Адкрытыя заняткі па англійскай мове ст. выкладчыка М. Л. Савасцюк

26 красавіка 2019 года ў 14:25 у аўд. 414 філалагічнага факультэта БДУ адбыліся адкрытыя заняткі старшага выкладчыка кафедры англійскага мовазнаўства Савасцюк М.Л. па англійскай мове як асноўнай для студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія». Заняткі праводзіліся ў форме аўдыторнага кантролю кіруемай самастойнай работы студэнтаў. У межах тэмы «Праблемы моладзі» студэнтам было прапанавана на працягу трох тыдняў зняць невялікія відэафільмы пра жыццё моладзі.

Перш за ўсё, гэты від задання прадугледжвае навучанне не пэўным ведам, а развіццю ўмення студэнтаў адкрываць сябе, і, праз вывучэнне сябе, адкрываць знешні свет, што з’яўляецца адным з асноўных прынцыпаў эўрыстычнага падыходу ў навучанні. Таксама, безумоўна, студэнты развіваюць творчыя і камунікатыўныя здольнасці і навыкі маўлення на англійскай мове.

У занятках прымалі ўдзел беларускія і замежныя студэнты, якія падзяліліся на тры творчыя каманды. Пасля прадстаўлення і дэманстрацыі фільмаў (працягласць 10 - 15 хвілін) адбылося абмеркаванне, у якім трэба было адказаць на шэраг пытанняў і падзяліцца сваімі ўражаннямі аб рабоце над фільмам, высновамі і адкрыццямі пра сябе і сваіх сакурснікаў, якія яны здзейснілі ў працэсе творчай дзейнасці, аб тым, як змяніліся іх погляды на некаторыя аспекты жыцця, а таксама ўражаннямі пра фільмы іншых каманд.

Паколькі сучасная моладзь захоплена сацсеткамі, здыманнем відэа і фота для іх, гэты від задання выклікаў у студэнтаў вялікую цікавасць, прынёс шмат станоўчых эмоцый, дзякуючы чаму стаў эфектыўным сродкам актуалізацыі і замацавання вывучанай лексікі, зняцця моўнага бар’еру пры маўленні на англійскай мове. Здыманне фільмаў мела не толькі высокі навучальны, але і выхаваўчы эфект, паколькі гэты від дзейнасці навучыў студэнтаў працаваць у камандзе, прыслухоўвацца да меркаванняў іншых, шукаць кансэнсус, зрабіў групу больш з’яднанай, даў магчымасць паглядзець на сябе з боку, лепш зразумець не толькі сябе і аднагодкаў, але і іншыя пакаленні.

Заняткі наведалі выкладчыкі філалагічнага факультэта, вядучы спецыяліст вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі, а таксама студэнты аддзялення англійскай філалогіі. Была атрымана  высокая ацэнка заняткаў, метадычныя распрацоўкі, выкарыстаныя на іх, было прапанавана апублікаваць на міжвузаўскім партале крэатыўнай адукацыі didact.bsu.by.