Адкрытыя практычныя заняткі Георгія Канстанцінавіча Чахоўскага па сучаснай беларускай мове

20 сакавіка на філалагічным факультэце адбыліся адкрытыя практычныя заняткі па сучаснай беларускай мове, якія правёў дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы Георгій Канстанцінавіч Чахоўскі. Тэма заняткаў – «Нормы сучаснага беларускага вымаўлення».

Мэта заняткаў – замацаванне арфаэпічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Дасягненне гэтай мэты патрабуе вырашэння наступных задач.

Адукацыйныя задачы:

  • абагульненне і сістэматызацыя ведаў студэнтаў аб фанетыцы і арфаэпіі як раздзелах мовазнаўства, аб сістэме галосных і зычных гукаў сучаснай беларускай мовы, аб спосабах іх пісьмовага абазначэння, суадносінах гукавога і літарнага аблічча слова;
  • фарміраванне ведаў аб спецыфіцы арфаэпічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы;
  • фарміраванне ўменняў вызначаць арфаэпічныя нормы, карыстаючыся слоўнікам;
  • прывядзенне вуснага маўлення ў адпаведнасць з нормамі сучаснай беларускай мовы;
  • актуалізацыя асноўных правіл вымаўлення галосных і зычных гукаў, спалучэнняў гукаў ва ўласных і запазычаных словах.
  • Развіццёвыя задачы:
  • развіццё вуснага маўлення, мыслення, здольнасці да самаацэнкі;
  • развіццё ўменняў лагічна, паслядоўна і выразна выкладаць свае думкі, аналізаваць і сістэматызаваць вучэбны матэрыял;
  • удасканаленне ўменняў выяўляць асноўныя гукавыя працэсы, выконваць фанетычны разбор слова і транскрыбіраваць слова; ацэньваць сваё і чужое вуснае маўленне з пункту гледжання яго адпаведнасці арфаэпічным нормам сучаснай беларускай мовы;
  • удасканаленне навыкаў працы з арфаэпічным слоўнікам і ўменняў знаходзіць неабходную інфармацыю з даведачнай літаратуры і сучасных інтэрактыўных крыніц інфармацыі.
  • Выхаваўчыя задачы:
  • выхаванне паважлівага стаўлення да арфаэпічных норм беларускай літаратурнай мовы;
  • выхаванне пачуцця глыбокай адказнасці за чысціню і правільнасць вуснага беларускага маўлення.

Мэты, якія ставіліся студэнтамі перад сабой.

Рэгулятыўныя: уменне разумець ход работы, вызначаць мэты, ставіць задачы, развіваць матывы і інтарэсы.

Пазнаваўчыя: імкненне навучыцца выконваць работу канкрэтнага тыпу.

Камунікатыўныя: планаванне вучэбнага супрацоўніцтва.

Асабовыя: зразумець неабходнасць ведаў і ўменняў, якія фарміруюцца на практычных занятках (самавызначэнне і сэнсаўтварэнне).

Заняткі праводзіліся са студэнтамі 1 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія».

У працэсе правядзення заняткаў ствараліся вучэбныя сітуацыі, якія патрабавалі актыўнай пошукавай дзейнасці студэнтаў, у тым ліку самастойнай пастаноўкі праблемных пытанняў па вывучаемай тэме і пошукаў адказаў на іх з дапамогай выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных адукацыйных тэхналогій – як традыцыйных, так і новых спосабаў узаемадзеяння выкладчыка і аўдыторыі: гутарка, дыялог, раздатачныя матэрыялы, слайд-прэзентацыя, праца з мультымедыйным кантэнтам.

Метадычны сэнс увядзення эўрыстычнай гутаркі заключаўся ў дасягненні дыдактычнай мэты, а менавіта ў тым, каб уключыць студэнтаў у новую рэфлексіўную пазіцыю ў адносінах да ўласных спосабаў асэнсавання ведаў. Цэнтральнае месца ў гэтай форме арганізацыі заняткаў адводзілася не столькі кантролю над засваеннем ведаў, колькі забеспячэнню зваротнай сувязі.  Сродкамі актывізацыі выступалі пытанні да аўдыторыі, арганізацыя дыскусіі з паслядоўным пераходам яе ў дыспут, што дазволіла стварыць умовы для ўзнікнення альтэрнатыўных навуковых думак, прыцягваць увагу студэнтаў да найбольш важных пытанняў тэмы, вызначыць змест, метады і тэмп выкладу навучальнага матэрыялу з улікам асаблівасцей аўдыторыі.

