“Візітоўкі першакурснікаў”

Памятаем, некалькі тыдняў таму назад першакурснікі філалагічнага факультэта пабывалі на Мінскім моры, атрымаўшы сапраўдны зарад эмоцый і энергіі на будзённую, плённую работу студэнта: шматлікія лекцыі, практычныя заняткі, семінары, кантрольныя работы і мноства бяссонных студэнцкіх начэй на падрыхтоўку. Каб дапамагчы хлопцам і дзяўчатам крыху пераключыць увагу са штодзённага вучэбнага працэсу, Студэнцкі саюз філалагічнага факультэта на чале з Анастасіяй Елісеевай арганізаваў традыцыйнае ўжо маштабнае мерапрыемства “Візітоўкі першакурснікаў”, скіраванае на творчую самапрэзентацыю і раскрыццё ўсебаковых студэнцкіх талентаў.

3 лістапада 2016 года ў актавай зале нашага факультэта не засталося пустых месцаў, бо кожнаму, як студэнтам, так і выкладчыкам, хацелася ўбачыць, што ж было падрыхтавана стараннымі намаганнямі перашакурснікаў на працягу амаль месяца. Куратары груп, а таксама “цэнзары” мерапрыемства Конеў Ілля, Аўчыннікаў Уладзіслаў і Бабак Раман вельмі перажывалі за каманды, бо ўжо з першых рэпетыцый стала відавочным, што кожная каманда вартая перамогі! Кожная мае сваю адметнасць, як кажуць, сваю разынку.

Вядучыя Ганна Бенько і Іван Жукаў таксама актыўна падтрымлівалі кожную каманду на працягу ўсяго мерапрыемства і дапамагалі вырашаць любыя пытанні выступоўцам. Адну за другой яны аб’яўлялі каманды, якія выходзілі на сцэну і дэманстравалі ўдзячным гледачам свае шматгранныя таленты. Так, напрыклад, першы блок мерапрыемства адкрывала каманда 8-й англійскай групы (куратары Гуль Таццяна, Чамяроўская Кацярына), якая распавядала пра няпросты лёс звычайнай прыбіральшчыцы. За вобраз цёткі Валі Краўцэвіч Юлія атрымала прыз у намінацыі “лепшая жаночая роля”.

Наступнымі выступалі гарачыя хлопцы і дзяўчаты з 19-й усходняй групы (куратары Кавалёва Кацярына, Ціханенка Валерыя). Выступленне ўразіла вялікай колькасцю танцавальных пастаноў. Гісторыя аб сямі тыповых аднагрупніках, якую расказала гэта каманда, была блізкая кожнаму прысутнаму ў зале. За цудоўную пастаноўку каманда атрымала прыз глядацкіх сімпатый.

Куратары 10-й нямецкай групы Жылко Улада і Істраніна Юлія прадставілі гледачам відэа, якое вучыць кожнага студэнта, асабліва першакурсніка, як неабходна правільна вырашаць розныя складаныя сітуацыі, звязаныя з вучэбным працэсам.

Гісторыя пра Чарлі Чапліна завяршала першы блок мерапрыемста (12-я італьянская група, куратар – Мурашка Аляксей).  Асабліва хочацца адзначыць, што ў выступленні гэтай групы прыняў удзел дацэнт нашага факультэта Навумовіч Уладзімір Аляксандравіч, які цудоўна прадэкламаваў верш Барыса Пастэрнака “Свеча горела”.

Другі блок адкрыла 5-я руская група (куратары Шляхціна Марыя, Ярашчук Яўгенія) і распавяла нам рэальную гісторыю пра  падрыхтоўку да візітовак – гісторыю, якая адбываецца на філфаку штогод, вылучала ў пастаноўцы момант, калі трэба несці гатовы сцэнарый цэнзарам. Каманда ўразіла тым, як шчыра можна смяяцца над сваімі ўласнымі памылкамі, і тым самым унесла ў свой нумар павучальны элемент.

Вельмі нестандартна падышла да паказу рэальнай сітуацыі 13-я славянская група (куратары Краўчанка Валерыя, Сцяпанава Лізавета, Бардзенюк Лізавета). Нежывыя рэчы (студэнцкі білет, помнік Францыску Скарыну, аўтамат для пячаткі дакументаў) раптам ажылі! Першакурснікі паказалі жыццё неадушаўлёных прадметаў на філфаку цікава і з гумарам.

9-я англійская група (куратары Сныткіна Юлія, Францішава Яўгенія), якая завяршала другі блок, прэзентавала на сцэне гісторыю студэнта з вёскі, яго цяжкасці і выпрабаванні. А таксама група расказала кранальную гісторыю пра сувязь пакаленняў на філфаку.

Трэці блок распачала 14-я славянская група: разам са сваімі куратарамі Дуднік Марыяй і Катушкінай Анастасіяй яны вырашылі дагадзіць адразу тром цэнзарам, сумясціўшы ў сваім выступленні новае, камічнае і кранальнае. Навамодны філфакаўскі варыянт усім вядомай «Applepen» “разарваў” залу гучным смехам. Прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымаў Віктар Есін.

11-я французская група (куратары Галоўчык Вікторыя, Кавалеўская Марына) змагла пераканаць студэнтаў з мінулага, што адсутнасць перамен на філфаку мае свае плюсы. Агітацыя прайшла пад лозунгам: «Не трэба прыгожа апранацца, калі не здымаеш паліто».

Жмайлік Марыя і Карцава Ганна, куратары першай беларускай групы, вырашылі пераўвасобіць сарамлівых дзяўчат у вядомых пісьменнікаў і паэтаў і ўнеслі ў іх вобразы штосьці сучаснае. Так, напрыклад, Максім Багдановіч, Максім Горкі, Уільям Шэкспір, Іаган Гётэ з’явіліся дзяўчыне-абітурыентцы ў сне, чыталі рэп пра філфак як аб месцы для творчых людзей.

Хутка скончыліся нумары першакурснікаў, адзнакі былі выстаўлены, і журы неабходна было падлічыць балы, каб аб’явіць пераможцаў. Пакуль журы вызначала лепшых з лепшых, куратарская служба ўзнагародзіла дыпломамі пераможцаў у конкурсе відэа. Перамогу тут атрымалі дзяўчаты 1 беларускай групы з відэа пад назвай “Судный день”. Таксама была ўзнагароджаная 8-я англійская група, якая перамагла ў конкурсе на лепшы фотаздымак сваёй каманды.

За гэты час паспелі прыйсці да высноў члены журы. Усе з нецярплівасцю чакалі вынікаў! Па падліках журы, якое ўзначальваў дэкан І.С. Роўда, бясспрэчную перамогу атрымала 14-я славянская група, якая набрала максімальны бал – 58. За імі па колькасці балаў –  12-я італьянская група – 49 балаў і 8-я англійская  – 48 балаў. Святочную атмасферу ў зале дапамаглі стварыць нашы замежныя студэнткі, якія праспявалі песню на рускай мове.

Было бачна, што першакурснікі атрымалі захапленне ад сваіх выступленняў, настрой іх быў бадзёрым і вясёлым. Кожны год моладзь дэманструе, што філалагічны факультэт – надзвычай творчы і тут няма калі сумаваць.