Майстар-клас «Дзелавая камунікацыя. Працаўладкаванне» па выкладанні польскай мовы як замежнай з ужываннем інавацыйных метадаў навучання

14 сакавіка 2019 года на філалагічным факультэце БДУ выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Н.А. Кахновіч правяла адкрытыя практычныя заняткі па польскай мове на тэму «Дзелавая камунікацыя. Працаўладкаванне» для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія».

У межах падрыхтоўкі да дадзеных заняткаў студэнтамі было выканана псіхалінгвістычнае заданне па вызначэнні асобасных прыярытэтаў, што забяспечыла стварэнне высокай ступені матывацыі і арыентацыі на Я-канцэпцыю. Акрамя таго, студэнтамі было выканана дамашняе заданне па аўдзіраванні і самастойна складзены тэксты-сачыненні з выкарыстаннем лексікі па тэме, якія папярэдне былі адпраўлены выкладчыку на праверку па электроннай пошце. Па выніках праверкі дадзеных тэкстаў былі складзены карэктуючыя лексіка-граматычныя заданні. Выкарыстанне адукацыйнага прадукта такога кшталту не толькі спрыяе засваенню матэрыялу, але і дазваляе эканоміць аўдыторны час.

Падчас адкрытых заняткаў мадэляваліся асноўныя этапы гутаркі пры працаўладкаванні па спецыяльнасці з мэтай  фарміравання ў студэнтаў неабходных моўных і сацыяльных кампетэнцый. Выкананне эўрыстычных заданняў, звязаных з засваеннем агульных правіл паводзінаў пры працаўладкаванні і распрацоўкай стратэгіі аўтапрэзентацыі (рэзюмэ, матывацыйны ліст, гутарка), дазволіла студэнтам актывізаваць базавыя веды і рэалізаваць  творчы патэнцыял.