Адкрытыя практычныя заняткі па дысцыпліне «Гісторыя літаратуры краіны вывучаемай мовы (балгарская)»

15 мая на філалагічным факультэце адбыліся адкрытыя практычныя заняткі па гісторыі балгарскай літаратуры са студэнтамі 1 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія» старшага выкладчыка кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Самахвала С.І. на тэму «Эпідэйктычнае красамоўства Грыгорыя Цамблака на прыкладзе “Слова на адсячэнне галавы святога і слаўнага прарока і хрысціцеля Іаана”». Мэта дадзеных заняткаў – раскрыць жыццёвы і творчы шлях Г. Цамблака, акрэсліць яго значэнне ў гісторыі паўднёва-і ўсходнеславянскіх літаратур. Мэта дасягалася праз вырашэнне наступных адукацыйных, развіваючых і выхаваўчых задач:

1) сістэматызаваць творчую спадчыну пісьменніка, даць азначэнне паняццям «слова» (як жанр літаратуры), «эпідэйктыка», «другі паўднёваславянскі ўплыў»;

2) развіваць здольнасць студэнтаў да сістэматызацыі ведаў, абагульнення, параўнання; уменне праводзіць ўзаемасувязі, правільна, граматна, доказна і красамоўна выказваць думкі;

3) выхоўваць спачуванне, пачуццё адказнасці за здзейсненыя ўчынкі, любоў і пільнасць да слова.

На занятах былі задзейнічаны розныя формы і метады працы – «перакулены класны пакой» (flipped classroom), відэа-тэхналогіі, анлайн-тэставанне.

Прыём «перакулены класны пакой» прадугледжваў, што студэнты загадзя падрыхтавалі творчыя заданні па тэме –  прэзентацыю па жыццёвым шляху балгарскага пісьменніка XIV - XV стст., віктарыну, крыжаванкі, якія актыўна абмяркоўваліся і выконваліся астатнімі студэнтамі групы. Таксама на занятках было паказана відэа, на якім былі прадстаўлены як студэнты розных курсаў і спецыяльнасцей, так і выкладчыкі філалагічнага і гістарычнага факультэтаў БДУ (Іваноў К.І., Самахвал С.І., Кімбар А.). Кожны з іх выказаў свой пункт гледжання аб вялікай ролі Г. Цамблака і ўплыве, які ён аказаў на славянскія літаратуры ў перыяд Сярэднявечча. На працягу заняткаў выкарыстоўваўся метад праблемнага навучання, эўрыстычнай гутаркі – студэнты ў гульнявой форме і форме дыскусіі абмяркоўвалі твор, вызначалі асаблівасці «стылю пляцення славес». Была адзначана і актуальнасць тэмы твора, яе шматлікае пераасэнсаванне ў самых розных жанрах сусветнага мастацтва. Асобна адзначаны і даследчыкі творчасці Г. Цамблака – славісты А.І. Яцымірскі, А.І. Сабалеўскі, Дз. С. Ліхачоў, а таксама даследчыя працы і пераклады Т.П.Казаковой. Напрыканцы заняткаў студэнтам было прапанавана прайсці анлайн-тэст, створаны праз праграму www. kahoot.com.

Такім чынам, на занятках была выкарыстана як індывідуальная, так і парная, а таксама групавая віды працы, выкарыстоўваліся метады праектнага і праблемнага навучання, эўрыстычная гутарка, відэа-тэхналогіі і навучальныя гульні. Заняткі прайшлі ў добразычлівай цікавай і пазнавальнай форме. Былі задзейнічаны ўсе студэнты, якія праяўлялі інтарэс, актыўнасць і творчыя здольнасці.

]