Майстар-клас «Педагагічная майстэрня студэнтаў-італьяністаў ў Школе юнага філолага»

8 снежня на філалагічным факультэце БДУ адбыўся майстар-клас загадчыка кафедры раманскага мовазнаўства Панцялеенка Алесі Аляксандраўны на тэму «Педагагічная майстэрня студэнтаў-італьяністаў ў Школе юнага філолага». Правядзенне мерапрыемства абумоўлена стратэгічнымі мэтамі, якія на сённяшні дзень ставяцца перад сістэмай вышэйшай адукацыі і адпаведаюць патрабаванням, якія прад’яўляюцца выпускніку. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел студэнты старэйшых курсаў спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія», каля трыццаці дзяцей з мінскіх школ, выкладчыкі італьянскай мовы філалагічнага факультэта, начальнік аддзела па справах Культуры і Друку Пасольства Італіі ў Мінску Крысцiна Скьявон. Была прадстаўлена аўтарская практыка-арыентаваная распрацоўка па арганізацыі пазааўдыторнай дзейнасці студэнтаў, якая ўяўляе сабой спробу аб’яднаць айчынныя і замежныя педагагічныя традыцыі. Тэарэтычнай асновай паслужылі ідэі А.С. Макаранка і М. Мантэсоры, якія знайшлі адлюстраванне ў працы са студэнтамі ў межах праектна-пошукавага навучання. Падрыхтоўка да правядзення заняткаў па італьянскай мове для школьнікаў ва ўзросце ад шасці да пятнаццаці гадоў ўключала распрацоўку планаў-канспектаў урокаў, выкарыстанне элементаў цьютарскай працы з навучэнцамі, рэфлексіўнай методыкі і інш. Пры гэтым развіваецца творчае і метадычнае мысленне студэнтаў. У межах гэтай канцэпцыі арганізацыя педагагічнай майстэрні ў Школе юнага філолага выступае як шлях да творчасці, пазнання, самаўдасканалення, развіцця культуры асобы і асобы ў цэлым, што спрыяе станаўленню прафесійных, акадэмічных і сацыяльна-асобасных кампетэнцый спецыялістаў. Разам з узмацненнем разнастайных кампетэнцый студэнтаў-філолагаў мерапрыемства спрыяе фарміраванню станоўчага іміджу БДУ, павышэнню прэстыжу італьянскай мовы для патэнцыяльных абітурыентаў філалагічнага факультэта.