэне”». Форма лекцыі-дыялогу была абраная для актыўнага далучэння студэнтаў да працэсу засваення вучэбнага матэрыялу. Наяўнасць у студэнтаў дастатковага аб’ёму ведаў па міфалогіі і гісторыі Старажытнай Грэцыі дазволіла выкарыстаць калектыўны досвед аўдыторыі пры выяўленні спецыфічных асаблівасцей творчасці апошняга з вялікай трыяды грэчаскіх трагікаў. Прадуктыўнае супрацоўніцтва выкладчыка і студэнтаў праз эўрыстычны дыялог дало магчымасць дасканала выявіць прычыны крызісу поліснага светапогляду, што абумовіў найважнейшыя рысы творчасці Еўрыпіда. Таксама сумесна быў абмаляваны культурны асяродак, у якім тварыў Еўрыпід, супастаўлены ўплыў на грамадства вучэння Сакрата і ідэй сафістаў. Студэнты змаглі прасачыць, якім чынам дыялектычны метад сумеснага ўстанаўлення аб’ектыўнай ісціны, які сам Сакрат называў «маеўтыкай», паслужыў асновай для сучаснай эўрыстычнай арганізацыі працэсу прадуктыўнага творчага мыслення.

Супастаўленне традыцыйных міфалагічных трактовак і іх адбіткаў у творах Еўрыпіда, параўнанне творчых метадаў і ідэйных канцэпцый старажытнагрэчаскіх драматургаў ажыццяўлялася з мэтай развіцця ўмення студэнтаў разглядаць з’явы і пытанні з розных пунктаў погляду, аргументаваць і адстойваць сваю пазіцыю. Сродкамі актывізацыі выступалі як асобныя пытанні да аўдыторыі, так і арганізацыя дыскусіі, стварэнне ўмоў для ўзнікнення альтэрнатыў. Актыўны ўдзел студэнтаў у пошуку вырашэння пастаўленых праблем, іх эмацыянальнае суперажыванне давала магчымасць выкладчыку найбольш доказна выкласці чарговы тэзіс выступлення. Сумесна з выкладчыкам студэнты захоплена шукалі прычыны «зніжанасці» міфалагічных герояў, аналізавалі наступствы трансфармацыі міфалагічных сюжэтаў, сачылі за нарастаннем псіхалагізацыі; параўноўвалі сістэмы светабудовы Эсхіла, Сафокла і Еўрыпіда. Вынікам калектыўнага даследавання з’явілася «мазгавая атака», якая дазволіла аўдыторыі сфармуляваць комплекс заканамернасцяў літаратурнага працэсу, сістэматызаваных ў выглядзе сумесна выпрацаваных тэзiсаў.

Як падчас самой лекцыі, так і ў межах папярэдняй самастойнай праектна-эўрыстычнай дзейнасці студэнтаў былі шырока задзейнічаны сучасныя інфармацыйна-камунікатыўныя адукацыйныя тэхналогіі. Перад заняткамі з дапамогай сэрвісу Google Classroom студэнтам было прапанавана пазнаёміцца як з класічнымі тэатральнымі пастаноўкамі трагедый Еўрыпіда, так і з іх сучаснымі прачытаннямі; дадзеныя матэрыялы жыва абмяркоўваліся ў заключнай частцы заняткаў. У ходзе самой лекцыі з мэтай актуалізацыі ўвагі студэнтаў і акцэнтавання найбольш важных аспектаў тэмы выкарыстоўвалася слайд-прэзентацыя. Элементы драматызацыі з дэкламацыяй урыўкаў з трагедый Еўрыпіда як на старажытнагрэчаскай мове, так і ў перакладзе, суправаджаліся выразным слайд-шоў, дзе былі прадэманстраваны як працы вядучых майстроў выяўленчага мастацтва, так і постары сучасных пастановак. Прыцягненне ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу аб’ектаў еўрапейскага мастацтва спрыяла актывізацыі творчага мыслення студэнтаў. Абраная метадалогія заклікана служыць пашырэнню культуразнаўчых даляглядаў пазнання, рэалізацыі катэгорый унутрыдысцыплінарнай і міждысцыплінарнай пераемнасці і перспектыўнасці.

У абмеркаванні майстар-класа прынялі ўдзел загадчык кафедры класічнай філалогіі кандыдат філалагічных навук В. Г. Пракапчук, загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры кандыдат педагагічных навук І. У. Таяноўская, вядучы спецыяліст вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі БДУ І. А. Серада, выкладчыкі кафедры класічнай філалогіі.

І. У. Таяноўская, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры:

Дыялог са студэнтамі на гэтых занятках набывае накіраванасць, якая характарызуецца паэтапным, паступальным развіццём. Гісторыка-культурнае і маралістычнае супастаўленне закранае разнастайныя мастацкія тэксты, герояў і магчымыя меркаванні. Правамернасць учынкаў герояў ацэньваецца як з пункту погляду логікі міфа, так і з пункту погляду грэчаскага грамадства; з маральнай і з прававой пазіцыі; гэта дапамагае студэнтам, як «паўнапраўным героям заняткаў», прыйсці да ўласных, прадуманых і ўзважаных высноў. Сучасна гучыць неадназначнае, нелінейнае асэнсаванне гендарнай праблематыкі ў творчасці Еўрыпіда (напрыклад, прасочваецца генезіс думкі пра яго мізагенію, і разам з тым – гучыць пранікнёны маналог пра драматычнасць лёсу жанчыны, якая ўзнімае голас у абарону сваіх правоў).

