Адкрытыя заняткі па англійскай мове cт. выкладчыка М. Р. Груздзіловіч

4 красавіка 2019 года старшы выкладчык кафедры англійскага мовазнаўства Марыянна Рыгораўна Груздзіловіч правяла адкрытыя практычныя заняткі па англійскай мове для студэнтаў 4 курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія» (англійская як другая замежная мова) на тэму «Праблемы жыцця ў вялікім горадзе».

Мэтай практычных заняткаў было выкарыстанне эўрыстычнага падыходу ў развіцці і ўдасканаленні маўленчых уменняў і навыкаў студэнтаў. Перад заняткамі студэнтам было дадзена заданне правесці самастойны пошук інфармацыі па адной з выбраных праблем жыцця ў вялікім горадзе на прыкладзе горада Мінска і стварыць праект. На занятках студэнты прадставілі свае праекты па абранай праблеме: што ў Мінску ўжо зроблена, а што можна яшчэ зрабіць, каб палепшыць якасць жыцця ў нашым горадзе. Студэнты прапанавалі свае шляхі вырашэння праблем. Падчас прадстаўлення праектаў яны карысталіся інавацыйна-наглядным прыёмам “майнд-карты”. Пасля прадстаўлення праектаў адбылося абмеркаванне вылучаных праблем – студэнты адзначылі плюсы і мінусы прапанаваных шляхоў вырашэння кожнай праблемы (усяго абмяркоўвалася сем праблем). Пасля абмеркавання студэнтам было прапанавана прадставіць сябе рознымі катэгорыямі грамадзян горада і пералічыць праблемы па ступені важнасці ў адваротным парадку – ад сёмай да першай і растлумачыць, чаму яны выбралі менавіта такі парадак. Студэнты самі ўбачылі, што спіс праблем змяняецца, калі на іх глядзець з розных пазіцый.

Пасля гэтага студэнты ўявілі, што яны з’яўляюцца мэрам горада Мінска і склалі прыярытэтны спіс праблем быццам бы з яго пункту гледжання мэра: “Што б вы зрабілі ў першую чаргу, а што – пасля, калі б былі мэрам горада” і гэтак далей. Пры гэтым студэнты тлумачылі, чаму яны робяць менавіта такі выбар.

У канцы заняткаў студэнты стварылі свой адукацыйны прадукт – “зварот” да мэра горада з прапановамі вырашэнняў праблем, якія існуюць у горадзе Мінску.

Каб зацікавіць студэнтаў і прысутных і каб атмасфера на занятках была нязмушанай і дабразычлівай, у самым пачатку заняткаў ўсе праспявалі прыгожую песню, якая дапамагла студэнтам сфармуляваць тэму заняткаў. На працягу заняткаў выкладчык правяла некалькі кароткіх віктарын: аб самых вялікіх гарадах свету ў 2018 годзе, аб Мінску і аб «скайлайнах” (skylines) вядомых гарадоў свету.

Такім чынам, перад заняткамі студэнты правялі актыўную пошукавую дзейнасць, у тым ліку яны самастойна ставілі праблемныя пытанні па вывучаемай тэме і шукалі адказы на пытанні з дапамогай інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Падчас заняткаў студэнты прымянілі на практыцы інавацыйны эўрыстычны падыход да навучання: яны ажыццявілі асобасна-значныя адкрыцці навакольнага жыцця на прыкладзе рэальнага аб’екту; прадэманстравалі разнастайнасць магчымых рашэнняў жыццёвых праблем, а таксама сваю творчую самарэалізацыю. У працэсе выканання задання і на працягу  заняткаў студэнты не толькі развілі свае камунікатыўныя навыкі, але і задумаліся над праблемамі жыцця ў Мінску і паспрабавалі знайсці шляхі іх вырашэння.