Педагагічная практыка студэнтаў 5 курса

16 лютага 2017 года на Савеце філалагічнага факультэта ў ліку іншых пытанняў разглядаецца пытанне аб педагагічнай практыцы студэнтаў 5 курса (справаздачы агульных факультэцкіх кіраўнікоў). У гэтай сувязі яшчэ раз адзначым асобныя цікавыя бакі атрыманага практычнага вопыту. Характарыстыкі практыкантаў, падрыхтаваныя ва ўстановах адукацыі по выніках педагагічнай дзейнасці, сведчаць аб належным узроўні ведаў і практычных уменняў студэнтаў. Базавыя ўстановы адукацыі адпавядаюць мэтам і задачам педагагічнай практыкі студэнтаў (спецыяльнасцяў "Беларуская філалогія", "Руская філалогія", "Славянская філалогія").

Так, у водгуках ад адміністрацый ўстаноў будучага працаўладкавання зафіксавана, што студэнты падчас педагагічнай дзейнасці паказалі сябе добрасумленнымі, дысцыплінаванымі, з высокім узроўнем падрыхтаванасці, выкарыстоўвалі мэтазгодныя і перспектыўныя метады і прыёмы, новыя адукацыйныя тэхналогіі. Практыканты праявілі актыўнасць, адказнасць, любоў да дзяцей. За перыяд практыкі былі набытыя і ўдасканаленыя разнастайныя ўменні і навыкі практычнай дзейнасці, што заслугоўвае належнай высокай ацэнкі.

Вучэбныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы дазвалялі абудзіць, падтрымаць і абвастрыць у навучэнцаў цікавасць да мовы і літаратуры, узмацніць валоданне ўменнямі калектыўнай і індывідуальнай працы, матывацыю да атрымання новых ведаў па прадметах.

Асобныя кадры з фотагалерэі практыкі змясцілі тлумачэнні, перакананні і экспрэсію, адлюстраванне творчых, артыстычных здольнасцяў студэнтаў і канцэптуальнай задумы заняткаў, шчыльную апору на вучэбную кнігу і мультымедыя, касцюмаваныя ролевыя гульні і інсцэніроўкі народнага тэатру, выяўленчае мастацтва вучняў і практыкантаў, крылатыя ўзмахі ўказкі і шматзначнасць позірку, іскрысты гумар і пранікнёную сур'ёзнасць…

На выніковых сходах захапляльна і бліскуча абаранялі свае справаздачы-праекты амаль усе студэнты. Многія студэнты ў справаздачах рабілі сугучныя вывады: "Падчас праходжання практыкі ў якасці настаўніка-практыканта мовы і літаратуры я працавала са шчырым захапленнем і цікавасцю, але адчула складанасць і адказнасць гэтай працы".