Змест мультымедыйнай прэзентацыі, як мы ўсе змаглі пераканацца, меў пашыранае культуралагічнае гучанне, быў звернуты на элементы адлюстравання тэматыкі заняткаў праз прызму розных відаў мастацтваў. Напрыклад, у сувязі з аналізам трагедыі Еўрыпіда «Медэя» дэманструецца прысвечаная вобразу Медэі фрэска з г. Пампеі, якая знаходзіцца ў музеі Неапаля. Пры аналізе трагедыі «Геракл» мы бачым скульптуру «Геракл і Ліхас» Антоніа Кановы, прадстаўленую ў Нацыянальнай галерэі сучаснага мастацтва ў Рыме. Паказ прэзентацыі носіць пераемна-зваротны характар: розныя яе элементы параўноўваюцца паміж сабой.

Высновы лекцыі ў прэзентацыі зусім невыпадкова вызначаюцца як «нашы», сумесна створаныя выкладчыкам і студэнтамі-ўдзельнікамі заняткаў.

Мастацкае выкананне фрагментаў трагедый на занятках набывае выразнасць, якая дасягае ступені тэатралізацыі: лектар валодае выразным талентам дэкламатарскага ўзмацнення (эмфазы).

У шматстайных абліччах-выявах, адлюстраваных у лекцыі, Еўрыпід выступае не толькі як маштабны філосаф на сцэне, але і як пранікнёны псіхолаг, суддзя, які пільна ўзіраецца ва ўнутраную сутнасць чалавека, і як пластычны скульптар, які высякае бачныя вобразы сцэны.

В. С. Зарэмба, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

Юлія Анатольеўна не проста займальна (і захапляльна!) распавядала студэнтам пра жыццё і творчасць Еўрыпіда, але матывавала аўдыторыю да актыўнай дыскусіі, па-майстэрску накіроўваючы слухачоў да абмеркавання найбольш праблемных пытанняў драматургіі вялікага трагіка, і здолела абудзіць жывую цікавасць да старажытных вобразаў і сюжэтаў. Пры тлумачэнні тэмы выкладчык таксама шырока выкарыстоўвала звесткі з антычнай міфалогіі, гісторыі, этыкі, прадэманстраваўшы рознабаковую эрудыцыю філолага-класіка. Асобна хачу адзначыць уключаную ў лекцыю слайд-прэзентацыю з падборкай сучасных афіш тэатральных пастановак Еўрыпіда, якая праілюстравала значнасць антычных сюжэтаў для еўрапейскай (і шырэй – сусветнай) культуры да цяперашняга часу.

В. Г. Пракапчук, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры класічнай філалогіі:

Форма правядзення майстар-класа – лекцыя-дыялог – рэалізавана цудоўна: мы ўбачылі выкарыстанне эўрыстычнага метаду ў ходзе ўсёй лекцыі; гэта стала магчымым дзякуючы прыцягненню шырокіх інтэрдысцыплінарных сувязей. Ю. А. Сядзініна-Баркоўская актыўна актуалізавала веды студэнтаў па ўжо пройдзеных дысцыплінах, такіх як «Гісторыя Старажытнай Грэцыі і Рыма», «Антычная міфалогія», «Антычная метрыка і рыторыка». Сапраўды, у маеўтычнай манеры нараджалася новае веданне ў студэнтаў: яны самі прыходзілі да асноватворных высноў, а выкладчык выступала ў якасці настаўніка, падштурхоўвала да ісціны. Сама тэма заняткаў «Еўрыпід – „філосаф на сцэне“» адлюстравалася і ў вобразе лектара. Лектарская пляцоўка стала для Юліі Анатольеўны адначасова і філасофскай трыбунай (рэфлексія са студэнтамі над найважнейшымі філасофскімі тэмамі жыцця і смерці, абавязку, гонару, кахання і любові), і тэатральнымі падмосткамі (драматычнае чытанне фрагментаў з Еўрыпіда), што вельмі моцна ўразіла не толькі студэнтаў, але і прысутных калег. Перадпрагляд студэнтамі прапанаваных выкладчыкам сучасных пастановак трагедый Еўрыпіда таксама даў магчымасць рэфлексіі над адлюстраваннем антычных вобразаў у сучасным мастацтве. Відавочна, што папярэдняя падрыхтоўка студэнтаў да лекцыі ў форме розных заданняў і выкладзеных загадзя матэрыялаў у Google Classroom дазваляе правесці лекцыю ў крэатыўнай і пошукавай форме, што захапляе студэнтаў і больш поўна раскрывае іх асобасныя якасці.