Пытанні да аўдыторыі (як элементарныя, так і праблемныя) прызначаліся не толькі для праверкі ведаў, але і для вызначэння ўзроўню лінгвістычнай дасведчанасці студэнтаў па праблемах арфаэпічных норм. Прадумваючы адказы на пастаўленыя пытанні, студэнты самастойна прыходзілі да высноў і абагульненняў, разумеючы глыбіню і важнасць праблемы, што ў сваю чаргу павялічвае іх цікавасць да матэрыялу і ўзровень яго ўспрымання. Выбар пытанняў для абмеркавання ажыццяўляўся ў залежнасці ад ступені падрыхтаванасці студэнтаў і тых дыдактычных задач, якія вырашала аўдыторыя.

Выкладчык не толькі выкарыстоўваў адказы студэнтаў на пытанні, але і арганізаваў свабодны абмен меркаваннямі ў інтэрвалах паміж лагічнымі структурнымі кампанентамі заняткаў, што дазволіла актывізаваць пазнавальную дзейнасць аўдыторыі і кіраваць калектыўным меркаваннем групы, расставіць акцэнты з мэтай пераканання, пераадолення негатыўных установак і памылковых меркаванняў.

Заданні аналітыка-творчага характару былі звязаны са стварэннем сітуацый навуковага дыспуту па праблеме выяўлення адхіленняў ад літаратурнай арфаэпічнай нормы і асэнсавання іх прычын з выкарыстаннем культурна-гістарычных крыніц.

Актуальнай формай арганізацыі вучэбнай дзейнасці (разам з традыцыйнымі парнай, індывідуальнай, групавой і франтальнай) з’явілася стварэнне ўласнага «адукацыйнага прадукта». Студэнты прааналізавалі сучасныя сродкі масавай інфармацыі на прадмет адпаведнасці маўлення арфаэпічным нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, склалі рэестр аўдыяматэрыялаў, запісаны на электронныя носьбіты.

У якасці дамашняга задання студэнтам было прапанавана выканаць заданні творча-аналітычнага характару: праслухаць фрагменты вусных тэкстаў, затранскрыбіраваць іх, параўнаць вымаўленне і напісанне.

Групавое заданне на дом прадугледжвала аналіз відэазапісаў з цыклу «Сустрэчы ў БДУ» з Я. Брылём, Н. Гілевічам і Р. Барадуліным з мэтай вызначэння ролі майстроў мастацкага слова ў фарміраванні і развіцці арфаэпічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

 

Атрыманыя вынікі

Асобасныя:

студэнты ўсвядомілі сігніфікатыўную і перцэптыўную функцыі гукаў, зразумелі важнасць нарматыўнага пісьмовага і вуснага маўлення ў працэсе камунікацыі.

Метадысцыплінарныя:

студэнты ўдасканалілі ўменні працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі: тэкстамі вучэбных дапаможнікаў, слоўнікамі, інтэрнэт-рэсурсамі;

студэнты навучыліся здабываць неабходную вучэбную інфармацыю з культурна-гістарычных крыніц, выкарыстоўваць яе ў практычнай дзейнасці, абагульняць, аналізаваць вучэбны матэрыял і рабіць неабходныя высновы.

Дысцыплінарныя:

студэнты вызначылі асноўныя фанетычныя працэсы, удасканалілі навыкі правядзення фанетычнага разбору і транскрыбіравання фанетычных адзінак; навучыліся ацэньваць сваё і чужое вуснае маўленне з пункту гледжання яго адпаведнасці арфаэпічным нормам сучаснай беларускай мовы.

І. У. Таяноўская, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры:

 – Інавацыйным на праведзеных занятках з’яўляецца, у прыватнасці, актыўны зварот да асобаснага маўленча-камунікатыўнага вопыту саміх студэнтаў, да іх прафесійнага меркавання, уключэнне студэнтаў-першакурснікаў у працэс абмеркавання актуальных праблем сучаснага мовазнаўства ў якасці зацікаўленых, раўнапраўных калег. Абгрунтаваным і цікавым з’яўляецца прыцягненне сучаснай лексікаграфічнай базы, звестак з эксперыментальнай фанетыкі, што садзейнічала актывізацыі пошукава-даследчага мыслення студэнтаў.