Выстава творчых работ студэнтаў, прысвечаная 95-годдзю БДУ

18 кастрычніка ў кабінеце-музеі беларускай народнай культуры філалагічнага факультэта (аўд. 319) адкрылася выстава творчых работ студэнтаў, прысвечаная 95-годдзю БДУ. У межах рэалізацыі юбілейнага праекта “Студэнты ўніверсітэту” Саюз жанчын БДУ сумесна са студэнцкай прэс-службай філалагічнага факультэта ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу ў шэрагу намінацый,  у межах якіх філолагі праявілі сябе не толькі ў мастацтве слова, але і ў іншых творчых напрамках: літаратурная творчасць (паэтычны і празаічны твор), фатаграфія, малюнак, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Гасцей мерапрыемства, сярод якіх было мноства замежных студэнтаў, шчодра пачаставалі беларускімі яблыкамі, а студэнты з Туркменістана, якія сталі героямі адной з конкурсных фотаработ, пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры англійскага мовазнаўства Груздзіловіч Марыяны Рыгораўны выканалі беларускую народную песню “Чорна галка”. Пасля гэтага з прывітальным словам да прысутных звярнулася старшыня Саюза жанчын БДУ Казакова Ірына Валер’еўна і абвясціла пачатак ўзнагароджання пераможцаў конкурсу.

У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” перамагла Базарава Маўлюда, студэнтка 5 курса англійскай філалогіі з Туркменістана, якая зрабіла аплікацыю з элементамі малюнка.

У намінацыі “Фотаздымак” атрымала перамогу студэнтка 3-га курса англійскай філалогіі Шпартава Настасся, чые работы можна ўбачыць і ў афіцыйнай групе філалагічнага факультэта ў сацыяльнай сетцы “Укантакце”.

У літаратурнай намінацыі са сваёй “Одай філолагам” лепшай стала студэнтка 3-га курса рускай філалогіі Юлія Фельчарава.

“Жаночыя вобразы класічнай філалогіі” прынеслі перамогу ў намінацыі “Малюнак” Марыі Якута, студэнтцы 5-га курса славянскай філалогіі.

А сярод эсэ лепшым стала сачыненне аб родным горадзе Ваўкавыску Марыі Жмайлік, студэнткі 2-га курса беларускай філалогіі.

Акрамя таго, магістрантка філалагічнага факультэта Лахоўская Ганна, якая ўпрыгожыла выставу сваёй работай у тэхніцы фрывалітэ, атрымала ў падарунак ад Цярэнцьевай Юліі Мікалаеўны, майстра фрывалітэ, выкананую ў гэтай самай тэхніцы пляцення “Папараць-кветку” – сімвал пазнання, сімвал БДУ.

Пераважная большасць прызоў цалкам адпавядае духу ўніверсітэта, бо “кніга – найлепшы падарунак”. “Санеты Янкі Купалы”, “Беларусь і беларусы ў прасторы і часе” папоўнілі ўласныя бібліятэкі нашых пераможцаў. Узнагароджаны таксама былі і госці з гістарычнага факультэта – Клуб экскурсаводаў БДУ “IN VIA”, які садзейнічае развіццю турызму ў Беларусі.

Актыўны ўдзел у конкурсе многіх факультэтаў сведчыць не толькі аб жаданні студэнтаў перамагчы, але і аб іх шчырай любові да сваёй альма-матар. Старшыня студэнцкай прэс-службы філалагічнага факультэта Рабко Настасся адзначыла, што сапраўды рада такому мноству ўдзельнікаў і іх крэатыўным ідэям. “Удзельнічайце яшчэ!” – заклікае Настасся.