Адкрытыя практычныя заняткі Жукавай Юліі Аляксандраўны па другой замежнай (англійскай) мове

3 мая 2019 на філалагічным факультэце БДУ былі праведзены адкрытыя заняткі старшага выкладчыка кафедры англійскага мовазнаўства Жукавай Ю.А. па другой замежнай мове (англійскай) для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія”. Заняткі праводзіліся ў форме аўдыторнага кантролю кіраванай самастойнай працай студэнтаў.

Студэнтам было прапанавана зняць відэаролікі працягласцю 2-5 хвілін па тэме «Студэнт-філолаг БДУ». Асноўная ідэя заняткаў – даць магчымасць максімальнага творчага самавыяўлення з улікам індывідуальных здольнасцей студэнтаў, стварэнне свайго творчага прадукту. Тэма заняткаў матывавала студэнтаў падысці да выканання задання з высокім узроўнем энтузіязму і адкрыць у сабе і для сябе нешта новае. Студэнты зрабілі свае адкрыцці, убачылі вынікі, прэзентавалі іх аўдыторыі і самастойна ацанілі сваю працу. Усе відэаролікі адлюстроўвалі розныя аспекты жыцця студэнтаў-філолагаў БДУ. Былі прадэманстраваны ўменні выкарыстоўваць набытыя веды і даследчы вопыт.

У перапынках паміж праглядам відэаролікаў студэнтам былі прапанаваны сітуацыі, якія патрабавалі актыўнай пошукавай дзейнасці, а таксама праблемныя пытанні, якія выклікалі інтарэс і выяўленне яшчэ не вывучаных, але не менш актуальных праблем для далейшай працы. Абмен думкамі актывізаваў пазнавальную дзейнасць студэнтаў, паспрыяў развіццю прафесійнай кампетэнцыі і ўдасканаленню камунікатыўнай. Па выніках самааналізу і абмеркавання была складзена кагнітыўная карта па тэматыцы заняткаў. Стварэнне пазітыўнай атмасферы на занятках спрыяла развіццю ўвагі і ўспрыманню, зняццю моўнага бар’ера, асэнсаванню і абагульненню атрыманай інфармацыі.

Заняткі наведалі загадчык кафедры англійскага мовазнаўства філалагічнага факультэта, выкладчыкі кафедры, вядучы спецыяліст вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі і студэнты філалагічнага факультэта.